Святы Патрык — адзін з найбольш папулярных святых сярод аматараў піва і забаваў. Ягоны дзень, 17 сакавіка, па ўсім свеце адзначаецца святочнымі парадамі, песнямі і танцамі. На дзень святога Патрыка можна апрануцца ў самыя экстравагантныя зялёныя строі ды ўволю павесяліцца з сябрамі. Так магло б быць і ў Гродне, калі б не загад «пазбягаць празаходніх настрояў». Але Hrodna.life усё ж паспрабаваў пафантазіраваць і прымерыць замежныя вайбы да роднага Гродна.

Пры чым тут «празаходнія настроі»?

Тэлерадыёкампанія «Гродна» нядаўна запусціла цыкл перадач «А что там на Западе». У эфіры вядомыя асобы будуць расказваць, як ім удаецца «пазбегнуць празаходніх настрояў».

"Участники выскажут свое мнение по поводу того, как гродненцам, несмотря на территориально приграничный регион, удается избежать прозападных настроений", — пішуць стваральнікі перадачы.

Зелянее ўсё! Як у свеце адзначаюць Дзень святога Патрыка

Адна з традыцый святкавання Дня святога Патрыка — зялёны колер. Людзі апранаюцца ў зялёнае адзенне ці хаця б упрыгожваюцца лісцікамі канюшыны. Печыва і нават піва ў гэты дзень таксама маюць быць зялёным. А гарады на Дзень святога Патрыка падсвечваюць зялёным адметныя будынкі.

У Парыжы 17 сакавіка зелянее кабарэ Мулен Руж. Такі цуд, калі чырвоны млын робіцца зялёным, бывае толькі раз на год. Таму вабіць шматлікіх турыстаў. У Чыкага і ў Вільні фарбуюць у зялёны колер мясцовыя рэчкі. У Сіднэі зялёным робіцца оперны тэатр. У Рыме ўключаюць зялёную падсветку Калізея. А што магло б зазелянець у Гродне?

А што магло б зазелянець у Гродне на Дзень святога Патрыка?

Чытайце таксама: Гродзенскі Патрык, які выйграў ідэалагічную вайну. Хто гэта і што пра яго вядома?