Таксіст з Беластока Уладзіслаў Надзейка вярнуўся ў Беларусь падчас абмену “пяць на пяць”, у межах якога Польшча і Беларусь абменьваліся зняволенымі. Абмен адбываўся ў красавіку 2026, тады ў ліку тых, хто выйшаў на волю, быў Анджэй Пачобут. Цяпер жа польскае медыя TVP Info апублікавала падрабязнасці, звязаныя са справай Уладзіслава Надзейкі.

Уладзіславу Надзейку 33 гады, ён родам з Гродна. У Беласток ён прыехаў у 2020 годзе разам з хваляй палітычных эмігрантаў.

Для прыкрыцця сапраўднай дзейнасці Надзейка нібыта працаваў таксістам. Па словах крыніц TVP Info, “было відавочна, што ён наогул не працаваў”. Знаёмыя Надзейкі сцвярджаюць, што ён траціў на арэнду аўтамабіля каля 3200 злотых, яшчэ 3000 злотых сыходзіла на арэнду жылля. Мужчына ўжываў алкаголь кожны вечар і казаў, што ў мінулым зарабляў кантрабандай – і гэтых грошай яму “хопіць на ўсё жыццё”.

Надзейка хутка зблізіўся з беластоцкай харугвай “Паспалітага рушэння”. Паводле інфармацыі, атрыманай польскімі журналістамі, менавіта Надзейка перадаў КДБ імёны ўдзельнікаў.

У лютым 2025 года Надзейка наведваў Будапешт — там беларус сустракаўся з супрацоўнікамі КДБ. У далейшым атрымаў заробак у еўра.

Супрацоўнікі Агенцтва нацыянальнай бяспекі Польшчы затрымалі Уладзіслава Надзейку ў пачатку верасня 2025 года. Абмянялі беларускага шпіёна ў красавіку 2026 года.

Чытайце таксама: “КДБ у Гродне спрабаваў мяне вярнуць”. Яўген Дудкін пра жаданне быць карысным, магілёўскія стэрэатыпы і будучыню Альшанкі