Горад

Улады: «Гандлёвы цэнтр у Альшанцы застанецца»

Жыхары Альшанкі пачалі папяровую барацьбу з уладамі за кавалак зямлі на самым ускрайку мікрараёна. Там меў з’явіцца гандлёвы цэнтр з кавярняй, гатэлем, моладзевым цэнтрам і паркінгамі. Цяпер генплан хочуць змяніць. Але архітэктары суцяшаюць: «Гандлёваму цэнтру — быць».

Генплан абяцаў шопінг і каву

Жыхары Альшанкі не раз адчувалі сябе абдзеленымі. Жывуць яны далей за ўсіх. Школа перапоўнена дзеці мусяць даязджаць у іншыя часткі горада. Няма нармальнай паліклінікі, толькі амбулаторыя ў жылым доме. Няма дзе культурна адпачыць з дзецьмі або дарослымі кампаніямі. На увесь раён дзейнічае тры, у асноўным прадуктовыя, крамы. І тыя засяроджаныя ў адным месцы.

Генплан абяцаў цэнтр, куды можна будзе пайсці на шопінг або на каву. Агульная плошча забаўляльнай і гандлёвай прасторы мелася быць 1500 «квадратаў». Участак пад яго знаходзіцца на рагу вуліц Францішка Багушэвіча і Айчыннай, недалёка ад былога Паўднёвага пасёлка. Самы ускраек мікрараёна, дзе няма ніводнай крамы.

У правым ніжнім куце жоўтым пазначаныя аб’екты гандлёвага цэнтра і паркінгі

Абмеркаванне ў форме інфармавання

Аднак гарадскія ўлады паведамілі, што плануюць змяніць першапачатковы план. Абвесцілі пачатак грамадскага абмеркавання ў форме «інфармавання фізічных і юрыдычных асобаў» працягласцю амаль месяц: з 30 студзеня па 23 лютага. У назве мерапрыемства прагучаў выраз «карэкціроўка праекта забудовы… пад шматкватэрную жыллёвую забудову». Фактычна, дамы замест забавы.

Подпісы «нязгоды»

Людзі абурыліся. І пачалі збіраць подпісы «нязгоды». Ужо ёсць некалькі сотняў. Мэта — каб супраць зменаў аб’ядналася большасць насельніцтва мікрараёна.

Прэтэнзій у сувязі з меркаванымі зменамі ў генплане некалькі:

  • Не з’явіцца месцаў для адпачынку і крамаў. Цяпер тут гэтага не хапае.
  • Не створаць працоўных месцаў для жыхароў у сваім раёне. Гандлёвы цэнтр мог бы паменшыць гэтую праблему.
  • Пасля ўшчыльнення усім не хопіць парковачных месцаў.
  • Аўтамабілі перапоўняць двары і створаць аварыйныя сітуацыі. А тут шмат дзяцей.
  • Кіроўцы пачнуць паркавацца на газонах і шкодзіць прыродзе.
  • Жыхары дамоў на Багушэвіча, 8, 10, 12 будуць глядзець суседзям у вокны, бо новыя шматпавярховікі вырастуць побач з імі.

Цяпер жыхары дамоў на Багушэвіча бачаць з вокнаў палі
— Генплан быў ужо зацверджаны. Многія жыхары планавалі набыць кватэру побач з гандлёвым цэнтрам. У нас яго не хапае. Вузкаспецыялізаваных прадуктовых крамаў тут не дастаткова. Раён забудаваны з боку былога пасёлка Фабрычнага, а з боку вёскі Вялікая і Малой Альшанкі няма інфрастуктуры. Ёсць магчымасць будаваць дамы на вольных плошчах. Навошта ўшчыльненне, — кажа Аляксандр Шарэйка, адзін з жыхароў Альшанкі.

Абмеркаванне яшчэ не скончылася і рашэнне яшчэ не прынятае, але на спрэчны ўчастак зямлі ўжо прыехала тэхніка і выйшлі рабочыя. Як яны патлумачылі жыхарам раёна, робяць геалагічныя даследванні, каб пабудаваць дамы. Пасля абураных званкоў у гарвыканкам геолагі зніклі.

Абмеркаванне яшчэ не скончылася, а на спрэчным кавалку зямлі ўжо з’явілася будаўнічая тэхніка

Пад пагрозай толькі моладзевы цэнтр і паркінг

Апынулася, людзі не да канца зразумелі ўладу. Гандлёва-забаўляльны цэнтр хочуць адмяніць не цалкам, а толькі часткова.

Як патлумачыў намеснік галоўнага архітэктара горада Дзмітрый Вабішчэвіч, на гэтым участку планавалася будаўніцтва трох гандлёва-офісных будынкаў, у якіх маглі б размясціцца гандлёвы цэнтр з кавярняй, моладзевы цэнтр і гатэль, а таксама два шматузроўневых паркінгі.

— Навошта цяпер Альшанцы гатэль? А шматузроўневыя платныя паркінгі наўрад ці будуць карыстацца вялікім попытам, — разважае Дзмітрый Вабішчэвіч.

Карэкціроўка забудовы значыць, што замест будынка моладзевага цэнтра і аднаго паркінга хочуць пабудаваць тры шматпавярховікі на 2 і 4 пад’езды. Дамы меркавана стануць паралельна ўжо існуючым (Багушэвіча, 8, 10, 12) прыкладна на адлегласці 100 метраў ад іх.

— Ці гэта значыць вокны ў вокны? — задае рытарычнае пытанне архітэктар.

Новыя тры дамы мяркуюць размясціць паралельна ўжо існуючым на адлегласці каля 100 метраў
Дзмітрый Вабішчэвіч таксама растлумачыў, што гандлёва-забаўляльны комплекс планаваўся на ўвесь мікрараён Альшанка, большая частка якога яшчэ не пабудавана. Магчыма, пазней яго перанясуць на тую тэрыторыю, дзе цяпер ралля. Вядома, што інвестары цікавяцца гэтым кавалкам зямлі.
Тры дамы хочуць пабудаваць замест моладзевага цэнтра і аднаго паркінга
Наконт ушчыльнення раёна спецыяліст патлумачыў, што пакуль будаваць дамы ў мікрараёне больш няма дзе. Суседнія ўчасткі яшчэ не выведзеныя з ворных земляў.

Дзмітрый Вабішчэвіч мяркуе, што парковак мусіць хапіць усім. Цяпер іх колькасць мусіць быць 100%, а не 125% адносна колькасці кватэр, як раней. Адно, што ў колькасць машына-месцаў уваходзяць і шматузроўневыя паркінгі, адзін з якіх хочуць адмяніць, а другі з’явіцца толькі пры наяўнасці інвестара.

Як жыхары могуць паўплываць на рашэнне пытання?

Колькі жыхароў мусяць выказаць свой супраціў, каб да іх прыслухаліся? Заканадаўствам такая лічба не прадугледжана. Існуе панятак «колькасна». То бок, можна пісаць калектыўныя звароты, тлумачыць Дзмітрый Вабішчэвіч.

Ці гэта паўплывае на канчатковае рашэнне, невядома. Аднак досвед паліклінікі, якую так і не пабудавалі, вучыць, што і цяпер грамадскае абмеркаванне можа адбыцца толькі ў форме інфармавання: насельніцтву патлумачаць, чаму пабудова немэтазгодная.

Апошнія запісы

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024

Байкфэсты, Viva Braslav і электронная музыка ў антуражы Burning Man. Сабралі фестывалі лета-2024 у Беларусі

Паслухаць класіку ці джаз у замкавым двары, патусавацца з байкерамі на беразе возера, адзначыць Купалле…

10 мая 2024