3 лістапада ў Беластоку адбудзецца Дзень святога Губерта — нефармальная сустрэча гродзенцаў і ўсіх, хто любіць Гродна. У праграме — прэзентацыя старых фота горада, акустычны канцэрт Алеся Дзянісава і фінал забегу «След Святога Губерта». Уваход вольны.

Гродзенцы ладзяць у Беластоку нефармальны «дзень горада» ўжо чацвёрты год запар. Сёлета імпрэза ўпершыню пройдзе ў Цэнтры імя Людвіка Заменгофа. Сустрэча мае сабраць землякоў, каб яны маглі пабачыцца з сябрамі, пагаварыць і ўшанаваць заступніка свайго горада.

Арганізатары падкрэсліваюць: далучыцца могуць не толькі ўраджэнцы горада, але і ўсе, хто любіць Гродна.

Наведнікі пабачаць прэзентацыю «Гродна 7300 дзён таму» са здымкамі гродзенскага фатографа і рэжысёра Максіма Шведа, зробленымі ў 2006–2010 гадах. Кожны зможа ацаніць, як змяніўся горад за апошнія 20 гадоў.

Чакаюцца і актыўнасці: лепш пазнаёміцца адзін з адным дапаможа гульня “гродзенскае бінга”, а праверыць веды пра родны горад можна будзе ў віктарыне.

Падчас вечара падвядуць вынікі акцыі «След Святога Губерта» і ўручаць яе ўдзельнікам памятныя медалі. З акустычным канцэртам выступіць гродзенскі музыка Алесь Дзянісаў, вядомы па гурце Dzieciuki. Прадугледжаны і пачастунак.

Сустрэча пачнецца 3 лістапада а 18:00 у Centrum im. Ludwika Zamenhofa па адрасе ul. Warszawska 19, Białystok. Сачыць за абнаўленнямі можна ў падзеі ў Facebook.

Чытайце таксама: Твой горад у кожным кроку! Hrodna.life запускае віртуальны забег «След Святога Губерта»

Як Дзень святога Губерта стаў нефармальным днём Гродна

Дзень святога Губерта, якога лічаць заступнікам Гродна, адзначаюць 3 лістапада. Традыцыя грамадскага святкавання гэтага дня склалася ў канцы 2000-х гадоў. Гісторыкі і актывісты ладзілі навуковыя канферэнцыі, выдавалі зборнікі артыкулаў, уручалі прэмію імя Юзафа Ядкоўскага. Да гэтай даты прымяркоўвалі прэзентацыі кніг і календароў пра Гродна, выступы музыкаў. Так склаўся альтэрнатыўны дзень горада, які арганізоўвала сама гарадская супольнасць. Пазней свае афіцыйныя мерапрыемствы пачалі праводзіць і ўлады. Нават сёлета Дзень Губерта адзначаюць у Гродне – святочныя мерапрыемствы пройдуць у Новым замку.

Пасля 2020 года традыцыю працягнулі ў Польшчы. У эміграцыі свята стала нагодай сустрэцца з землякамі, захаваць сувязь з родным горадам і яго культурай. На папярэдніх сустрэчах у Беластоку ў 2023-2025 гадах удзельнікам дарылі прывезеныя з Гродна каштаны са сквера на месцы Фары Вітаўта і ваду з Нёмана.

Хто такі святы Губерт і як ён звязаны з Гроднам

Святы Губерт — хрысціянскі біскуп і місіянер, які жыў у VII–VIII стагоддзях і служыў у Льежы, на тэрыторыі сучаснай Бельгіі. Яго шануюць як заступніка паляўнічых. Паводле легенды, у маладосці Губерт вёў разгульны лад жыцця, але аднойчы падчас палявання ўбачыў аленя з крыжам паміж рагамі. Гэтая сустрэча натхніла яго змяніць жыццё і стаць святаром.

На гербе Гродна размешчана выява аленя з крыжам паміж рагамі, які пераскоквае праз агароджу — гэта так званы алень святога Губерта. Гарадскія пячаткі з гэтай выявай вядомыя з XVI стагоддзя. Праз гэты сімвал на гарадскім гербе святога Губерта сталі лічыць і заступнікам Гродна.