Спадчына

Барберы, цырульнікі, парыкмахеры — хто каго лячыў і стрыг у Гродне 400 гадоў таму

Сёння нярэдка даводзіцца чуць словы барбер або барбершоп, якія ўжо па-троху прыстасаваліся і ў беларускай мове. Барада, перажыўшы цяжкія часы ў ХХ ст., паспяхова вяртаецца ў стыль еўрапейскага мужчыны, пачынаючы ад моднага хіпстарства і заканчваючы строгім дзелавым стылем. Але ў Гродне барберы — зусім не навінка, бо былі яны тут ужо чатыры стагоддзі таму.

Для рускай мовы слова «барбер» нязвыклае. Як напісана на адным расійскім «барберскім» сайце: «не столь давно в России стала прославленной и популярной профессия барбера. История ее появления уходит корнями в западную культуру и традиции прошлых десятилетий и даже веков».

Барберы XVI стагоддзя лячылі раны

А вось у Беларусі барберы вядомыя з XVI cт. Толькі барберы не стрыглі людзей, а лячылі раны, замяняючы лекараў і хірургаў. Барбер мог пусціць кроў (ці не галоўны метад лячэння ў сярэднявеччы), паставіць піявак, прамыць і падшыць рану, паставіць банкі. Таксама выконваў нейкія простыя хірургічныя аперацыі, накшталт выдзірання зуба. Гэта зразумела, бо лекары з універсітэцкай адукацыяй у тыя часы былі толькі ў каралёў, біскупаў і магнатаў.

Сярэднявечны барбер пушчае кроў
У панядзелак 17 лютага 1556 г. у Гродне пабіліся Фёдар Сасін і Андрэй Нікіфаровіч. Апошні пацярпеў значна больш і звярнуўся ў суд за кампенсацыяй у памеры дзве капы грошай (4 злотых або 120 грошай) «за барберство». Гледзячы па ўсім Нікіфаровіч пацярпеў досыць моцна, паколькі першы вядомы гродзенскі барбер Ян у 1540−1541 гг. браў за лекаванне ранаў у сярэднім каля дваццаці грошай.

«Барбер» ператварыўся ў «цырульніка»

Ужо да сярэдзіны XVII ст. тэрмін «барбер» у Гродне замяняецца паняццем «цырульнік». Цырульнік таксама быў пераважна лекарам, бо і само слова цырульнік — гэта перакручанае лацінскае «хірургіо». У 1650 г. у горадзе паўстаў цырульніцкі цэх, які праіснаваў цэлае стагоддзе. Цырульнікамі былі збольшага яўрэі, якія жылі на пляцах гродзенскага замка.

Цырульнік
У ХІХ ст. прафесія цырульніка паступова пачала прыходзіць у заняпад, паколькі збольшага самавучак-цырульнікаў пачалі замяняць прафесійныя лекары. З іншага боку ў рускамоўнае асяроддзе з нямецкай мовы прыйшло слова парыкмахер, якое абазначала выключна чалавека, які займаўся брыццём барады і стрыжкай валасоў.

Гарадская дума займалася правіламі стрыжкі

Пад канец ХІХ ст. ўлады пачалі акуратна сачыць за гігіенай у рабоце парыкмахераў. Напрыклад Гродзенская гарадская дума ў 1892 і 1899 гг. выдала два пастанаўленні аб правілах стрыжкі людзей.

У міжваенны час у Гродне было некалькі дзясяткаў цырульнікаў, самым папулярным з якіх быў Ісак Мееровіч, які перажыў вайну і працаваў да апошняга дня. У пачатку 1960-х гг. ягоным працоўным месцам была стыльная цырульня насупраць дома прафсаюзаў а таксама невялічкі будынак на прывакзальнай плошчы.

Прывакзальная плошча 1963 г. У драўляным дамку цырульня Мееровіча. Фота Віктара Саяпіна.
Цырульня па вул. Горкага. Пач. 50-х гадоў

Паход да цырульніка-парыкмахера — гэта было стыльна

Уявіце: белыя чысцюткія простыні, якімі накрывалі наведвальніка, прыемныя размовы з цырульнікам і абавязкова небяспечная, або клінковая, брытва, якую тачылі пры помачы спецыяльнага скуранога ляза.

Кожны паважаючы сябе спадар у міжваенныя гады завітваў галіцца да «свайго» цырульніка. Вось як успамінаў пра гродзенскую цырульню віленскі журналіст Юзаф Мацкевіч: «паварочваю на вуліцу Найдуса і заходжу да цырульніка яўрэя: — Паважаны спадар! — шургаціць крэслам. — Я вас ужо галіў. Мяне не кранула яго памяць. Гэта рытарычная фраза. Так ён казаў бы, калі б я галіўся першы раз у жыцці».

Сёння небяспечныя брытвы — толькі са зменным лязом

Сёння ў цырульні карыстацца традыцыйнай небяспечнай брытвай нельга. Для гэтага патрэбная досыць грунтоўная практыка, але галоўнае, што брытвы абавязкова трэба стэрылізаваць, а легіраваная сталь традыцыйнай брытвы ад такой працэдуры псуецца.

Добрыя барбершопы, у тым ліку гродзенскія, карыстаюцца заменнымі клінкамі небяспечных брытваў, але, як кажуць, «кайф ужо не той». Але, у рэшце рэшт, кожны можа набыць клінковую брытву і патрэніравацца на ўласнай шыі. У інтэрнэт-крамах небяспечная брытва каштуе ад 40 да 170 беларускіх рублёў! Толькі належным чынам затачыце брытву, бо зарэзацца тупым лязом значна прасцей, чым вострым.

Недзе ў Сан Дыега. Фота: Rob Sarmiento, unsplash.com

Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024

Кінуў амерыканскі футбол, каб займацца рэслінгам. Гродзенец Мікалай пачаў у Швецыі выступаць на рынгу і нават «змяніў імя»

Гродзенца Мікалая Лапкоўскага на вуліцах Стакгольма могуць назваць Дзімам - і ён адгукнецца. Менавіта пад…

12 красавіка 2024

Топ-7 касмічных вуліц Гродна: куды пайсці на шпацыр у Дзень Касманаўтыкі

Сусветны дзень касманаўтыкі адзначаюць 12 красавіка. У Гродне пра яго нагадваюць касмічныя тапонімы - турфірма…

12 красавіка 2024

«Адвакат мяне заблакаваў». За што завочна судзяць беларускіх актывістаў і чым гэта пагражае

У Telegram-канале беларускага Следчага камітэта "Спецпроизводство", акрамя публічных дзеячаў, пачалі з'яўляцца актывісты з рэгіёнаў і…

11 красавіка 2024