Людзі і справы

Беларускі скансэн у асобна ўзятым Instagram. Гарадзенец малюе вясковыя хаты, каб захаваць іх для нашчадкаў

Хаткі з прычолкамі і дамы з балцкімі шчытамі, разныя ліштвы і сонейкі пад чаротавымі дахамі. Пабачыць такую — даўнюю і аўтэнтычную Беларусь, сёння не так проста. Вёскі пусцеюць, старыя хаты застаюцца без гаспадароў і развальваюцца без догляду. Захаваць іх вырашыў гродзенец Андрусь Андрушкевіч — на сваіх малюнках у Instagram. Стварыць сапраўдны беларускі скансэн, а нават шэсць, па колькасць рэгіянальных архітэктурных адметнасцяў, застаецца пакуль толькі марай. Для Hrodna.life Андрусь расказаў, якім ён уяўляе беларускі скансэн і як стварае свой уласны — маляваны.

Цікаўнасць да вёскі - родам з дзяцінства

Любоў і цікавасць да беларускай вёскі ў Андруся Андрушкевіча — з маленства. Хлопец нарадзіўся ў Гродне, але вялікую частку дзяцінства правёў у бабулі і дзядулі, у вёсцы пад Ваўкавыскам.

«Там чуў старадаўні беларускі гоман, бачыў старыя драўляныя дамы заможных месцічаў. Ды і колеры для мяне тады былі цёплыя, яскравыя. Мабыць, гэта ўсё разам паўплывала на тое, што зараз я вярнуўся да драўлянай спадчыны і пачаў яе даследаваць».

Андрусь ездзіць па вёсках, размаўляе з жыхарамі і вывучае на практыцы архітэктурныя асаблівасці забудовы. Частку малюнкаў робіць на месцы, з натуры, частку — ужо па фотаздымках ці па памяці, седзячы ў цёплым фатэлі дома на вёсцы.


Домік у вёсцы Караліно, што на Гарадзеншчыне — з цудоўным блакітным пасляваенным ганкам. Гэты домік — квінтэсэнцыя шматгадовага развіцця драўлянай архітэктуры на Гарадзенскім Панямонні. Крыніца фота: woodenberg_inst

Чытайце таксама: «Хочацца захаваць дух Гародні». Гродзенец малюе драўляныя будынкі, каб звярнуць увагу на іх лёс

Як розняцца беларускія хаты ад Панямоння да Паазер’я

«Пачаў з паўночна-заходняй Беларусі - Астраўца і літоўска-латвійскага памежжа. Гэты рэгіён моцна хутарызаваны, тут дамінуюць хаты з так званым „балцкім шчытом“ (франтонам): вертыкальнае шаляванне пасяродку пераразае ланцуг з гарызантальных дошак, пасярод якіх знаходзіцца вакенца».

Тыповы балцкі драўляны дом пачатку ХХ ст. Яго адметнасцю з’яўляецца вынесены шчыт (франтон), што засцерагае зруб падчас дажджу. Пры такой канструкцыі не патрэбна мець прычолак
Крыніца фота: woodenberg_inst

Далей было падарожжа на ўсход поўначы, на Полаччыну. «Там мясцовае шаляванне шчыта падобна да Панямонскага, дзе сам шчыт падзелены на чатыры часткі: тры трохкутнікі ды простакутнік. Толькі на Полаччыне два бакавых трохкутнікі зусім малыя, што пераўтварае цэнтральны простакутнік у трапецыю».

Сярод адметнасцяў магілеўскага Падняпроўя Андрусь Андрушкевіч пазначае аскетычнасць архітэктуры. «Тут амаль зусім няма аздобы. Часамі на шчытах можна пабачыць сімвалічнае сонейка». Гомельскае Усходняе Палессе, па яго назіраннях, наадварот, вельмі дэкаратыўнае. «Там разьба па дрэву развівалася нават да 80-х гадоў мінулага стагоддзя».

Падняпроўскі домік у ваколіцах Бранска. Падняпроўем лічыцца Магілеўшчына, Смаленшчына і заходняя частка Браншчыны — этнічна беларускія тэрыторыі. Крыніца фота: woodenberg_inst

Месцам архаічнай архітэктуры хлопец называе брэсцкае Заходняе Палессе. «Без карункавай гомельскай разьбы, але ўсё ж дэкаратыўнасць прысутнічае. Пераважна гэта аздоба ліштваў ды шчыта. Ну і фішка ўсяго Палесся — чаротавыя дахі».

Палеская хатка ў вёсцы Стахава, што на старажытнай Піншчыне. Найбольшай архаічнасцю выдзяляецца Усходняе Палессе, дзе чаротавыя дахі мелі чатыры схілы, а больш пазнейшыя хаты ўжо прычолак, што дазваляла стварыць акенца на гарышчы. На малюнку — заходнепалеская хата пачатку ХХ ст., дзе прычолак моцна зменшаны і ўяўляе сабой падстрэшак.
Салярны сімвал — сонейка, прыйшоў да нас ад індаэўрапейцаў з тэрыторыі сучаснага Ірану. Гэтая сімволіка разам з традыцыйнымі ўзорамі насельніцтва сучаснай Беларусі стварыла сучасныя ўзоры, якія мы бачым на вышыўках. Палешукі захавалі вернасць гэтаму сімвалу і дадавалі яго на шчыты сваіх дамоў.
Крыніца фота: woodenberg_inst

Гродзенскі рэгіён, ці старадаўняе Панямонне, па архітэктурных асаблівасцях адмыслоўцы дзеляць на Панямонне Гарадзенскае і Панямонне Наваградскае. «Гарадзенскае — больш сучаснае, — тлумачыць Андрушкевіч. — Тут дамы маюць простыя вуглы і шаляваныя шчыты, амаль не сустрэнеш гліняных падлог. Шчыт гарадзенскіх хатаў падзелены на тры трохкутнікі і простакутнік. На Наваградчыне дамінуе вертыкальнае шаляванне. Вельмі часта — з дошчачкамі, заточанымі ўніз. Бярвенні тут часалі, але клалі „ў нахлёст“, як у часы Полацкага княства».

Дом мястэчкавага стылю канца ХІХ ст. Цудоўна захаваны будынак, на якім дзе-нідзе захаваліся рэшткі белага тынку. Дом мае два невялічкія акенцы на тарцы, павернутыя ў бок вуліцы. Акенцы такога стылю былі вельмі папулярныя ў ХІХ — пачатку ХХ ст. Іх можна досыць часта сустрэць у глухіх, а часамі і не зусім, вёсках.
Шчыт (франтон) ашаляваны гарызантальна, што досыць тыпова на поўначы Гарадзеншчыны, у ваколіцах Парэцкіх лясоў. Дом пабудаваны «пагонам», гэта значыць, што ўсе гаспадарчыя пабудовы разам з жыллёвай часткай накрыты адзіным доўгім дахам.
Крыніца фота: woodenberg_inst

Чытайце таксама: Друскенікі: як выглядае драўляная архітэктура за 40 кіламетраў ад Гродна

Беларусі патрэбна шэсць скансэнаў

Сапраўдны скансэн Андрусь наведаў у паўночна-ўсходняй Польшчы, на Варміі. Кажа, што гэта «вельмі добры прыклад таго, як можна захаваць самыя старыя ўзоры драўлянага дойлідства».

Скансэн — этнаграфічны комплекс, вёска-музей пад адкрытым небам. Назва пайшла ад першага ў свеце такога музея ў Швецыі. Зараз там сабрана больш за 150 дамоў, гаспадарчых пабудоваў і вытворчых комплексаў - кузняў, гутаў ці пякарняў, з розных канцоў краіны. Наглядчыкі кожнага дома ці комплекса, адзетыя ў строі эпохі, могуць расказаць, як жылі і працавалі прадстаўнікі розных сацыяльных групаў Швецыі у XVIII — XX стагоддзях.

На пытанне пра ідэальны Панямонскі скансэн хлопец кажа, што ён павінен складацца з хат ХІХ стагоддзя з «прысолкавымі» стрэхамі, і пабудоваў пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзя. Гэта дасць магчымасць прадэманстраваць эвалюцыю беларускага драўлянага дойлідства. «Канешне, было б няблага дадаць і гаспадарчыя пабудовы, але іх вельмі рэдка можна пабачыць». Агулам, на думку Андрушкевіча, варта было б падумаць пра ўласны скансэн для кожнага рэгіёна краіны. Такіх музеяў пад адкрытым небам трэба як мінімум шэсць — Панямонскі, Заходнепалескі, Усходнепалескі, Падняпроўскі, Паазерскі і Цэнтральна-беларускі. «Такім чынам мы захаваем адметныя рысы рэгіёнаў», — лічыць Андрусь Андрушкевіч.

Гомель, дом на вуліцы Парыжскай Камуны. Крыніца фота: woodenberg_inst

Чытайце таксама: Новый дракон для дома с драконами. Что нарисовала художница за неделю арт-марафона в Новом Свете?

Малюе, каб задакументаваць для нашчадкаў

Пакуль жа Андрусь марыць аб экспедыцыі ў глыбіню Наваградчыны, на мясціны, дзе жылі яго продкі, і малюе вясковыя хаткі.

«Гэта проста нейкае ўнутраннее імкненне. Нешта цягне мяне да даследавання старадаўніх драўлян хат, пазнання іх лёсу. Мае малюначкі - гэта спроба прыцягнуць увагу людзей да нашай бліжайшай гісторыі, якая пакуль што побач з намі, пра якую яшчэ можна даведацца і задакументаваць для нашчадкаў».

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Шматразовыя лампадкі і шалупіна замест фарбавальніка. Тры спосабы скараціць экаслед на Радаўніцу

Штучныя кветкі на магілах доўга раскладаюцца і вылучаюць таксіны. Іх лепш замяніць жывымі кветкамі. Яйкі…

8 мая 2024

«Усё, што заўгодна, каб выратаваць чалавечыя жыцці». Музыкі гурта Irdorath далі першае інтэрв'ю пасля вызвалення

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач далі першае інтэрв'ю пасля свайго вызвалення вясной 2023…

7 мая 2024

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024