Спадчына

Апошняя воля Брэгмана: як яўрэйскі багацей праз 120 гадоў дабудаваў гродзенскі палац Радзівілаў

Сёння ад другога па велічыні сакральнага будынка яўрэяў у Гродне не засталося і следу. Адзіны напамін аб існаванні гэтай малітоўнай школы — нешматлікія фота першай паловы 20 ст. Не засталося нічога і ад палаца Радзівілаў. А гэтыя два аб’екты аб’ядноўвае імя Лейзера Брэгмана — аднаго з найбагацейшых гродзенцаў другой паловы 19 ст.

Галоўны прадпрымальнік

Лейзер Брэгман (1826−1896гг.) займаўся гандлем, утрыманнем і здачаю ў арэнду гандлёвых кропак. Купец неаднаразова выйграваў тэндар на ўтрыманне гасцінага двара (былой ратушы) і гандлёвых радоў, што мясціліся побач. Гэта давала яму права браць аплату з гандляроў за арэнду крам. За тое ён абавязваўся дбаць аб знешнім выглядзе будынкаў, адказваць за іх рамонт і і штогод плаціць пэўную суму ў гарадскі бюджэт за права іх утрымання.

Дом Брэгмана

У пачатку 1870-х гадоў Брэгман выкупіў палац князёў Друцкіх-Любецкіх, што мясціўся ў паўднёвай частцы цэнтральнай плошчы. Да гэтага будынкам валодалі Радзівілы. Разам з палацам Брэгману дастаўся вялізны кавалак зямлі ў самым цэнтры горада. З набыццём нерухомасці бізнес Брэгмана пачаў развівацца яшчэ лепш: усе памяшканні на другім паверсе былой велічнай магнацкай рэзідэнцыі здаваліся ў арэнду пад гарадскія і грамадскія ўстановы, а таксама жыллё, а першы паверх быў амаль цалкам аддадзены пад крамы.

Біржавая плошча, фота к. 19 — пач. 20 стст. На пярэднім плане стаяць гандлёвыя рады, узведзеныя ў 1870 г. На заднім плане — дом Брэгмана, былы палац Радзівілаў.
Акрамя таго, уздоўж вуліцы Мяшчанскай знаходзіліся яшчэ адныя гандлёвыя рады, пабудаваныя пры былых гаспадарах палаца ў 1830-х гадах, а ў двары — гаспадарчыя пабудовы, якія таксама давалі магчымасць зарабіць на іх арэндзе.

Самы стары доўгабуд

Прыблізна ў 1874−1875 гг. Лейзер Брэгман дабудаваў правае крыло палаца, надаўшы будынку завершаны выгляд. Да гэтага, пачынаючы з сярэдзіны 18 ст., тут знаходзілася закінутая будоўля, якую распачаў сам Мікалай Радзівіл Рыбанька. Пасля моцнага пажару, які адбыўся ў горадзе ў 1753 г., магнат на няпэўны час закансерваваў будоўлю, але зрэалізаваць задуманае было наканавана іншаму гаспадару праз… 120 год!

Дабудаванае ў 1874−1875 гг. правае крыло дома Брэгмана. Фота 1926 г.
Новы ўладальнік палаца Радзівілаў аднёсся вельмі адказна да спадчыны, якая дасталася яму, і не рызыкнуў прыдумляць новых аб’ёмаў у новамодным тады стылі эклектыкі. Правая частка будынка была ўзведзена сіметрычна левай і цалкам паўтарала арыгінальны дэкор.
Вул. Маставая. На заднім плане ў канцы вуліцы віднеецца дом Брэгмана, з правага боку перад ім — прыватныя гандлёвыя рады Брэгмана.
Апроч усяго, уздоўж вуліцы Маставой былі пабудаваны дадатковыя гандлёвыя павільёны, якія замкнулі ўчастак, якім валодаў купец. Такім чынам, дом Брэгмана стаў самым вялікім прыватным будынкам у горадзе, а яго крамы — самым вялікім прыватным гандлёвым комплексам. Можна сказаць, гэта быў тагачасны «Old City», толькі ён, у адрозненні ад сучаснага гандлёвага цэнтра, сапраўды знаходзіўся ў самым сэрцы старога горада.

Апошняя воля

Лейзер Брэгман памёр у 1896 г. у Багеміі, не здзейсніўшы сваёй даўняй мары — будаўніцтва на тэрыторыі свайго квартала малітоўні ў цэнтры Гродна. Апошняе жаданне купца наканавана было выканаць старэйшаму сыну Лейзера - Шэпселю.

Малітоўня Брэгмана. Праектны рысунак 1897 г.
Восенню 1898 г. на вул. Мяшчанскай была пабудавана самая вялікая ў горадзе яўрэйская малітоўная школа, якая па сваім памерам пераўзыходзіла нават занёманскую сінагогу. На першым паверсе гэтага будынка размясціліся гандлёвыя крамы, а на другім — сама малітоўня. Будынак на працягу амаль паўстагоддзя з’яўляўся адной з архітэктурных дамінант вуліцы. На вялікі жаль, ён, як і ўвесь комплекс будынкаў палаца Радзівілаў-Брэгманаў, не перажыў Другой сусветнай вайны.
Вул. Мяшчанская ў часы Першай сусветнай вайны. На пярэднім плане злева — малітоўня. Фота з калекцыі Ф. Варашыльскага

Комплекс будынкаў Брэгмана. Злева бачна малітоўня. Фота 1930-х

Лета 1941 г. Вул. Мяшчанская. Злева бачна малітоўня.
У будучым, пры адбудове палаца Радзівілаў, важна было б уключыць у комплекс і будынак малітоўнай школы як напамін пра яе ўладальніка — Лейзера Брэгмана.
Апошні вядомы нам фотаздымак малітоўні Брэгмана. У 1944 г. падчас вызвалення горада квартал паміж вуліцамі Мяшчанскай і Маставой быў цалкам знішчны авіяцыяй, разам з комплексам дома Брэгмана (палацам Радзівілаў)

Графічная рэканструкцыя малітоўні Брэгмана. Аўтар - Сяргей Шчукін
Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024