Першых 299 асобнікаў інфармацыйнага бюлетэня «Наша Альшанка» раздалі ў нядзелю 18 лістапада. Яго аўтары плануюць з дапамогай гэтага самвыдату звярнуць на сябе ўвагу гарадскіх уладаў і зрабіць новы мікрараён найлепшым у Гродне.

Вырашылі ісці ў народ

Рэдактарам бюлетэня з’яўляецца гродзенскі актывіст БХД Яўген Дудкін. Яго каманда — жыхары мікрараёна Альшанка.

«У раёне склалася каманда людзей, якія хочуць зрабіць Альшанку найлепшым раёнам горада, — распавядае Яўген Дудкін. — Адкуль такое жаданне? Я, мае сябры і калегі-аднадумцы жывём у Альшанцы. У 2017 годзе летам мы склалі электронную петыцыю, якая прымусіла гаварыць аб праблеме адсутнасці школы нават рэспубліканскія СМІ. У выніку, на асабістай сустрэчы са старшынёй гарвыканкама ўжо праз два тыдні быў запланаваны пошук з абласнога бюджэта двух мільёнаў рублёў».

Яўген кажа, што пасля восенькай сустрэчы са старшынёй гарсавета іх прапанова будаваць паліклінікі ў Альшанцы прымусіла ўлады горада шукаць грошы на 2020 год.

«Наша каманда жыхароў Альшанкі гэта зрабіла. Але людзі пра гэта не ведаюць, бо групы ў сацыяльных сетках маюць мала падпісантаў. Таму мы вырашылі ісці ў народ, да кожнага жыхара. Наша „газета“ будзе друкаваць матэрыялы пра жыццё мікрараёна, яго людзей, праблемы, якія варта вырашаць».

"Зрабіць найлепшы раён". У Альшанцы з'явіўся свой інфармацыйны бюлетэнь
Першы нумар бюлетэня «Наша Альшанка»

Ужо ёсць вынікі

Вырабляюць бюлетэнь гродзенцы за ўласныя грошы і на ўласным прынтары згодна заканадаўствам Беларусі. Акрамя гэтага Яўген Дудкін актыўна вядзе группы «Наша Альшанка» ў сацыяльных сетках.

«Большасць нашай каманды — сябры БХД. Яны дапамаглі з парадай юрыста, правіламі друку. Планавалі выдаць першы выпуск 1−3 лістапада, але з-за рэдагавання затрымаліся на два тыдні: варта было ўдакладніць дэталі заканадаўства.

Будзем глядзець на рэакцыю грамадства, жыхароў. Калі ім патрэбна інфармацыя пра барацьбу сваіх суседзяў за лепшае жыццё ў Альшанцы, то працягнем друк навін. Будзем дапамагаць абараняць правы і інтарэсы грамадзян. Напрыклад, у канцы лета выявілі безалабернасць будаўнікоў пры будаўніцтве школы і прылеглай тэрыторыі: з гэтай прычыны залівала вадой і наносіла пяском дзіцячыя пляцоўкі і дарогі дамоў 7 і 5 па вуліцы Агінскага. Аказалася, што адна з арганізацый не зрабіла своечасова ліўнёўку. Улады пасля нашых зваротаў пачалі працаваць па гэтай справе".

Хто плаціць, той і музыку заказвае

Пакуль бюлетэнь чорна-белы і змяшчаецца на лісце А4. Яўген Дудкін распавядае, што ў будучыні яго каманда хоча мець каляровы прынтар, каб зрабіць выгляд выдання больш прывабным.

«Магчыма, у будучыні знойдзецца мецэнат, бо мы хочам нашу ініцыатыву зрабіць яшчэ лепшай ды эфектыўнейшай. Мы лічым патрэбным, каб адбылася канструктыўная размова з уладамі, каб яны чулі жыхароў Альшанкі з іх праблемамі. Каб праблемы вырашыліся не за закрытымі дзвярыма, а з улікам пажаданняў і прапаноў грамадзян. Мы плацім заробкі чыноўнікам праз свае падаткі. А хто плаціць, той і музыку заказвае».

"Зрабіць найлепшы раён". У Альшанцы з'явіўся свой інфармацыйны бюлетэнь
Жахарка Альшанкі Фешчанка Ганна распаўсюджвае бюлетэнь

Праблемы Альшанкі абмяркуюць з дэпутатам Канапацкай

Яўген Дудкін распавядае, што яго каманда ўжо дамовіліся з дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай аб сустрэчы з жыхарамі Альшанкі. Яна пройдзе 24 лістапада, у суботу, у 12:00 у гасцініцы «Турыст». Праблемы агучаць самі жыхары Альшанкі, каб потым дэпутат, карыстаючыся сваімі паўнамоцтвамі, магла разам з імі выпрацаваць план дзеянняў.

«Будзем абмяркоўваць тэмы будаўніцтва паліклінікі, якое замарудзілі гарадскія ўлады, сістэму адукацыі і якасці будаўніцтва жылля. Запрашаем усіх жыхароў Альшанкі падпісвацца на нашы групы «Наша Альшанка"ў сацыяльных сетках, чытаць нашу газету, пісаць свае каментарыі і прапановы».

"Зрабіць найлепшы раён". У Альшанцы з'явіўся свой інфармацыйны бюлетэнь
"Зрабіць найлепшы раён". У Альшанцы з'явіўся свой інфармацыйны бюлетэнь
"Зрабіць найлепшы раён". У Альшанцы з'явіўся свой інфармацыйны бюлетэнь
"Зрабіць найлепшы раён". У Альшанцы з'явіўся свой інфармацыйны бюлетэнь

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]