Спадчына

Галоўная заслуга Адама Мальдзіса: усё жыццё працаваў для беларускай культуры, выцягваў яе «з лапцяў»

Імя Адама Мальдзіса за апошнія тыдні некалькі разоў усплывала ў сувязі з раённай бібліятэкай у Астраўцы. Мясцовыя ўлады вырашылі назваць яе ў гонар знакамітага земляка. Але прарасійская блогерка Вольга Бондарава пачала цэлую кампанію супраць ушанавання Мальдзіса. Яна лічыць яго «змагаром», «паланізатарам», «русафобам» і «бчбесам» — і ўжо дабілася, каб працэс надання бібліятэцы яго імя прыпыніўся. Тлумачым, чаму яна не мае рацыі і якія заслугі перад Беларуссю мае Адам Мальдзіс.

Быў найвялікшым знаўцам беларускай літаратуры XVIII — першай паловы XIX стст.

Да Мальдзіса пра беларускую літаратуру і мову таго складанага часу пісалі, што яе наогул не існавала. Па-беларуску, маўляў, гаварылі адно сяляне. Аднак Адам Мальдзіс, аб’ездзіўшы мноства бібліятэк і архіваў, адшукаў дзясяткі сведчанняў таго, што і тады па-беларуску складаліся і вершы, і цэлыя паэмы, што прадстаўнікі шляхты фіксавалі народную творчую спадчыну і самі спрабавалі пісаць па-беларуску. Вынікі сваіх даследаванняў ён апублікаваў у дзясятках кніжак і артыкулаў.

Адам Мальдзіс. Фота: Джон Кунстадтэр, radzimaphoto.com

Быў, па-сутнасці, першым беларускім даследчыкам побыту шляхты

У выдадзенай у 1982 г. кнізе «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў» (яна пасля мноства разоў перавыдавалася) захапляльна расказаў пра штодзённае жыццё мясцовай шляхты, сялян, святароў. Цяпер такой літаратуры пабольшала, а ў часы, калі пра гісторыю пісалі толькі лічбамі і лозунгамі, жывы расказ пра жыццё даўніх людзей быў вялікай рэдкасцю і адкрыццём.

Быў вялікім сябрам Уладзіміра Караткевіча

Караткевіч і Мальдзіс пазнаёміліся ўжо будучы даволі масцітымі творцамі, калі Мальдзіс надрукаваў узнёслы водгук на адну з аповесцяў Караткевіча. Католік з Астравеччыны і праваслаўны з-пад Воршы прагаварылі ўсю ноч і засталіся сябрамі на цэлае жыццё. Нейкі час яны нават жылі ў дамах адзін насупраць другога і запрашаліся ў госці, выставіўшы ў вакне лампу.

Стаяць (злева направа): Іван Чыргін, Антаніна Лысенка, Данута Бічэль-Загнетава, Уладзімір Караткевіч, Мікола Прашковіч, Адам Мальдзіс. Фота з кнігі Адама Мальдзіса «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча», узята з biography.wikireading.ru

Мальдзіс, які ведаў безліч гістарычных фактаў, дзяліўся імі з Караткевічам, а той шукаў у іх натхненне для сваёй творчасці. Можна сказаць, пераказваў знойдзенае Мальдзісам мастацкай мовай. Таму ў творах Караткевіча ёсць значны ўклад Адама Мальдзіса. Мальдзіс таксама напісаў першую біяграфію Уладзіміра Караткевіча.

На сустрэчы ў бібліятэцы АН БССР (1979). Сядзіць Уладзімір Караткевіч, стаіць справа Адам Мальдзіс. Фота з кнігі Адама Мальдзіса «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча», узята з biography.wikireading.ru

Узначальваў Скарынаўскі цэнтр

Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны — дзяржаўная ўстанова адукацыі Беларусі, якая існавала ў 1991—2004 гадах і была стварана для вывучэння і папулярызацыі беларускай культуры. Яна займалася распрацоўкай беларускай тэрміналогіі, стварала інфармацыйны банк у галіне адукацыі, навукі, гісторыі, культуры, рэлігіі Беларусі ды інш.

Адам Мальдзіс. Фота з кнігі «Што было, што ёсць, што будзе з беларусамі?: артыкулы, эсэ, інтэрв'ю» (Мінск, 2022), узятае з bis.nlb.by.

Пры цэнтры працавалі камісія «Вяртанне» і Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. Камісія займалася пошукам беларускай гісторыка-культурнай спадчыны і яе вяртаннем (хаця б у выглядзе копій і публікацый у Беларусь). Асацыяцыя беларусістаў аб’ядноўвала вучоных, якія займаліся беларускай праблематыкай.

Адам Мальдзіс падчас цырымоніі ўручэння Лукашэнкам ордэна Францыска Скарыны. Мінск, 28 чэрвеня 2013 г. Фота: Мікалай Пятроў, БелТА, узятае з president.gov.by

Чытайце таксама: Праўладныя каналы: бібліятэцы ў Астраўцы не прысвояць імя Адама Мальдзіса

Быў вялікім патрыётам Астраўца і заўсёды стараўся папулярызаваць свае родныя мясціны

Мальдзіс шмат пісаў пра Астравеччыну і яе жыхароў, уваходзіў у разнастайныя ініцыятыўныя групы, якія стараліся палепшыць жыццё астравічан. Можна сказаць, ён быў самым вядомым ураджэнцам Астравеччыны ў ХХ ст.

Адам Мальдзіс — вучань Астравецкай СШ (1949). Крыніца ілюстрацыі: кніга «Выбранае» (Мінск, 2007), узята з bis.nlb.by
Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024