Чарговая акцыя пратэсту прайшла 18 кастрычніка на вуліцы Савецкай у Гродне. На працягу дзвюх гадзін каля сотні гродзенцаў хадзілі па пешаходнай вуліцы і спявалі песні з вулічнымі музыкамі.
Месцам збору для нядзельнага пратэсту гродзенцаў была абраная Савецкая плошча. Тыдзень таму там праходзіў сельскагаспадарчы кірмаш. 18 кастрычніка у 14:00 плошча была цалкам закрытая. Таму людзі сталі збірацца на вуліцы Савецкай.
![Хадзілі па Савецкай і спявалі песні: як прайшла пратэстная акцыя ў Гродне](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/ru/wp-content/uploads/2020/10/akcija-18-oktjabrja-1.jpg)
Гродзенцы падыходзілі да вулічных музыкаў і разам спявалі, а потым невялікімі групамі хадзілі па вуліцы. Міліцыя некалькі разоў падыходзіла да людзей, перакрывала вуліцу, але нікога не затрымлівала.
Чытачы Hrodna.life паведамляюць, што каля моладзевага цэнтра «Гродна» адвялі ў невядомым напрамку як мінімум аднаго чалавека.
У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама прапанавалі Hrodna.life звярнуцца з пытаннем раніцай 19 кастрычніка. Тады яны дакладна скажуць, ці былі затрыманні ў Гродне на нядзельнай акцыі.