Нёман расцягнуўся амаль на 1000 кіламетраў. Яму прысвячалі вершы і песні творцы розных краін. Гэта рака, якая замяняла Тэмзу, а таксама дала назву фабрыкам і спартовым клубам. Пра ўсё гэта чытайце ў новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі»

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

Ё - нЁман. 5 фактаў пра раку, якая дала назву фабрыкам, музыкам і спартовым клубам
Нёман. Малюнак: Ігар Варкулевіч

1. Што мы ведаем пра назву

У старажытнасці для абазначэння ракі на мапах географы выкарыстоўвалі назву «Кронан». Гэтую назву можна звязаць са старажытнагрэцкім богам часу — Хронасам. Пад такой назвай рака патрапіла на першыя еўрапейскія мапы.

Сучасная назва Нёман сугучна са словам «нямы», што значыць «ціхі». Ва Усходніх Прусах рака мела назву Мемель, што таксама азначала «нямую» і «ціхую». Але, разглядаючы балцкія карані назвы Нямунас, можна ўпэўнецца, што ён усё ж такі «хатні», «наш» і «свой».

2. Як Нёман замяніў Тэмзу

У 1979 годзе на Нёмане здымалі фільм паводле твора Джэрома К. Джэрома «Трое ў чоўне і пёс з імі». Падарожжа трох сяброў па Тэмзе было зняць немагчыма, таму ў ваколіцах горада Савецка (Калінінградская вобласць — Hrodna.life) Нёман замяніў Тэмзу.

3. Рака, пра якую пісалі і спявалі

Шматлікія аўтары ўзгадвалі ў сваёй творчасці, альбо прысвячалі свае творы Нёману. У бібліяграфіі гродзенскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі ёсць кнігі «Над Нёманам» і «Людзі і кветкі над Нёманам». Рускі паэт Фёдар Цютчаў у 1853 годзе напісаў верш «Неман». Савецкі паэт Анатоль Астрэйка напісаў вядомы верш «Ой, бацька мой Нёман», які пазней стаў знакамітай песняй, што спяваюць і дасюль. Польскі музыка Чэслаў Выджыцкі выкарыстаў назву ракі як творчы псеўданім. Сёння мы яго ведаем як Чэслава Немэна.

4. Хто яшчэ носіць назву ракі?

Не толькі Чэслаў Немэн выкарыстаў назву ракі як сваё імя. Некалькі беларускіх спартовых клубаў названы ў гонар трэцяй па велічыні ракі ў Беларусі. Таксама назву Нёман выкарыстоўваюць шклозавод у Бярозаўцы, абутковая і тытунёвая фабрыкі ў Гродне.

5. На «Нёмане» можна было пракаціцца

У міжваенныя часы на вуліцы Брыгіцкай (суч.Карла Маркса) знаходзілася «Крэсова фабрыка ровараў і матацыклаў „Нёман“». Гэта было адно з вядучых прадпрыемстваў Гродна таго часу. На фабрыцы выпускалі ровары, мапеды і матацыклы. На сённяшні дзень прадукыі гэтай фабрыкі няма нават у гісторыка-археалагічным музеі. Адзінкавыя ровары можна знайсці ў калекцыянераў.