Спадчына

Фабрыкі, ад якіх засталіся толькі пусткі: памяці Ашэра Касоўскага

Сто год таму Ашэр Касоўскі стварыў у Гродне некалькі буйных прадпрыемстваў. Іх будынкі ўжо страчаныя. Hrodna.life прапануе ўзгадаць гісторыю фабрык Касоўскага і абставіны іх зносу.

Некалькі тыдняў таму ў занёманскай частцы Гродна разбурылі гарбарны завод № 2, які ў савецкі час спецыялізаваўся на выпуску грубых скураў для абутку. Ні заклікі краязнаўцаў захаваць цікавы помнік прамысловай архітэктуры, ні дэкларацыі ўладаў пра імклівае развіццё прамысловага турызму не дапамаглі.

На месцы былой гарбарні Касоўскага цяпер купа друзу. Яе ў 2017 г. ужо ніхто не бараніў

На месцы гарбарні павінен паўстаць сяміпавярховы офісны будынак. Добра калі месца сапраўды не застанецца пустыром — як на вуліцы Васілька. Дзясяць гадоў таму там знаходзіўся вялізарны млын, які знеслі вясной 2007 г. так і не збудаваўшы на гэтым месцы нічога…

Прадпрымальнік Ашэр Касоўскі

І млын на Васілька і гарбарня на Гарнавых мелі аднаго ўладальніка — Ашэра Касоўскага, аднаго з найбольш цікавых прадпрымальнікаў міжваеннага Гродна. Ашэр Касоўскі нарадзіўся ў 1871 г. у мястэчку Лунна. Яго бацька Мардэхай займаўся скупкай зерня і сын пайшоў па ягоным шляху. Ён стаў прадстаўніком Гродзенскага сельскагаспадарчата таварыства і перапрацоўваў зерне некалькіх гродзенскіх памешчыкаў, пастяўляючы яго на гродзенскі правіянцкі склад.

Чытайце таксама: Сільвія Сіднэй — дачка яўрэя з Лунна, якая стала кіназоркай 1930-х

У канцы XIX ст. Ашэр Касоўскі ўжо валодаў млыном на Ласасянцы каля Гродна. Вадзяных млыноў там было некалькі. Яны засталіся ад часоў Тызенгаўза, але ў пачатку ХХ ст. збольшага належалі яўрэйскім прадпрымальнікам. Напрыклад, яшчэ адным млыном валодаў Вольф Вільбушэвіч. Дачка апошняга Марыя наогул стала легендарнай асобай. Палымяная рэвалюцыянерка, Марыя Вільбушэвіч стала адным з ідэолагаў руху кібуцаў (калектыўных гаспадарак) у Ізраілі.

Тэхнічны прагрэс паўплываў на працэсы памолу мукі і выпечкі хлеба. Пачалі з’яўляцца магутныя млыны з паравымі і дызельнымі рухавікамі. Вялізарны будынак млына на вуліцы Пясочнай (пазней вуліца Чапаева, а цяпер Васілька), зусім блізка ад павароту з вуліцы Кірава, пабудаваў перад самай Першай сусветнай вайной акурат Ашэр Касоўскі.

Дом Касоўскага — адзін з самых прыгожых у Гродне. Побач стаяў млын

У той час Гродна стала горадам-крэпасцю Расійскай Імперыі. Прадпрымальнік разлічваў, што наяўнасць у цэнтры горада млына, прыстасаванага і для патрэб арміі, будзе прыхільна сустрэта ўладамі. Аднак ён пралічыўся. Пачынаючы з восені 1914 г. Касоўскі некалькі разоў звяртаўся да камандавання Гродзенскай крэпасці з просьбай дазволіць яму адкрыць млын ва ўжо пабудаваным чатырохпавярховым спецыяльным будынку. Ён матываваў гэта значным зніжэннем коштаў мукі, «прабіваючы» сваю прапанову праз дэпутата Дзяржаўнай Думы Расійскай Імперыі Аляксея Азнабішына. Дэпутат сцвярджаў, што млын знаходзіцца ў глыбіні вуліцы і мае рухавік «Дызель» з глушыцелем, таму зусім не будзе перашкаджаць жыхарам прылеглых дамоў. Гарадская дума з просьбітамі не пагадзілася і ў сакавіку 1915 г. канчаткова адхіліла прапанову.

Аднак Касоўскі не разгубіўся і працягваў абсталёўваць млын. У пачатку восені 1915 г. змянілася ўлада — у Гродна прыйшлі немцы. Немцам млын прыйшоў даспадобы, а Ашэр Касоўскі на некаторы час нават увайшоў у гарадскую адміністрацыю і быў сябрам камісіі па забеспячэнні гараджан харчаваннем. Праўда, немцы хутка пачалі падазраваць яго ў махінацыях і адхілілі ад спраў.

Працаўнікі млына Касоўскага, 1917 г.
Вул. Чапаева, цяпер Васілька, у 1950-х гг. з домам Касоўскага і сцяной ягонага млына
Вул. Кірава ў 1979 г. на другім плане дом Касоўскага і ягоны млын

Гледзячы па ўсім Касоўскі хутка паправіў свае справы пасля Першай сусветнай вайны і ўжо ў 1924 г. адчыніў у занёманскай частцы горада сучасную гарбарню. У тыя часы яна была перадавым прадпрыемствам з уласным генератарам электрычнасці і сучасным абсталяваннем для апрацоўкі скур — кадзямі для вымочвання, жорнамі для размолу дубовай кары, уласнай артэзіянскай скважынай. На прадпрыемстве за тыдзень апрацоўвалася да тысячы скур, быў уведзены васьмігадзінны працоўны дзень, функцыянавала сталоўка для рабочых. Скуры, што вырабляліся на фабрыцы, лічыліся аднымі з найлепшых у Польшчы, а фірма Касоўскага (пазней належала Файнбергу, Любашынскаму і Раўшу і мела назву «Фалюра») прыносіла гораду да 50 тыс. злотых падаткаў у год.

Фотарэпартаж: Як дажывае свае дні былы гродзенскі гарбарны завод

Гэтая гарбарня акурат і была «кожзаводам», знесеным на вуліцы Гарнавых некалькі тыдняў таму. Сам Ашэр Касоўскі загінуў даўно, яшчэ падчас нямецкай акупацыі. Нехта кажа, што ў канцы 1942 г. яго вывезлі ў Трэблінку і атруцілі ў газавай камеры, а нехта кажа, што ён разам з блізкімі хаваўся ў адной польскай сям'і, але быў выкрыты і расстраляны фашыстамі літаральна за некалькі тыдняў да прыходу савецкай арміі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024

Кінуў амерыканскі футбол, каб займацца рэслінгам. Гродзенец Мікалай пачаў у Швецыі выступаць на рынгу і нават «змяніў імя»

Гродзенца Мікалая Лапкоўскага на вуліцах Стакгольма могуць назваць Дзімам - і ён адгукнецца. Менавіта пад…

12 красавіка 2024

Топ-7 касмічных вуліц Гродна: куды пайсці на шпацыр у Дзень Касманаўтыкі

Сусветны дзень касманаўтыкі адзначаюць 12 красавіка. У Гродне пра яго нагадваюць касмічныя тапонімы - турфірма…

12 красавіка 2024

«Адвакат мяне заблакаваў». За што завочна судзяць беларускіх актывістаў і чым гэта пагражае

У Telegram-канале беларускага Следчага камітэта "Спецпроизводство", акрамя публічных дзеячаў, пачалі з'яўляцца актывісты з рэгіёнаў і…

11 красавіка 2024