Карыснае

«Дзюнкерк». Эпічная камернасць ад Крыстафера Нолана

Крыстафер Нолан — унікальны рэжысёр. Кожная яго новая работа выклікае перастановы ў спісах лепшых фільмаў, расштурхваючы быццам бы навечна прапісаных там Хічкока, Спілберга, Скарсэзэ і іншых знакамітых аўтараў. Адныя толькі «Уцёкі з Шоўшэнка» сядзяць на першым месцы падобна ўзурпатару Ледзянога трона і холадна пазіраюць на ўсю гэту мітусню ўнізе.

Але вось «Дзюнкерк» выбухнуў такімі ацэнкамі на старце, што на месцы лідара я б захваляваўся. Хаця ацэнкі гэтыя і рэйтынгі… Каму патрэбна людская слава? Галоўнае, гэта зарад пачуццяў і перажыванняў, які перадаецца канкрэтнаму гледачу, піша аўтар блога Fandom.by.

Самому мне цяжка прызнацца ў вялікай любові да Нолана. Больш за ўсё мне спадабалася трылогія пра Бэтмана. «Інтэрстэлар» уразіў, але глядзець яго было даволі ўтомна, а вось шырока любімы фільм «Пачатак» мне не спадабаўся — як быццам з дзіцячай горкі праехаўся. Ну так, скачуць як у «Матрыцы» і дамы ў трубачку згортваюць. Неяк нішчымна ўсё. Дарэчы, падобнае пачуццё стэрыльнасці і пустэчы выклікаў у мяне «Завадны апельсін». Мабыць, нездарма Нолана з Кубрыкам параўноўваюць. Здаецца, і сюжэт цікавы, і знята добра, геаметрыя кадра і ўсё такое, але ўражанні, быццам заміж moloka клею для шпалер сербануў.

Яшчэ па першым трэйлеры «Дзюнкерка» я зноў адчуў гэту пустэчу. Так, неверагодна прыгожа, стылёва, колераперадача, ракурсы, настрой — усё крута, але… Чорт, няўжо зноў?! Чаму халоднымі краявідамі Рыдлі Скота можна цешыцца бясконца, а ад ноланаўскіх вее нудой ужо па трэйлеры? Я люблю смутак, але не такі ж стэрыльны. А тут у першым жа кадры фільма салдаты выглядаюць так, быццам рэжысёр асабіста кожнаму шынель і каску языком вылізаў, яшчэ і вуліцу з шампунем вымыў.

Аналізуючы прагледжанае на шляху дадому, я прыйшоў да высновы, што прычына гэтай стэрыльнасці ў тым, што ў фільмах Нолана заўсёды мала гаворачых дэталяў і сімвалізму. Ёсць панарама, ёсць партрэт, ёсць групавыя здымкі, а вось «фішак», за якія чапляецца вока, няма. З апошніх прыкладаў успамінаецца «Конг. Востраў Чэрапа». Прыгадайце, напрыклад, як былі распісаны шлемы пілотаў, як адлюстроўваліся выбухі ў іх сонцаахоўных акулярах, як трэсла балванчыка, калі верталёт цярпеў крушэнне. Гэтыя дэталі нязначныя для сюжэта, але часам яны раскрываюць персанажаў лепш усялякіх дыялогаў і амаль заўсёды ўдыхаюць душу ў паўпустыя пастановачныя кадры ці хоць бы разбаўляюць іх.

А цяпер бочка мёду

Я паглядзеў вельмі шмат фільмаў пра Другую Сусветную вайну і хачу сказаць, што «Дзюнкерк» — гэта адна з самых гістарычна дакладных карцін на маёй памяці. Магчыма, нават самая дакладная. Вядома, вобразы галоўных герояў зборныя і пэўныя дапушчэнні на карысць драматызму прысутнічаюць. Але для сучаснага мастацкага кіно гэта проста залімітавы ўзровень рэалістычнасці.

Па-першае, у фільме выкарыстоўваюцца сапраўдныя самалёты і судны часоў Другой Сусветнай. Я дапушчаю, што гэта рэпліка, а не арыгінал, але выглядаюць яны абсалютна праўдападобна. Па-другое, паветраныя баі і іншыя экшн-сцэны зроблены максімальна рэалістычна з мінімальным ужываннем камп’ютарнай графікі. Нешта падобнае я бачыў толькі ў фільме «Бітва за Англію» (1969).

Фота са здымак

Сама аперацыя адлюстравана таксама цалкам дакладна, без якіх-небудзь перагібаў і кваснага патрыятызму. Праўда, чуў, што французскія гледачы пакрыўдзіліся на тое, што іх продкі выстаўлены ў не вельмі прыемным свеце, хаця пакут на іх долю выпала не менш, а можа і больш, улічваючы той псіхалагічны прэсінг, які яны адчулі ў выніку ашаламляльнага разгрому, а ў наступстве яшчэ і капітуляцыі ўрада, з далейшай трансфармацыяй у калабарацыянісцкі рэжым. Што тут сказаць… Нолан брытанец, як і ўсе галоўныя асобы ў кадры, вось ён і зняў чыста брытанскі фільм. Не будзь ён брытанцам, наўрад ці ён бы ўвогуле ўзяўся за экранізацыю гэтак неадназначнай, на першы погляд, гістарычнай падзеі.

Дарэчы, раз ужо я ўзгадаў французаў: нават чарнаскурыя салдаты, якія з’яўляюцца на экране літаральна на некалькі секундаў — абсалютна чорныя як смала, а не проста нейкія мулаты, набраныя ў масоўку з вуліцы, што зноў жа поўнасцю адпавядае гістарычным рэаліям таго часу.

З гістарычнасцю разабраліся, цяпер — да галоўнага

«Дзюнкерк» гэта не проста ваенная драма. Шмат у чым гэта псіхалагічны трылер. Трылер пра змаганне з ворагам, які нябачны, але адчуваецца на ўзроўні інстынктаў. Адзін з галоўных парадоксаў фільма: навакол нікога — пустэльныя пляжы і бязмежны акіян, але ты літаральна фізічна адчуваеш непрыемную цеснату і пачуццё смяротнай небяспекі.

Гэтым настроем «Дзюнкерк» нагадаў мне савецкі фільм «Яны змагаліся за Радзіму». Там вакол салдатаў, якія, дарэчы, таксама адступалі, раскінуліся бязмежныя стэпы, а бегчы ўсё адно няма куды, таму што ў патыліцу дыхае вайна, якая да пэўнага моманту таксама не мае фізічнага ўвасаблення, а паўстае ў выглядзе нейкага небачнага, але блізкага стыхійнага бедства.

Чысціня ўніформы — мая лакмусавая паперка для вызначэння якасці ваеннага кіно. Мацёрыя рэжысёры ідуць да канца (пры наяўнасці бюджэту, вядома). «Дзюнкерк» у гэтым сэнсе крыху дзіўны. Чысціню ўніформы многіх брытанцаў можна вытлумачыць тым, што яны толкам не паспелі аніразу ўступіць у бой, але адкуль у іх такія доўгія валасы, калі з пачатку актыўных бітваў прайшло каля двух тыдняў? А засохлыя брудныя разводы на твары пры чыстай форме выглядаюць недарэчна, асабліва ўлічваючы той факт, што мясцуюцца салдаты на пяску, які не пакідае такіх слядоў пасля высыхання.

Вось толькі ў Бандарчука раскрыццё герояў адбываецца праз гутаркі і побытавыя сітуацыі, а ў Нолана па большай частцы праз учынкі і міміку акцёраў. То бок «Дзюнкерк» у большай ступені сузіральнае кіно: персанажы не заўсёды каментуюць ці тлумачаць свае дзеянні, але ўважлівы глядач і без слоў разумее, што да чаго.

Разнапланавасць дзеячых асоб нагадала мне кампанію ў гульні Battlefield 1. Але героі гульні больш персаналізіраваны і здзяйсняюць, можна сказаць, выбітныя ўчынкі, а ў фільме гэта ўсяго толькі выпадковыя людзі з натоўпу, якія проста спрабуюць дапамагчы ці выжыць. Не ва ўсіх нават імёны ёсць, што яшчэ раз падкрэслівае іх зборны вобраз. Кожная асобна ўзятая гісторыя даволі камерная, але менавіта іх колькасць і разнастайнасць падкрэслівае размах і эпічнасць падзей. І ў гэтым сапраўды заўважна найвышэйшае майстэрства рэжысёра.

Не менш за палову атмасферы фільма ствараецца праз гук. Адны атакі «Юнкерсаў» з іх знакамітымі сірэнамі чаго стояць. Ну, а музыка Ханса Цымера не мае патрэбы ў асобным прадстаўленні — тут яна, як і заўсёды, гучыць вельмі магутна.

Нарэшце, Нолан быў бы не Нолан, калі б уставіў у фільм абсалютна непатрэбную, на мой погляд, мітульгу з часам. Я разумею, аўтарскае бачанне, рэжысёрскі почырк і ўсё такое, але адна справа, калі ты здымаеш пра гарызонт падзей ці нейкія сны-ілюзіі, але тут гэта навошта? Час на планеце Зямля ідзе лінейна, ты расказваеш пра гістарычныя падзеі, у якіх была вызначаная паслядоўнасць, ну так будзь добры, сядзь, калі ласка, як належыць, і раскажы гэту гісторыю без лішніх крыўлянняў. Я разумею, што гэта суб’ектыўная прэтэнзія, і многія палічаць вытанчанае звядзенне розных сюжэтных ліній не толькі ў прасторы, але і ў часе «вішанькай на торце», але па мне так гэта непатрэбныя выкрутасы. Калі вельмі хацелася паказаць нейкі ўнікальны момант з розных ракурсаў вачамі розных персанажаў, то можна было б абысціся і без гэтага. Навошта ствараць дадатковы, чыста тэхнічны дыскамфорт у гледача? Як быццам ты чытаеш кнігу, толькі пагрузіўся, як лясь — наступны абзац напісаны не злева направа, а справа налева. Чытач, вядома, перажыве, але ён спатыкнуўся, у выніку чаго нітка апавядання страчана.

І вось я ў канцы зноў сарваўся на крытыку — так бывае, калі ўражанні ад фільма яшчэ не ўлегліся. Спачатку захапленне, потым пачынаеш пракручваць падзеі ў галаве зноў, аналізаваць, чаму тыя ці іншыя моманты былі зроблены так, а не інакш, рабіць здагадкі, як мага было б зрабіць па-свойму. Хочацца верыць, некалі і да гэтага дойдзе, а пакуль вялікае дзякуй камандзе за фільм. Пакуль што гэта адно з наймацнейшых уражанняў года.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024