Горад

З прыбіральняй на вуліцы і душам у кухні. Якія кватэры ў Гродне можна купіць да $ 20 000?

Рэдакцыя Hrodna.life прааналізавала аб’явы аб продажы нерухомасці на сайце Kufar.by. Нядаўна мы пісалі пра самыя дарагія кватэры ў Гродне. На гэты раз мы абралі самыя танныя кватэры ў Гродне. У раздзеле аб продажы нерухомасці ўсяго 13 аб’яў з кватэрамі да $ 20 000. Часцей гэта кватэры ў прыватным сектары, нярэдка патрабуюць рамонту.

$ 9500 на вуліцы Суворава

Самым танным варыянтам выявілася аднапакаёвая кватэра ў прыватным доме з санвузлом на вуліцы і пячным ацяпленнем. У кватэры ёсць вада і электрычнасць, а газ прывазны. Агульная плошча — 31.3 кв. м. З кватэрай прадаецца і зямельны надзел — 3 соткі. У аб’яве ўдакладняюць, што можна купіць і суседнюю кватэру з усімі выгодамі.

$ 13 000 на вуліцы Грандзіцкай

У аб’яве няма фота і характарыстык кватэры. Прадаўцы пішуць, што за гэтую цану можна купіць аднапакаёвую кватэру плошчай 23 кв.м, надзел 5 сотак і гаспадарчыя пабудовы, а таксама частку ў нежылым доме.

Мяркуючы па Яндэкс.Картах, гэта частка драўлянага дома.

$ 13 500 на вуліцы Кабяка

За гэтую суму можна купіць палову долі (2 пакоя) у 3-пакаёвай кватэры па вул. Кабяка, у панэльным доме 1992 года пабудовы.

«У кватэры добры рамонт. Ва ўсіх пакоях — вокны ПВХ, падлога — ламінат або лінолеўм, у асобным санвузле — плітка. Кватэра цалкам гатовая для пражывання. Чысты і акуратны пад’езд, добрыя суседзі. Лоджыя і балкон зашкліць, ёсць склеп. Добры варыянт як для самастойнага пражывання, так і для здачы ў арэнду», — так апісваюць кватэру ў аб’яве.

$ 13 900 на вуліцы Віленскай

Аднапакаёвая кватэра 28,5 кв. м у цагляным доме 1901 года пабудовы — проста насупраць брамы Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода. У кватэры драўляныя вокны з падвойным шкленнем, столі вышынёй тры метры і шырокія падваконні. Кватэра відавочна патрабуе рамонту.

Прадаўцы пішуць: «Кватэра выдатна пасуе людзям, якія шануюць гісторыка-культурную спадчыну і камфортнае размяшчэнне ў горадзе. Акрамя таго, тут можна арганізаваць уласны бізнэс (ад здачы кватэры ў наём да хостэла, аптэкі, офіса, турфірмы, студыі прыгажосці ці рэкламнага агенцтва) — гэта першы паверх, гатовы да перавядзення ў нежылы фонд».

$ 14 500 на вуліцы Пучкова

Аднапакаёвая кватэра 31.4 кв. м у драўляным доме з надзелам больш за 6 сотак. У аб’яве пазначана вуліца Пучкова, хоць на фота відавочна відаць шыльду «2-й зав Далёкі». Усяго дом падзелены на тры кватэры.

У кошт уваходзіць цагляная прыбудова з падвалам і летні домік. У доме ёсць вада. Па вуліцы ідуць цэнтральная каналізацыя і газ, праект на падключэнне каналізацыі ёсць. «Дом патрабуе касметычнага рамонту», — пішуць прадаўцы.

$ 15 000 на 2-м завулку Куйбышава

Двухпакаёвая кватэра 32 кв. м у драўляным доме 1967 года пабудовы з надзелам у 3 соткі. У доме ёсць вада, газавае ацяпленне і для дадатковага абагравання — печ. Каналізацыя — мясцовая. Рэальнаму пакупніку абяцаюць добры гандаль.

$ 16 000 на вуліцы Урублеўскага

Палова чатырохпакаёвай кватэры з мэбляй ў панэльным доме 1971 года. У кватэры зроблены касметычны рамонт, устаноўлены вокны ПВХ. Прадаўцы адзначаюць, што кватэра цёплая і светлая, а таксама разглядаюць продаж кватэры цалкам.

$ 17 500 на завулку Перамогі

Трохпакаёвая кватэра ў прыватным цагляным доме, якая патрабуе сур’ёзнага рамонту. У кватэры есць халодная вада, цэнтральнае ацяпленне і каналізацыя, а газ прывазны. Ёсць гаспадарчыя пабудовы і двор для паркоўкі аўтамабіля. Гэтую ж кватэру ў іншай абвестцы прадаюць на $ 1000 даражэй.

$ 17 700 на вуліцы Гараднічанскай

Малюсенькая (усяго 17.3 кв. м) аднапакаёвая кватэра ў цэнтры Гродна з прыгожым унутраным падворкам. Столі ў кватэры — 3,43 метра, ёсць ацяпленне, халодная і гарачая вада, газ і цэнтральная каналізацыя. Перакрыцці паміж паверхамі драўляныя. «У кватэры ёсць туалет. Душ усталяваны на кухні», — удакладняюць дэталі прадаўцы.

$ 19 000 на вуліцы Ціміразева

Трохпакаёвая кватэра 47,5 кв. м у цагляным доме 1956 года пабудовы з пячным ацяпленнем. Ёсць газ, вада і электрычнасць. У кошт уваходзіць некалькі зямельных надзелаў, прыбудова, склеп, веранда, тры хлявы і падмурак пад гараж. «Яна без сучаснага рамонту, што дазволіць вам рэалізаваць свае самыя смелыя фантазіі. У кватэры ёсць усё, каб стварыць непаўторнае атмасфернае месца для жыцця!" — пішуць у абвестцы.

$ 19 500 на вуліцы Студэнцкай

Двухпакаёвая кватэра 37.5 кв. м у гістарычнай частцы горада ў доме 1910 года пабудовы. Кватэра без выгод, але ёсць магчымасць абсталяваць санвузел. «Кватэра пад рамонт, выдатна пасуе для здачы ў арэнду», — пішуць у аб’яве.

Асаблівасць кватэры — дзве асобныя, не злучаных паміж сабой пакоя з рознымі ўваходамі з агульнага міжкватэрнага калідора.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024