Кавярня «Крепкий белый» на Замкавай, 10 у Гродне будзе працаваць да 31 кастрычніка. Уладальнікі абвясцілі пра завяршэнне гісторыі праектаў «Крепкие», але абяцаюць вярнуцца — у новым месцы з той жа камандай.

У акаўнце ўстановы ў Instagram яны падзякавалі гасцям за шэсць з паловай гадоў разам і запрасілі зайсці перад закрыццём. Прычыны свайго рашэння не назвалі.

Лакацыю прапануюць купіць з правам арэнды

Кавярню «Крепкий белый» гатовыя прадаць разам з усёй маёмасцю і правам арэнды. Па падрабязнасці прапануюць звяртацца ў дырэкт.

«Нам сапраўды вельмі сумна, але калі зачыняюцца адны дзверы, адчыняюцца іншыя. Таму мы не развітваемся і хутка ўбачымся», — кажуць уладальнікі.

Фармат і тэрміны запуску новага праекта пакуль не раскрываюць.

«Дзякуючы вашым напоям я змагла напісаць тры раздзелы дысертацыі»

Пад публікацыяй наведвальнікі згадваюць сустрэчы ў кавярні, дзякуюць камандзе і жадаюць поспехаў. Для некаторых гасцей «Крепкие» сталі часткай штодзённага жыцця.

«Як сумна. Дзякуючы вашым шыкоўным напоям я змагла напісаць 3 раздзелы ў сваёй дысертацыі. Хадзіла да вас як на працу», — падзялілася адна з наведвальніц.

Іншая напісала, што «Крепкий черный» дапамог ёй перажыць два самыя складаныя гады на дзвюх працах, а дзякуючы «Крепкому белому» яна цяпер «вывозіць дэкрэт».

У каментарыях кавярню называюць месцам цёплых сустрэч і ўспамінаў. Адна з госцяў расказала, што падчас прыездаў у Гродна сустракалася тут з дачкой-студэнткай. Іншыя дзякуюць уладальнікам за канцэпцыю і пішуць, што чакаюць новых праектаў.

«Белый» адкрывалі як працяг «Черного»

«Крепкий белый» адкрыўся у кастрычніку 2022 года на другім паверсе бізнес-цэнтра «На Замкавай». Кавярня пазіцыянавала сябе як vegan і pet-friendly — з раслінным меню і магчымасцю прыходзіць з гадаванцамі.

«Белы — гэта працяг Чорнага, гэта інь і ян. Мы робім так, як адчуваем! З душой, з любоўю, з гумарам і дураслівасцю», — пісалі ўладальнікі перад адкрыццём.

Меню шмат у чым паўтарала прапанову «Крепкого черного», які ўжо працаваў на Шчорса, а інтэр’ер пабудавалі на супрацьлегласці: замест цёмных тонаў — светлыя сцены і прастора пад дахам. У кавярні таксама была вялікая тэраса з відам на Дом быту.

«Крепкий черный» на Шчорса закрыўся яшчэ ў красавіку

«Крепкий черный» у Kazzarma Mall на Шчорса, 11 спыніў працу ў красавіку 2026 года, праз шэсць гадоў пасля адкрыцця. Тады, мяркуючы па ўсім, установа пераязджала на новае месца недалёка ад старога.

Пазней у Instagram кавярні з’явілася відэа, на якім шыльду вешалі на будынку на Пралетарскай, 4а.

Цяпер у «Яндэкс Картах» у «Крепкого черного» пазначаны адрас на Пралетарскай, але стаіць адзнака «Больш не працуе».

Мінскі філіял у сакавіку 2026 года таксама змяніў лакацыю — пераехаў у творчую прастору М21. Там установу адкрылі ў калабарацыі з брэндам адзення Mechta.

«Крепкие» прыцягвалі гасцей не толькі кавай: у гродзенскіх установах ладзілі ранішнія кава-рэйвы, а ў мінскай — бегабранчы, сумесныя прабежкі з познім сняданкам. Таксама каманда запускала школу барыста.