Мураванку Храптовічаў у вёсцы Шчорсы Гродзенскай вобласці прадалі з аўкцыёну за 94,5 руб. Уладальнікам нерухомасці стаў бізнесмен з Мінска, які займаецца будаўніцтвам дарог. У фальварку ён плануе адкрыць гатэль і кафэ для турыстаў.

Прадаць Мураванку Храптовічаў спрабавалі з чэрвеня 2025 года. Тады лот ацэньвалі ў 298 тыс. руб., але пакупнік не знаходзіўся – цэннік зніжалі некалькі разоў запар. На таргах фальварак прадалі з шостай спробы, калі кошт упаў да мінімуму. Адзіны ўдзельнік аўкцыёну дадаў да стартавага кошту абавязковыя 5% адсоткаў і забраў фальварак усяго за дзве базавыя велічыні.

Што атрымаў бізнэсмэн?

Комплекс у Шчорсах быў гаспадарчым дваром. За 94,5 руб. бізнесмену дасталіся два цагляныя будынкі агульнай плошчай больш за 1500 квадратных метраў. У розныя часы ў гэтых сценах размяшчаліся свірны, кароўнік, цялятнікі і мясцовая ветлякарня. У дадатак да асноўных пабудоў тут захаваліся круглыя ​​вежы і часткі старажытнай агароджы, а сам участак плошчай 6,4 гектара перайшоў інвестару ў арэнду на 50 гадоў.

Кафэ і гатэль: што з’явіцца на месцы фальварку?

Тэрыторыя фальварку мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта значыць, што знесці тут усё ці перабудаваць неагатычны комплекс па-свойму нельга. Любы крок па рэстаўрацыі і рамонце трэба ўзгадняць з Мінкультам.

Сам інвестар працуе ў дарожным будаўніцтве, але аб’ект у Шчорсах узяў пад турыстычны праект. У былым фальварку збіраецца ўладкаваць гатэль і адкрыць кропку грамадскага харчавання.

Першыя канкрэтныя рашэнні па будучай пераробцы прымуць ужо на гэтым тыдні. Інвестар плануе сустрэцца з профільнымі службамі ў райвыканкаме, каб зацвердзіць канцэпцыю і дакладны план работ.


Сядзіба Шчорсы Щорсы,што знаходзіцца недалёка ад Міра і Навагрудка, мае багатую гісторыю. Калісьці ёй валодаў дыпламат, міністр замежных спраў і канцлер ВКЛ Іаахім Храптовіч. З XVIII стагоддзя да нашых дзён “дажылі” бібліятэка, некалькі гаспадарчых пабудоў, стайні і старажытны парк з каскадам сажалак.

За некалькі кіламетраў ад сядзібы знаходзіцца так званая Мураванка — старажытны сельгасдвор, пабудаваны ў выглядзе сярэднявечнага замка.

У мінулыя гады і на тэрыторыі сядзібы, і на тэрыторыі Мураванкі працавалі валанцёры. Яны выдалілі ўвесь параснік у Мураванцы і пачалі працы па расчыстцы парку каля захаваных будынкаў уладання Храптовічаў.

Летнія валанцёрскія лагеры арганізоўваў фонд «Шчорсы і Храптовічы» пад кіраўніцтвам Ганны Булда. З-за пандэміі ўсе аднаўленчыя работы на тэрыторыі сядзібы спыніліся.

Чытайце таксама: Грошай ад Еўразвяза не будзе. Што чакае найбуйнейшы маёнтак ВКЛ пад Навагрудкам пасля ліквідацыі фонду, які яго ратаваў