У Гродне каля паўгода гуляе жаночая каманда па лакросе «Кіты». Гэта першая і пакуль адзіная такая каманда ў горадзе. Лакрос у Беларусі яшчэ мала вядомы, але каманды ўжо ёсць, напрыклад, у Мінску, Жлобіне і Брэсце. У ліпені «Кіты» дэбютавалі на таварыскіх гульнях у сталіцы, дзе сабраліся каманды з пяці гарадоў.
У камандзе некалькі дзяўчынак ад 12 гадоў — летам іх было дзевяць. Тады гродзенкі трэніраваліся на вуліцы, а цяпер займаюцца ў спартзале школы № 7. Пра трэніроўкі і гульні ўдзельніцы расказваюць у сваім Telegram-канале.
Канал з’явіўся ў красавіку, «афіцыйныя» трэніроўкі пачаліся ў чэрвені 2026 года — з раскладам і поўным складам. Пасля трэніровак дзяўчаты ладзяць пікнікі, весяляцца і абедаюць. У жніўні ў дзяўчат з’явіўся маскот — кіт Арсеній.
24 кастрычніка да «Кітоў» у Гродна прыязджала мінская каманда Tenjiku. Каманды разам патрэніраваліся і згулялі.
5 лістапада гродзенкі з’ездзілі ў Брэст, дзе сустрэліся з мясцовымі «Кобрамі» і гомельскімі «Каршунамі». Разам яны правялі дзве гульні ў фармаце 6×6, расказалі «Кіты».
Гродзенская каманда цяпер шукае новых гульцоў. Удзельніцы пакуль не могуць даць навічкам рыштунак, але абяцаюць пашукаць рашэнне — кантакт для запісу ёсць у Telegram-канале «Кітоў».
Што такое лакрос
Лакрос — камандная гульня з невялікім гумовым мячом. Гульцы ловяць і перадаюць яго клюшкамі з сеткаватай кішэняй. Перамагае каманда, якая закіне больш мячоў у вароты саперніка.
Лакрос вырас з традыцыйных гульняў карэнных народаў Паўночнай Амерыкі. Правілы сучаснай гульні пачалі афармляцца ў Канадзе ў XIX стагоддзі. Лакрос уваходзіў у праграму Алімпіяд 1904 і 1908 гадоў, а ў 2028-м вернецца на Гульні ў Лос-Анджэлесе ў фармаце 6×6.

Як развіваюць лакрос у суседніх краінах
Лакрос ужо амаль 20 гадоў развіваецца ў суседніх краінах. Напрыклад, першы польскі клуб па лакросе, Poznań Hussars, з’явіўся у Познані ў снежні 2007 года. У сакавіку 2008-га ва Уроцлаве заснавалі Kosynierzy Wrocław. Ужо 17 красавіка гэтыя каманды згулялі першы ў Польшчы матч па лакросе. Сустрэча ва Уроцлаве скончылася ўнічыю — 5:5.
У 2009 годзе ў Польшчы з’явіліся першыя жаночыя каманды — Kosynierki Wrocław і Sztorm Warszawa. Цяпер у краіне ёсць мужчынская і жаночая лігі. У ліпені 2026 года Уроцлаў прыняў першы чэмпіянат свету па жаночым лакросе ў другім дывізіёне.
У Расіі першая каманда па лакросе сабралася ў Маскве ў 2007 годзе. У 2010-м у лакрос пачалі гуляць у Санкт-Пецярбургу, а ў 2014-м расійская зборная ўпершыню выступіла на чэмпіянаце свету ў Дэнверы.
Загад Мінспорту Расіі № 720, якім лакрос унеслі ва Усерасійскі рэестр відаў спорту, уступіў у сілу 3 кастрычніка 2026 года. Паводле слоў расійскага трэнера Дзмітрыя Хаміна, гэты статус дазволіць праводзіць афіцыйныя чэмпіянаты і прысвойваць спартыўныя разрады.
Як развіваюць лакрос у Беларусі
19–20 чэрвеня Дзмітрый Хамін прыязджаў у Беларусь па запрашэнні мінскай каманды «Гарпіі». Разам з дзвюма ўдзельніцамі каманды ён пабываў у Міністэрстве спорту і турызму. Паводле яго слоў, там ім патлумачылі, якія крокі патрэбныя для афіцыйнага прызнання лакросу ў Беларусі. Хамін адзначыў, што працэдура падобная да расійскай. Пра паездку ён расказаў у Instagram.
У першы дзень Хамін правёў трохгадзінную трэніроўку. Удзельніцы адпрацоўвалі вядзенне мяча, змену рук і кідкі па варотах. «Некаторыя дзяўчаты навучыліся кідаць з-за спіны», — напісаў трэнер.
На наступны дзень прайшоў турнір па лакросе, які Хамін назваў першым у гісторыі Беларусі. У першым матчы мінчанкі абыгралі аб’яднаную каманду з Гродна і Жлобіна. У другім удзельніцы падзяліліся на два склады. Каманда А перамагла з лікам 3:1.



