«Пачалі на вуліцы пазнаваць». Аксана Якуцэвіч пра перамогу на конкурсе прыгажосці, інклюзіўнасць і догляд за сабой

Гродзенка Аксана Якуцэвіч перамагла на інклюзіўным конкурсе прыгажосці «Неўская краса», які праходзіць у Піцеры. Праз тыдзень Аксану сталі пазнаваць на вуліцы, а сама яна наблізілася да сваёй мары — стаць мадэллю. Але падрабязнасцей яна пакуль не раскрывае.

— Я і да перамогі была ўпэўненая ў сабе, і цяпер гэтак жа ўпэўненая. Адзінае, што змянілася — мабыць, стала больш увагі. СМІ транслявалі па тэлевізары, сталі пісаць пра мяне. Людзі сталі пазнаваць на вуліцы — гэта радуе.

Пра інфраструктуру і жаданне даглядаць за сабой

— Ці маглі вы падумаць у 2005 годзе, калі ўсё здарылася, што станеце пераможцай інклюзіўнага конкурсу прыгажосці?

— У 2005 годзе я наогул не думала ні пра які конкурс. Я не ведала, што рабіць, як мне быць. Мне здавалася, што я проста паляжу годзік-два, і ўсё ў мяне з ножкамі стане ў парадку, я пачну хадзіць. Я не ўяўляла, як перасесці ў вазок, як мне апрануцца-распрануцца. Дапамагалі сваякі.

Мне здаецца, зараз інфраструктура горада вельмі змянілася. Вядома, не ўсё ў нас ідэальна. Але ўжо шмат зроблена, і робіцца, і будзе рабіцца. Людзі сталі больш выходзіць на вуліцу, сталі больш адкрытыя, не сядзяць дома, працуюць. І калі яшчэ 10−20 гадоў таму на чалавека ў вазку глядзелі як на рэдкую з’яву, то зараз гэта нармальна, людзі да нас гатовыя. Чым больш людзей будуць выходзіць на вуліцу, тым больш грамадства будзе прымаць нас.


«Я заўсёды была модніцай». Вазочніца з Гродна збіраецца на конкурс прыгажосці


— Прыгажосць людзей з інваліднасцю чымсьці адрозніваецца ад «звычайнай»?

— Не, не адрозніваецца. Чалавек на вазку — чаму ён павінен адрознівацца ад звычайнага чалавека? Мы такія ж, як і ўсе. Не горш абсалютна. У нас працуе галава, мы так жа можам працаваць. Мне адзін знаёмы сказаў: «Я дзіўлюся табе, і заўсёды, калі пачынаю скардзіцца, што нешта не ідзе, успамінаю цябе, і разумею, што мае праблемы нішто, і я ў параўнанні з табой вельмі слабы чалавек».

— Як не страціць жаданне даглядаць за сабой пры інваліднасці?

— Яно альбо ёсць, альбо яго няма. Калі яго няма, то наўрад ці ўжо з’явіцца. Калі чалавек па нейкай прычыне не можа сам выканаць нейкія маніпуляцыі, дапамогуць людзі. З гэтым праблем няма адназначна.

У мяне прыгажосць прыродная. Нічога асаблівага я не раблю. Нейкія крэмы, масачкі, догляд за скурай, валасамі. Добрая касметыка — абавязковы атрыбут. У прынцыпе, нічога складанага, як і раней. Больш за ўсё ўвагі надаю рацыёну, каб не паправіцца.

Брыдкіх людзей не бывае. Прыгажосць — гэта тваё ўнутранае выпраменьванне. Дзяўчыне з абмежаванымі магчымасцямі неабходна быць упэўненай у сабе, усведамляць каштоўнасць для супрацьлеглага полу. І ў вазку жанчына можа быць прывабнай.

Пра сэксуальнасць людзей з інваліднасцю і карысць ад удзелу ў конкурсе

— Мне б яшчэ хацелася пагаварыць з вамі пра сэксуальнасць. Сэксуальнасць у інвалідаў - гэта такая табуіраваных тэма. Як думаеце, чаму? Вы сябе адчуваеце сэксуальнай?

— Я б не сказала, што сэксуальнасць — тэма табу. Мне здаецца, грамадства ў 21 стагоддзі на ўсе пытанні можа адказаць адкрыта. Так, вядома, я адчуваю сябе сэксуальнай. Дзяўчаты, у каго знікла сэксуальнасць ці вера ў сябе — не шкадуйце грошай, купіце сабе прыгожую ніжнюю бялізну — і ўсё гэта будзе выпраўлена.

— Што даў конкурс прыгажосці ўдзельніцам?

— Я да гэтага ішла і даўно хацела. Значыць, гэта не проста так, а будзе далейшай прыступкай. Прынамсі, я прыкладу максімум намаганняў, каб гэта падоўжыць, вывесці на новы этап свайго развіцця.

Усе дзяўчаткі - разумніцы. Я думаю, конкурс прыгажосці ўдыхнуў у кожную ўпэўненасці, даў сілы перамагчы свае страхі - напрыклад, выйсці на сцэну. Хтосьці стаў больш упэўненай у сабе. Гэта ўсё вельмі добра. Мне здаецца, дзяўчаты сталі больш моцнымі дзякуючы гэтаму праекту. Магчыма, гэта ім дапаможа дамагацца пастаўленых мэтаў, змяніць, палепшыць сваё жыццё. Захочацца паказаць грамадству, што мы, дзяўчаты на вазках, не проста людзі з інваліднасцю, а такія ж жанчыны, прыгожыя, жыццярадасныя, поўныя жыццёвай энергіі і сіл.

Пра мадэлінг і інклюзіўны конкурс прыгажосці ў Беларусі

— Чым вы б хацелі займацца пасля перамогі? З якімі брэндамі хацелі б пасупрацоўнічаць?

— Ці можна з беларускімі, можна і не з беларускімі. Можна выйсці на міжнародны ўзровень, чаму не. Я за любое ўзаемадзеянне. Я б хацела рэкламаваць касметыку, магчыма нават вопратку. Не ведаю, паглядзім. Мне проста вельмі падабаецца быць у якасці мадэлі -
па той бок аб’ектыва. Гэта прама, адчуваю, маё. І я хацела б гэту тэму развіваць.

Буду шукаць розныя шляхі развіцця ў сферы мадэлінгу. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца, якія будуць прапановы. Чакаць, вядома, не буду, прыйдзецца самой спрабаваць. Пакуль не хачу раскрываць карты, лепш ужо потым казаць пра штосьці гатовае.

— Вы яшчэ пісалі ў каментарах, што хацелі б арганізаваць у Беларусі інклюзіўны конкурс прыгажосці. Як гэта збіраецеся зрабіць?

— Так, нядрэнна было б арганізаваць у Беларусі свой конкурс прыгажосці. Магчыма, неяк з Аляксандрай Чычыкавай ["Міс Свету — 2017 на інвалідным вазку", жыве ў Мінску — аўт.] мы што-небудзь прыдумаем. Але зноў жа… Два чалавекі не змогуць вырашыць — павінна быць нейкая падтрымка ад дзяржавы, ад людзей з розных сфер. Калі б мы аб’ядналіся мясцовымі высілкамі і зрабілі, было б вельмі выдатна. Хацелася б, каб такіх конкурсаў праводзілася больш — у тым ліку ў нас у Беларусі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024