У ноч з 28 на 29 лістапада 1961 года ўзарвалі самы стары каталіцкі храм Гродна — Фару Вітаўта. Гэты касцёл з часам стаў сімвалам бязглуздага знішчэння спадчыны, а ідэі аб яго адбудове гучалі не раз пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці. Hrodna.life шмат пісаў пра знакамітую святыню, якая, парадаксальна, стала сімвалам Гродна менавіта праз сваю адсутнасць у горадзе. І хоць большасць жыхароў горада не магла бачыць касцёла на ўласныя вочы, чуў пра яго кожны.

Ніжэй мы сабралі спасылкі на самыя цікавыя і важныя матэрыялы пра Фару Вітаўта, якія рыхтавалі і публікавалі ў розныя гады.

Хто «прыдумаў» Фару Вітаўта?

Фара Вітаўта — назва папулярная, але не афіцыйная, амаль што народная. Афіцыйна храм стагоддзямі называўся касцёлам Найсвяцейшай Панны Марыі, у царскія часы быў Сафійскім саборам, а ў міжваенны час — Гарнізонным касцёлам. Адкуль тады назва «Фара Вітаўта»? Самы першы касцёл на гэтым месцы, яшчэ драўляны, пабудаваў вялікі князь Вітаўт недзе ў самым канцы XIV ст. Але той будынак, што вядомы нам, быў узведзены ў 1584−1587 гг. на замову Стэфана Баторыя.

Адкуль жа ўзялася назва «Фара Вітаўта»? Яе ў міжваенны час прапанаваў гісторык Юзаф Ядкоўскі - той самы, што стварыў музей у Старым замку. У гісторыі храма яшчэ хапае малавядомых фактаў. Пяць самых цікавых пералічыў гісторык Мечыслаў Супрон.

Фара Вітаўта — гэта Фара Баторыя?

Стэфан Баторый будаваў свой мураваны касцёл не дакладна на месцы драўлянага касцёла Вітаўта, а побач з імі, так што нейкі час два касцёлы стаялі адзін ля другога. Потым стары драўляны храм разабралі. Баторый зрабіў свой касцёл падарункам для езуітаў ды яшчэ і апошнім прыстанішчам для сябе. Кароль хацеў быць пахаваны ў Гродне, менавіта ў тым касцёле, які фундаваў.

У пачатку 1584 г. кароль у прыватнай размове сказаў італьянцу Кампана пра Гродна: «мне гэты горад і для жыцця, і для вечнага адпачынку найбольш дарагі». Тут ён і памёр у снежні 1586 г. і нейкі час — каля паўтара года — праляжаў у сутарэннях Фары Вітаўта. Але потым караля перавезлі ў Кракаў, дзе традыцыйна хавалі польскіх манархаў.

Паводле адной з версій, сэрца караля перад пахаваннем было аддзелена ад рэшты цела і, магчыма, так і засталося ў Гродне. Хто ведае, можа урна з сэрцам Баторыя і сёння ляжыць недзе ў зямлі, у фундаментах знішчанай Фары?

Фара Вітаўта не раз станавілася ахвярай гарадскіх пажараў. Напрыклад, у 1793 годзе полымя настолькі моцна пашкодзіла храм, што нават саму назву «Фарны» — то бок прыхадскі ці парафіяльны — перадалі былому касцёлу езуітаў, які носіць назву Фарнага і сёння.

Фара Вітаўта — гэта тры розныя будынкі?

Самы першы храм, які пабудавалі ў ваколіцах 1392 г. па загадзе Вітаўта, згарэў у другой палове XV ст. У 1494 г. за праўлення Аляксандра Ягелончыка на месцы знішчанага пажарам касцёла быў пабудаваны новы драўляны. Яго выгляд нам вядомы па гравюры Адэльгаўзера-Цюндта (1568 г.), а яшчэ мы ведаем, што яго фінансава падтрымлівала каралева Бона Сфорца. Трэці храм, той, што фундаваў Баторый, быў узведзены ў 1587 г. і прастаяў да 1961 г. Ён гарэў, аднаўляўся і перабудоўваўся не раз, а нават паспеў пабыць праваслаўным Сафійскім саборам у XIX ст.

Фара Вітаўта
Месца размяшчэння мураванага касцёла (вялікі абрыс вышэй) і меркаванае месца, дзе стаяў драўляны (малы абрыс злева ніжэй) на сучаснай спадарожнікавай карце

Што ж аб’ядноўвае ўсе тры будынкі? Тое, што ад пабудовы першага і да канчатковага знішчэння апошняга час тут існавала тая ж самая парафія з такой самай назвай — Найсвяцейшай Панны Марыі.

Як Фара Вітаўта стала той, якую мы ўсе ведаем

У 1804 г. царскія ўлады перадалі касцёл праваслаўным, але амаль да канца стагоддзя царква захоўвала рысы, характэрныя для заходняга культавага будаўніцтва. У 1892 г. будынак згарэў і яго грунтоўна перабудавалі - да 1898 г. паўстаў вядомы па многіх старых фота велічны Сафійскі сабор. Быў ён такім не так ужо і доўга — у канцы 1918 г. тут прайшла апошняя праваслаўная літургія. Храм вярнулі католікам і, каб пазбавіцца ўсходняга стылю ў архітэктуры, яго двойчы перабудавалі: у 1923 і 1935 гг. Перабудова лічыцца няўдалай — храм займеў неараманскія і неагатычныя рысы, якіх ніколі раней не меў. Затое менавіта такое аблічча Фары Вітаўта і сёння ведаюць ці не ўсе гродзенцы.

60 гадоў без Фары Вітаўта: гісторыя храма, які нямногія бачылі, але ўсе пра яго чулі
Выявы Фары Вітаўта ў розныя гады: злева ўверсе — пач.-сярэд. XIX в, справа ўверсе — пасля рэканструкцыі 1896−1898 гг, злева ўнізе — пасля перабудовы 1922−23 гг, справа ўнізе — пасля рэканструкцыі 1935 г. Фотакалаж са старых фотаздымкаў і малюнка Напалеона Орды. Аўтар А. Невар

Дарэчы, што-нішто з праваслаўнага ўбранства храма захавалася. Гэтак, некаторыя абразы з Сафійскага сабора сёння вісяць у Свята-Пакроўскім саборы на Ажэшкі.

Захавалася і нешта з каталіцкага інтэр'еру. Самы вядомы след па Фары Вітаўта — арган віленскай фабрыкі Вацлава Бернацкага, які сёння штодзень грае ў катэдры (Фарным касцёле). Пра інструмент кажуць, што знакаміты майстар Бернацкі збудаваў яго ў 1937 г. менавіта для Фары Вітаўта. Але праз тое, што ў час II Сусветнай вайны дах касцёла быў пашкоджаны бомбай, у 1942 г. арган перанеслі ў суседні храм. Зараз ужо цяжка высветліць дакладную гістрыю інструмента, але гісторыя з яго пераносам падаецца праўдападобнай.

Кажуць і пра адзін з крыжоў з Фары, які, нібыта, захоўваецца ў адным з касцёлаў Шчучыншчыны.

Фара Вітаўта была безумоўнай дамінантай у гарадской прасторы. Без яе краявіды Гродна — што з занёманскага боку, што з усіх іншых магчымых аглядых кропак — выглядаюць пуста і сіратліва, быццам страцілі штосьці вельмі важнае.

Як мы страцілі Фару Вітаўта

Пасля Другой сусветнай вайны Гродна апынулася ў межах СССР — дзяржавы атэістычнай, у якой велічны храм у цэнтры горада муляў вочы чыноўнікам. Службы ў касцёле больш не праводзіліся, ён выкарыстоўваўся як склад. У гарадскіх уладаў былі планы зрабіць у будынку шырокафарматны кінатэатр ці спортзалу, але ў выніку храм вырашылі знесці.

Фару Вітаўта ўзарвалі ў ноч з 29 на 30 лістапада 1961 года. Рэшткі храма вывозілі праз вуліцу Гарнавых у раён забудовы дамоў на Суворава. Там калісьці было балота, а ў 1960-х пачалі будаваць дамы. Пасля расчысткі завалаў у цэнтры Гродна на месцы храма з’явіўся сквер. Але і дзесяцігоддзі пасля руйнавання у час земляных работ у скверы знаходзяць фрагменты будынка ці косткі людзей, некалі пахаваных ля святыні.

У 2019 годзе Hrodna.life удалося пагутарыць з Уладзімірам Тупоўскім — чыноўнікам, які ў 1961 годзе быў старшынёй камісіі па зносе Фары Вітаўта. І праз 58 гадоў пасля тых падзей Уладзімір Іванавіч быў перакананы, што будынак не меў ніякай каштоўнасці для горада: ні духоўнай, ні архітэктурнай. І наогул, гэта быў ужо нібыта і не касцёл.

«Падрывалі мы не касцёл, а той хто гэта кажа — вырадак. Палякі перабудавалі наш праваслаўны сабор у вайсковы касцёл — у жылы дом, можна сказаць. Трэба гісторыю ведаць глыбока. Усё гэта глупства, нават не варта псаваць паперу на гэта. А вуліца Савецкая ж раней была Саборная, бо вяла да праваслаўнага храму. Так што зносілі мы ў 1961 годзе страшыдла, а храм быў раней, і ён быў прыгажуном», — казаў Тупоўскі ў інтэрв'ю Hrodna.life.

Пасля знішчэння Фары Вітаўта вернікі Гродна баяліся, што такі ж лёс чакае і Фарны касцёл, таму пачалі вартаваць яго днём і ноччу. Прыязджалі вартаваць нават людзі з суседніх вёсак. А потым нехта быццам бы пазваніў у выканкам з пагрозай узарваць мост у якасці помсты за Фару. Перапалоханыя чыноўнікі увесь наступны год трымалі на Старым мосце ахову.

У апошнія гады існавання Фара Вітаўта мела дзіўных суседзяў. Яна стаяла акурат на плошчы, што пасля вайны атрымала назву Савецкая, па якой штогод у камуністычныя святы хадзілі парады, а на будынках вывешваліся партрэты пралетарскіх лідараў. Не дзіўна, што доўгім такое суседства быць не магло.

Фара Вітаўта як крыніца канфліктаў

Гісторыя Фары Вітаўта і перспектыва яе аднаўлення — тэмы даволі спрэчныя і канфліктныя. З аднаго боку, мноства гродзенцаў былі б радыя, каб помнік архітэктуры адбудавалі. З іншага — не зусім ясна, што там павінна быць і каму ён павінен належыць. Здараецца, што гісторыю храма наогул спрабуюць перапісаць.

У 2014 г. на месцы знішчанага храма адкрылі помнік. Ён выглядае як кавалкі зруйнаванай святыні з каталіцкім і праваслаўным храмам. На помніку ёсць шыльда з інфармацыя аб тым, што спачатку тут быў каталіцкі касцёл, потым царква, а потым зноў касцёл. Пра тое, як ён знік, няма ні слова.

Раней у тым жа месцы грамадскія актывісты не раз ставілі крыж або інфармацыйны стэнд, але ўлады кожны раз прыбіралі «нелегальныя» знакі памяці.

Ад самага ўсталявання афіцыйнага знаку знайшліся тыя, хто яго крытыкаваў за… недастатковую праваслаўнасць. Маўляў, яшчэ да драўлянай Фары Вітаўта, у XIV ст. тут была праваслаўная царква Успення Найсвяцейшай Багародзіцы з пахавальняй рускіх князёў. Але ні пісьмовыя, ні археалагічныя крыніцы такой версіі не пацвярджаюць.

Пачатак раскопак Фары Вітаўта. Пачатак 1990-х гг.
Пачатак раскопак Фары Вітаўта. Пачатак 1990-х гг.

Ці дачакаемся вяртання Фары Вітаўта?

Размовы пра магчымае аднаўленне страчанага помніка архітэктуры вядуцца даўно. Але сёлета ўпершыню такі тэзіс з’явіўся ў афіцыйным дакуменце. «БелНДІПгорадабудаўніцтва» распрацаваў план рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Гродна як частку дэталёвага плана цэнтра горада. І ў ім мы знайшлі шмат цікавых прапановаў.

Аўтары праекта прадугледзелі аднаўленне на Савецкай плошчы некалькіх гістарычных будынкаў. Сярод іх — Фару Вітаўта.

«Аднаўленне культавых збудаванняў - балючая тэма. Асабліва, думаю, яна балючая ў Гродне. Зразумела, што каталікі хацелі б бачыць Фару Вітаўта, якой яна была пабудавана першапачаткова, каталіцкай, праваслаўныя хацелі б бачыць тут праваслаўны манастыр, — распавёў адзін з аўтараў плана архітэктар Антон Пятрухін. — Але, напэўна, усе пагодзяцца з тым, што гэты будынак з’яўляецца культавым не ў рэлігійным сэнсе, а ў плане свайго значэння для Гродна. Таму ў праекце мы гаворым пра тое, што гэты аб’ём варта было б аднавіць. Але, безумоўна, павінен быць грамадскі кансэнсус. Мы не возьмем на сябе паўнамоцтвы, каб вырашаць, што канкрэтна тут павінна быць».

То бок, у плане прапануецца аднавіць Фару не як культавы будынак, а як архітэктурную дамінанту. Разам з ратушай і былым палацам Радзівілаў яна верне Савецкай плошчы гістарычны выгляд. Аднак трэба памятаць, што распрацаваны план рэгенерацыі - гэта толькі рэкамендацыя, да якой мясцовыя ўлады могуць і не прыслухацца.

Фара Вітаўта на здымку фатографа Паддубскага, 1937 г. Храм за больш чым пяць стагоддзяў існавання змяняў выгляд не раз, але вось гэтае, самае апошняе яго аблічча, сёння найбольш пазнавальнае.

У канцы — бонус для нашых чытачоў. Гэтае вулічнае апытанне на тэму Фары Вітаўта мы запісалі 27 лістапада 2015 г. — за год да таго, як наогул стварылі Hrodna.life. Паглядзіце, а раптам пазнаеце сябе або сваіх знаёмых.