У Гродне з’явілася студыя для правядзення прамых эфіраў у TikTok. Праект «Іскра Медыя» набірае дзяўчат, якія будуць танцаваць, размаўляць з гледачамі і ўдзельнічаць у анлайн-шоў. Арганізатары называюць яе першай прафесійнай стрым-студыяй у горадзе.

Аб’явы пра набор з’явіліся ў сацыяльных сетках праекта. Цяпер студыя шукае супрацоўніц для другой групы. Навучанне, паводле публікацый, павінна пачацца арыенціровачна 23 лістапада.

Што прапануюць дзяўчатам

Працаваць прапануюць на пасадзе TikTok Streamer/Dancer. У абавязкі ўваходзяць удзел у прамых эфірах, узаемадзеянне з аўдыторыяй і здымкі кароткіх відэа. Дзяўчатам трэба будзе размаўляць з гледачамі, падтрымліваць актыўнасць падчас эфіраў і сачыць за папулярнымі трэндамі. Таксама ім прапануюць развіваць асабісты брэнд «пры поўнай падтрымцы каманды».

Досвед працы не патрабуецца. Арганізатары абяцаюць бясплатнае навучанне з педагогамі па маўленні, руху і працы перад камерай. Таксама супрацоўніцам прапануюць дапамогу з падборам вобраза і гардэроб для выступаў.

Для трансляцый падрыхтавалі спецыяльныя лакацыі, прафесійнае асвятленне і гукавое абсталяванне. Паводле слоў арганізатараў, укладаць уласныя грошы ў тэхніку не трэба.

Колькі абяцаюць плаціць

У вакансіі на rabota.by, апублікаванай 20 кастрычніка, пазначаны заробак ад 1500 да 6000 рублёў на рукі.

Пры гэтым у аб’явах студыі ў Instagram фігуруе фіксаваны аклад 1500 рублёў плюс прэміі і працэнт ад падарункаў і данатаў, якія гледачы дасылаюць падчас трансляцый.

Умовамі графіка ў аб’явах адрозніваюцца. На rabota.by прапануюць варыянты 5/2 і 6/1, а таксама вячэрнія і начныя змены. У больш позняй публікацыі ў Instagram пазначылі графік 5/2 з 10:00 да 18:00. Працадаўца абяцае афіцыйнае працаўладкаванне.

Перад пачаткам працы кандыдаткам прапануюць прыехаць на экскурсію, паглядзець студыю, а затым прайсці стажыроўку працягласцю 2–3 гадзіны на дзень. Яна ўключае навучанне і пробныя эфіры.

Студыя знаходзіцца па адрасе: Гродна, вуліца Максіма Горкага, 72.

У Кітаі стрымерам прапануюць да 15 тысяч юаняў

Фармат прафесійных студый для прамых эфіраў даўно развіваецца ў Азіі. Напрыклад, на міжнароднай пляцоўцы HiredChina размяшчаюць вакансіі для TikTok-стрымераў у Кітаі.

Сярод прапаноў ёсць праца для замежных вядоўцаў з заробкам ад 10 да 15 тысяч юаняў на месяц. Паводле курсу на 19 лістапада 2026 года, гэта прыкладна 4490–6735 беларускіх рублёў.

У Кітаі прамыя эфіры сталі асобнай індустрыяй, у якой працуюць не толькі самі вядоўцы, але і спецыялізаваныя агенцтвы, прадзюсары, аператары, менеджары і іншыя супрацоўнікі. Пры гэтым частка такіх кампаній займаецца не толькі забаўляльнымі трансляцыямі, але і продажам тавараў.

Як уладкаваныя стрымінгавыя студыі ў Азіі

У Кітаі працуюць так званыя MCN-агенцтвы (Multi-Channel Networks) — кампаніі, якія дапамагаюць развіваць аўтараў кантэнту, арганізуюць трансляцыі і займаюцца іх камерцыялізацыяй.

У спецыялізаваных студыях абсталёўваюць асобныя пакоі для эфіраў. У залежнасці ад кірунку гэта могуць быць дэкарацыі ўтульнага пакоя для размоў з гледачамі, пляцоўкі для дэманстрацыі адзення або прасторы для прэзентацыі тавараў.

У памяшканнях усталёўваюць камеры, прафесійнае святло, мікрафоны, гукавыя карты і маніторы для адсочвання каментароў і статыстыкі трансляцый.

За працай вядоўцаў можа стаяць цэлая каманда. Прадзюсары плануюць эфіры і выбіраюць тэмы, аператары адказваюць за тэхнічную частку, мадэратары сочаць за каментарамі, а менеджары аналізуюць аўдыторыю і вынікі трансляцый.

Па сутнасці, гэта арганізаваны вытворчы працэс.

На чым зарабляюць стрымінгавыя студыі

У Азіі можна вылучыць некалькі асноўных кірункаў такой працы.

Па-першае, гэта забаўляльныя эфіры. Вядоўцы танцуюць, спяваюць, размаўляюць з гледачамі і ўдзельнічаюць у PK-батлах — анлайн-спаборніцтвах паміж стрымерамі. Гледачы дасылаюць ім віртуальныя падарункі, якія становяцца адной з крыніц даходу.

Мяркуючы па ўсім, гродзенская студыя вырашыла працаваць менавіта ў гэтым кірунку.

Таксама ў Азіі, асабліва ў Кітаі, развітыя продажы падчас прамых эфіраў — Live E-commerce. Вядоўцы дэманструюць адзенне, касметыку, электроніку і іншыя тавары, адказваюць на пытанні пакупнікоў і паказваюць прадукцыю ў дзеянні. Гледачы могуць афармляць заказы непасрэдна падчас трансляцыі.

Развіваюць і асобных блогераў. Агенцтвы дапамагаюць пачаткоўцам асвоіцца перад камерай, наладзіць зносіны з аўдыторыяй, падрыхтаваць кантэнт і развіць уласныя акаўнты. У далейшым яны могуць супрацоўнічаць з брэндамі і атрымліваць даход ад рэкламы.