Людзі і справы

Ад страсення выратавалі афракасічкі, ад пераломаў - «сцілы». Гродзенцы распавялі, як любімае адзенне і фрызуры абаранілі іх ад траўмаў

Ад страсення мозгу Аляксандру выратавалі афракасічкі, а Юлю — дрэды. Леанід не патануў дзякуючы сумцы. Пры наездах машын Васіля двойчы выбаўлялі любімыя «сцілы». Ілля пасля лёгкай траўмы яшчэ больш палюбіў кеды. Карэспандэнткі Hrodna.life даведаліся, як любімае адзенне і модныя прычоскі ратавалі гродзенскіх нефармалаў у самых нечаканых сітуацыях.

Дрэды і касічкі спрацавалі, як шлем

Тры гады таму Аляксандра Хільмановіч ехала па горадзе на ровары. На пераходзе яе збіла машына. «Я разбіла галавой лабавое шкло», — кажа Аляксандра. У той момант яна аб галаве не думала — больш перажывала за нагу, заціснутую паміж бамперам і роварам. Але лекары ў шпіталі адразу адправілі на рэнтген. «Мне сказалі,
што разбіць галавой лабавое шкло — даволі небяспечна». Здымак паказаў, што ўсё ў парадку. Лекар дадаў, што ад страсення мозгу выратавалі… афракасічкі!

Трэнер спартыўных коней Юлія Пятрова працавала з арабскім жарабцом. «Прырода паклапацілася аб іх трываласці і хуткасці, але мозг і адвага ў камплект не змясціліся», — жартуе яна. На адной з трэніровак конь спалохаўся галінкі і «катапультаваў» наезніцу.

Юлія Пятрова трэніруе каня ў манежы. Фота з асабістага архіву

«Ад наступстваў падзення мяне выратавалі завязаныя ў хвост дрэды. Яны спрацавалі, як падушка бяспекі». Зараз вобраз Юліі на працы заўсёды дапаўняе абарона. «Шанцаванне — шанцаваннем, але шлем лепш апранаць».

Сумка выратавала Леаніда

«Я вучыўся ў пятым класе, — расказвае пра выпадак Леанід Вяршынін. Замест партфеля ён тады насіў сумку цераз плячо. — Мы ішлі з сябрамі са школы. Размаўлялі, штурхаліся. Вядома, пад ногі не глядзелі».

Выпадкова школьнік наступіў на край каналізацыйнага люка. Люк перавярнуўся і Леанід праваліўся ўнутр. «Там смярдзела каналізацыяй і была вада, — успамінае Леанід. — Але мая сумка зачапілася за край і я не ўпаў глыбока».

Прыкладна такі каналізацыйны люк трапіўся пад ногі Леаніду. Фота ілюстрацыйнае © Flickr / mylisa

«Калі б калі б не торба — праваліўся б. Люк адразу б зачыніўся, а я б патануў».

Кеды захавалі палец

«Мой сын Ілля стаяў побач з арэлямі-лодачкамі», — успамінае Вольга Захарэвіч. З двух бакоў арэляў сядзелі дзеці і каталіся «на перавагу». Ілля падставіў нагу пад гэтую арэлю, але не змог утрымаць. У гэты час на ім былі кеды з гумовым мыском.

Кеды цяпер — не толькі спартыўны абутак. Фота ілюстрацыйнае, Manki Kim, unsplash.com

«Яму моцна пашкодзіла палец. Лекар тады сказала, што калі б не гэтая гума [на мыску кеда], маглі б з вялікім пальцам проста развітацца».

Заплечнік стаў падушкай бяспекі

«Мой брат Ілля ішоў пасля трэніроўкі з вялікім заплечнікам, — распавядае Аляксей Шарыпаў. — Калі пераходзіў дарогу, ззаду ў яго з вялікай хуткасцю ўрэзаўся веласіпедыст». У заплечніку ў Іллі была спартыўная форма і купленыя па дарозе дадому прадукты. «Калі б не заплечнік, магла б атрымацца сур’ёзная траўма спіны. Са спортам прыйшлося б развітацца, — кажа Аляксей. — Заплечнік стаў для Іллі падушкай бяспекі».

Ілля Шарыпаў, фота з асабістай старонкі ва Укантакце

Хлопец і далей займаецца баскетболам. Зараз гуляе ў баскетбольным клубе «Барысфен» (Магілёў).

Боты-сцілы двойчы ратавалі ад пераломаў

«Ішоў на міні-рынак, з боку дзе разгружаюцца машыны. Праязджае чувак на машыне, спыняецца роўна на маёй назе і пытаецца, як праехаць на нейкую вуліцу», — распавядае Васіль Ад траўмы ў той раз яго выратавалі «сцілы» — боты з умацаваным металічнай пласцінай носам.

Сцілы — ахоўныя боты з умацаваным металічнай пласцінай носам

«Кажу: „Наогул, вы стаіце ў мяне на назе колам“. Кіроўца папрасіў прабачэння і ад’ехаў. Нага засталася цэлая».

Другі раз, прыкладна праз год, Васіль стаяў на скрыжаванні, дзе разварочвалася фура. «З-за заноса на павароце заднія колы наехалі мне на ногі». Васіль, як звычайна, быў у любімых «сцілах»: «Ногі зноў засталіся цэлымі».

Адзіным, чаго не вытрымалі чаравікі, стала арматура, якая тырчала з зямлі. «Ішоў у цемры і спатыкнуўся. Ад удару парваўся скураны верх і з’явілася ўвагнутасць на металічнай устаўцы «.

Касуха супраць «асфальтавай хваробы»

Касуха — ахоўная скураная куртка. Звычайна такія носяць байкеры. Фота ілюстрацыйнае, Adrian Ordonez, unsplash.com

«Аднойчы на ​​хуткасці не ўпісаўся ў паварот і вылецеў праз руль «лісапеда», — успамінае Раман Бабёр пра выпадак, калі яму дапамагла касуха — ахоўная скураная куртка. Звычайна іх носяць байкеры. Траўмы, атрыманыя пры падзенні з байка, яны называюць «асфальтавай хваробай».

«Імкнуўся знесці плячом бардзюр», — апісвае сітуацыю Раман. Траўмы атрымала ў той раз толькі касуха. «Пры сутыкненні сарвала пагон, а я саслізнуў з бардзюра і ніфіга не выцяўся».

Спадзявацца не толькі на ўдачу

Многія звыклыя зараз элементы дэкору адзення раней ужываліся для абароны. Боты-сцілы прыдумалі для грузчыкаў, якія пераносілі цяжкасці. Умацаваныя насы спартыўнага абутку — для спартсменаў. Пазней такія рэчы сталі папулярнымі. Іх выбіраюць за практычнасць і асаблівы стыль. Добра, калі любімыя рэчы дапамагаюць у непрадбачаных сітуацыях. Яшчэ лепш — апранаць шлем, захоўваць хуткасны рэжым, на дарозе глядзець па баках і спадзявацца не толькі на поспех і рэчы-талісманы.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024