Людзі і справы

«Дэвід Лінч: Жыццё ў мастацтве» — відэаэкскурсія па трывожных успамінах

У Гродне і ў Беларусі наогул вельмі не хапае добрых аглядаў навінак кіно ды гульняў. Таму Hrodna.life з задавальненнем будзе публікаваць у сябе тэксты з блога Fandom.by.


«Дэвід Лінч: Жыццё ў мастацтве» гэта не зусім дакументалка. Я б хутчэй назваў гэты арт-праект відэаэкскурсіяй па трывожных успамінах і пугаючых мастацкіх вобразах у галаве творцы.

Так, менавіта творцы, а не рэжысёра. Фільм практычна цалкам прысвечаны дзіўнаму выяўленчаму мастацтву Лінча і шляху, якім аўтар прыйшоў да стварэння «карцін, што рухаюцца» — кінастужак. Само кіно тут практычна не згадваецца аж да апошніх хвілін. Гэта самае важнае, што трэба ведаць, каб не расчаравацца па выніках прагляду.

Астатняе залежыць ад таго, наколькі вы ўвогуле ўспрыімлівыя да мастацтва і схільныя да эмпатыі. Ці гатовыя вы паўтары гадзіны слухаць блытаныя апавяданні стомленага старога пра сваю дзіўную маладосць, разглядаць чорна-белыя фатаграфіі і мастацкія працы, што нагадваюць творчасць псіхічнахворых дзяцей. Не ведаю чаму, але я ахвотна гатовы.

Я ніколі не ствараў сабе куміраў з вядомых асоб, ніколі не хацеў быць да кагосьці падобным і ніколі не паглыбляўся ў чые-небудзь біяграфіі, тым больш у так званыя «гісторыі поспеху». Значна цікавейшымі для мяне былі аповеды простых людзей, іх досвед, думкі, вывады, да якіх яны прыйшлі ў выніку тых ці іншых падзей у сваім жыцці.

Не скажу, што гісторыя, расказаная Лінчам, уразіла мяне. Але наўрад ці за гэта можна кагосьці вінаваціць. Сам рэжысёр вельмі замкнёны чалавек, і я нават не ўяўляю, якія намаганні давялося прыкласці аўтарам фільма, каб прымусіць яго хоць неяк раскрыцца.

З тэхнічнага пункту гледжання ўсё выканана бездакорна. Доўгія планы галоўнага героя, якія змяняюцца псіхадэлічнай анімацыяй яго калажаў і малюнкаў, а таксама фота- і відэаматэрыяламі з яго сямейнага архіва. У рускім дубляжы маналогі рэжысёра агучыў Барыс Рэпетур. Выдатны выбар, але асабіста я бы ўсё ж аддаў перавагу арыгінальнай гукавай дарожцы. Па-першае, гаворка Лінча павольная і простая, а па-другое, раз ужо праект такі асабісты, то хацелася б усё ж паслухаць гісторыю з першых вуснаў. Шматлікія паўзы ў апавяданні запаўняе гіпнатычная музыка, у тым ліку і напісаная самім Лінчам.

І яшчэ адно цікаўнае назіранне. Лейтматывам усяго фільма з’яўляецца стварэнне Лінчам чарговага калажу. Асабіста мне здалася, што майстар падышоў да яго абсалютна не акадэмічна: узяў ліст і замест таго, каб распланаваць усю прастору, адразу пачаў з дэталёвай прапрацоўкі асобных элементаў. Магчыма, уся яго праца ў майстэрні перад камерай гэта проста пастаноўка, але мне чамусьці хочацца верыць, што не. Гэта магло б вытлумачыць загадкавасць яго фільмаў: Лінч проста бярэ і робіць, не ведаючы загадзя, куды яго прывядзе звілісты і ірацыянальны творчы працэс.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Бойка ў рэстаране і пустыя кінатэатры: пра што пісалі газеты ў Гродне 100 гадоў таму

Якія падзеі з жыцця Гродна асвятляла мясцовая газета "Echo Grodzieńskie" ў 1924 годзе? Вытрымкі з…

19 мая 2024

Спячыце самі і пачастуйце сяброў. Тры рэцэпты да дня выпечкі

Пірог з ласосем, слойкі з садавінай ці тварожныя вафлі – давайце адзначым Сусветны дзень выпечкі…

19 мая 2024

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024