Спадчына

«Драўляныя дамы можна ратаваць». Гродзенец аднаўляе рэдкі прыклад канструктывізму 1930-х

Як выявілася, у Гродне не толькі зносяць драўляныя пабудовы, але і даюць ім другое жыццё. Добры прыклад можна ўбачыць на вуліцы Чкалава, 13. Там 30-гадовы гродзенец Андрэй узяўся за рэстаўрацыю старога драўлянага дома, якая дастаўся яму ў спадчыну.

Дом № 13 быў пабудаваны ў 1930-х і доўгі час быў жылым. Але пасля 2010 года пабудова спусцела і перайшла ў статус закінутага жытла. Толькі ў 2018 за яго ўзяўся Андрэй.

Дом дастаўся яму ў спадчыну, але займацца ім раней ён не мог праз афармленне дакументаў і нястачу грошай.

Вырашыў тут жыць

Дом Андрэя знаходзіцца ў так званай «Настаўніцкай калоніі», якая забудоўвалася на сучасных вуліцах Чкалава і Асіпенкі. Сёння ад цэлага ансамбля драўляных пабудоў засталося восем дамоў у рознай ступені захаванасці.

«Заняцца домам раней у мяне не было магчымасці галоўным чынам праз афармленне дакументаў па спадчыне, — расказвае Андрэй. — Але калі ўсё вырашылася, я задумаў у доме жыць і таму заняўся ім. Прывесці дом ў добры стан цалкам рэальна. Вонкавую частку пакінем практычна без зменаў, а ўсярэдзіне амаль усё памяняем. Вядома, хтосьці скажа, што знесці і пабудаваць новы дом лепш. Але ў такіх дамах жывуць многія людзі, значыць усё цалкам рэальна».

Так дом Андрэя выглядаў у 2013 годзе. Праз год частка пабудовы пацярпела ад пажару

Калі грошай няма — лепей не брацца

Не заўважыць таго, што на Чкалава пачалі ратаваць стары дом, немагчыма. Літаральна за месяц працоўныя зачысцілі і пафарбавалі вялікую частку фасада будынка, а хутка прыступяць да ўнутраных працаў.

«Сёлета абмяжуемся толькі рамонтам фасада, а ў наступным годзе пачнем унутраныя працы, якія пацягнуць больш за ўсё сродкаў. Вядома, я не здужаю ўсё аднавіць, толькі тое, на што хопіць фінансаў і сіл. Але магу сказаць адно: драўляныя дамы ў Гродна можна ратаваць. Калі сродкі ёсць, то можна нешта рабіць, а калі не, то лепш не брацца», — дадаў Андрэй.

Добры прыклад

Гісторык Мечыслаў Супрон адзначае гэты прыклад як вельмі станоўчы.

«У раёне вуліц Чкалава і Асіпенкі знаходзяцца адзіныя ў сваім родзе драўляныя дамы ў стылі канструктывізму ў ансамблі. Сёння мы назіраем унікальны выпадак: з закінутай пабудовы сталі нешта рабіць. Практыка паказвае, што драўляныя хаты ў нас зносяць, але мы зараз маем добры прыклад. А наогул, шмат добрых прыкладаў у нас пад бокам, у тых жа Друскеніках, дзе драўляныя пабудовы актыўна карыстаюць пад жытло, офісы і рэстараны. Галоўнае даць людзям магчымасць».

Працоўныя кажуць, што самае складанае на дадзеным этапе рэстаўрацыі дома — чыстка перад афарбоўкай фасада

Даведка

«Настаўніцкая калонія» — унікальны комплекс драўляных будынкаў у стылі канструктывізму, які захаваўся ў Гродне.

Сёння вуліца Асіпенкі - пэўна што, самая маленькая вуліца ў Гродне. Тут усяго толькі пяць дамоў. Разам з яшчэ трыма дамамі, змешчанымі шэрагам на вул. Чкалава, яны ўваходзяць у абсалютна ўнікальны па еўрапейскіх мерках комплекс драўляных пабудоў. Дамы былі збудаваны ў сярэдзіне 1930-х гг. для настаўнікаў. Пры Польшчы гэтыя вуліцы зваліся ў гонар трагічна загінулых лётчыкаў Жвіркі і Вігуры (пасля вайны вуліцы пераназвалі ў гонар савецкіх лётчыкаў Валера Чкалава і Паліны Асіпенкі). Сёння ад унікальнага ансамбля драўляных пабудоў засталося ўсяго толькі восем дамоў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024