Спадчына

Гісторык і паэт: новая кніга Святланы Куль — падзея ў беларускай паэзіі

Паміж выхадам першага і другога паэтычнага зборніка Святланай Куль прайшло пяць гадоў. Пра новую кнігу паэткі «Вершы. Байкі. Паэмы. Кніга 2» піша Ірына Шатыронак.

У каляровым афармленні новай кнігі выкарыстаны ілюстрацыі-выцінанкі мастачкі Вольгі Бабурынай. Прыгожая ідэя з сімвалам матылька мае некалькі сэнсаў, гэта сімвал жыцця, любові, душы, а расчыняеш кнігу і ўражанне, што матылёк ляціць.

Змест кнігі падзелены на глаўкі: «Яна ў сваім жыве календары», «Асабістае», «Балады і песні», «Настальгія», «Памяць», «Вайна», «Вянкі, вясёлкі, нізкі», «Паэмы», «Байкі».

У паэзіі Святланы Куль ўдала спалучаюцца яе гістарычныя веды — летазлічэнне, даты, таямніцы часу і каляндар.

Гарадзенская паэтка таленавіта шматгранна, ёй падуладныя розныя формы: санет, паэма, балада, песня, лірыка, байка. Перад намі - спелы творца, які ў пастаянным пошуку, у развіцці, гэта толькі пацвярджае маладосць яе духу і памкненняў.

Думаю, выхад новай кнігі вершаў Святланы Куль — не толькі падзея ў творчым і культурным жыцці Гродна, але і ў сучаснай беларускай паэзіі ў цэлым. Гарадзенскія чытачы могуць толькі ганарыцца, што з намі побач жыве, працуе, удасканальваецца і творыць паэт вялікага майстэрства і незвычайнага індывідуальнага почырку. Прыйшоў час паэта Святланы Куль, ёй ёсць, што сказаць свету, і яна шчодра з намі дзеліцца сваёй лірай.

Паэтычны дар немагчыма абмежаваць нейкімі рамкамі, талент вольны, ён падпарадкоўвае ўсе, і прафесію таксама. Хоць Святлана Куль пераконвала нас, што можа перамыкацца, трымаць унутраную дысцыпліну, запрагацца ў работу гісторыка-навукоўца.

Ужо верасень, хутка пачнуцца лекцыі, навуковыя канферэнцыі, выступы, чацвёрты год Святлана Куль працуе ў Польшчы. Энергія паэзіі застаецца з ёй, гэта цалкам самастойная і незалежная субстанцыя, час ад часу яна назапашваецца ўнутры і потым вырываецца бурным патокам, цешачы і мучая Святлану нечакана новымі тэмамі, мастацкімі вобразамі.

Звярнула ўвагу на адну дэталь. Усе вершы ў зборніку маюць назвы і даты напісання. Апошні не пазначаны, хутчэй за ўсё, гэта аўтарскі прыём. Аўтар не развітваецца з намі, адкрыты канец, мяркую, абяцае ў будучыні новыя сустрэчы.

Аднойчы мне не хопіць словаў,

Дыханее спыніцца на ўздыху,

Я замаўчу,

Хай ціха-ціха

Для вас гаворыць сад вішнёвы.

З маёй тугой, з маёй усмешкай

Хай шэпчуць, што сказаць павінна,

Мае лілеі і шыпшына,

Мае півоні каля сцежкі.

І мой арэх, магутны, пышны,

Што памятаў маё дыханне…

Калі для вершаў слоў не стане,

Яны замест мяне напішуць.

У афішы прэзентацыі, што прайшла ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы, было напісана «Гісторык і паэт». Напэўна так правільна. Але мне больш падабаецца «Паэт» — асобна, самастойна. Святлана Куль — сама стаіць і вылучаецца ад іншых у сучаснай беларускай паэзіі сваёй адметнасцю стылю, самадастатковым поглядам і глыбінёй светаразумення.

Пажадаем паэту радасных творчых пакут і новых кніг.

У добры шлях!

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024