Людзі і справы

Гродзенец паводле старых чарцяжоў будуе ладдзю вікінгаў, каб даплыць да Балтыкі

З ранняга дзяцінства Андрэй Блажэвіч захапляецца гісторыяй. Мара пабудаваць уласны карабель не пакідала яго ніколі. Улетку 2016 года гродзенец адважыўся рэалізаваць даўнюю ідэю і ўзяўся за будаўніцтва сярэднявечнай ладдзі. Зараз рэканструктар ўвесь вольны час прысвячае гэтаму. Ужо ў жніўні 2017 года ён плануе спусціць на ваду гатовае судна, якое назаве «Інгерт».

Гістарычнай рэканструкцыяй гродзенец займаецца з 2011 года. Спачатку ён захапіўся эпохай позняга сярэднявечча, а пасля стаў вывучаць эпоху вікінгаў і паганства.

«Я сам зараз паганскай паўночнай веры. Адраджаю традыцыі скандынаваў не толькі ў тэорыі, але і на практыцы, — распавядае Андрэй. — Гэта мне бліжэй па духу, чым хрысціянства».

Пачаць будаваць ладдзю раней хлопец не мог: бракавала ведаў і фінансаў. Ды і вучоба адымала шмат часу.

«Крыніц дахрысціянскай Еўропы, калі па морах і рэках хадзілі вікінгі, захавалася мала. Мне прыйшлося выдаткаваць шмат часу на вывучэнне знойдзеных чарцяжоў і спецыяльнай літаратуры на розных мовах, перш чым узяцца за будаўніцтва ладдзі», — кажа Андрэй.

Паводле яго слоў, у Гродне падобных праектаў яшчэ не было, бо не кожны возьмецца за стварэнне драўлянага судна. Для гэтага трэба пляцоўка, матэрыялы, час, працоўная сіла і многае іншае, кажа хлопец.

Андрэй будуе сваю ладдзю на хутары недалёка ад Гродна

Аснова — малая баявая ладдзя

Андрэй будуе ладдзю на хутары за горадам, дзе ёсць інструментальная база і камфортныя ўмовы. Час ад часу рэканструктару дапамагаюць сябры.

«Мая ідэя авантурная, бо ў большай ступені займаюся ёй я сам. Ёсць, вядома, сябры, якія прыходзяць і дапамагаюць, але ў цэлым пошук інфармацыі і рэалізацыя ідэі ляжаць цалкам на мне. Я ўзяў за аснову малую баявую ладдзю, знойдзеную на ўзбярэжжы Даніі. Мой тып карабля гэта нешта прамежкавае паміж рыбацкімі лодкамі і вялікімі дракарамі. Такія караблі вікінгі выкарыстоўвалі для паходаў па дробных рэках і для выведкі. Сустракалася інфармацыя, што на такіх лоддзях паўночнікі пераплывалі Балтыйскае мора».

Даводзіцца ахвяраваць гістарычнасцю

Перад пачаткам будаўніцтва Андрэй азнаёміўся з вялікай колькасцю дакументаў аб рэгістрацыі судна ў Беларусі. Такая маламерная лодка, якая ў будучыні будзе ў гродзенца, не патрабуе дазволу на будаўніцтва. Ладдзя будзе разлічана на 11 чалавек экіпажа, плюс два пасажыры і груз. Плануецца, што там будзе пяць пар вёсел і асобны шосты рулявы па правым борце. Лодка будзе забяспечаная мачтай. У часы вікінгаў такія лодкі разганяліся з дапамогай весляроў да 18 вузлоў - больш за 40 км/г.

«Я называю свой праект не рэканструкцыяй, а высокадакладнай стылізацыяй. Калі займацца рэканструкцыяй, то гэта будзе аднаўленне, пачынаючы ад інструментаў таго часу, і заканчваючы каваннем кожнага цвічка і заклёпкі. У гэтых умовах мне было б значна складаней працаваць. Напрыклад, у вікінгаў у будаўніцтве дракараў удзельнічала ўсё паселішча, а гэта магло быць і 500, і 1000 чалавек. У іх было наладжана дакладная вытворчасць і падзел працы. У маім жа выпадку, мне даводзіцца быць цесляром, кавалём, ткачом, краўцом, шаўцом і г. д. Зразумела, што однаму цяжка рабіць цэлае судна, таму мне даводзіцца ахвяраваць гістарычнасцю».

Так, Андрэй не выразаў з бярвенняў дошкі, а замовіў гатовыя на пілараме. А вось выгнутыя драўляныя канструкцыі для розных частак судна прыходзілася рабіць самому, паводле ўсіх канонаў рэканструкцыі.

Цяпер мэта хлопца — паспець усё зрабіць да жніўня. Сябры ўжо ў адпачынках, таму працуе ён адзін. Але зацікаўленых валанцёраў ён заўсёды рады бачыць у сябе.

«Інгерт» стане першай гродзенскай ладдзёй

У будучыні Андрэй плануе выкарыстоўваць сваю ладдзю на розных фестывалях і рэканструкцыях. Гатовы нават плыць у Клайпеду на свята мора.

«Мне падабаецца тое, што я раблю. Такім чынам я адраджаю гісторыю. У будучыні са сваёй ладдзёй, якую назаву „Інгерт“ (у перакладзе з ісландскага — „пад абаронай Бога“), я планую ўдзельнічаць у розных фестывалях і рэканструкцыях. Гэта будзе першая гродзенская ладдзя і яна павінна быць у нашым горадзе, бо ў 9−10 стагоддзі шведы актыўна выкарыстоўвалі Нёман у сваіх мэтах. Не выключана, што паўночнікі на нашых землях пакінулі свой след».

Будаўніцтва гродзенскага судна ідзе паводле чарцяжоў знойдзенай на берагах Даніі ладдзі вікінгаў

Сабраць рэканструктараў і зладзіць фестываль

Андрэй не адзіны ў Беларусі, у каго будзе свая ладдзя. У 2014 годзе ў Лідзе рэканструктары пабудавалі дракар і ўжо два разы хадзілі на ім па Нёмане.

«З лідскімі хлопцамі, якія зрабілі дракар „Яцвяг“, мець зносіны мне не давялося. Мне здаецца, трэба мець зносіны, калі табе ёсць што прапанаваць, а не проста з ідэямі. Але я, як і яны, хачу са сваім суднам дайсці да Балтыкі. На 60% маё судна ўжо гатова, засталося няшмат. Я планую, што ўжо ў жніўні скончу будаўніцтва лодкі і спушчу яе на ваду».

Менавіта тады Андрэй будзе гатовы да супрацоўніцтва з іншымі рэканструктарамі. Ён не выключае, што справа можа дайсці нават да якога-небудзь новага фестывалю.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024

Шматразовыя лампадкі і шалупіна замест фарбавальніка. Тры спосабы скараціць экаслед на Радаўніцу

Штучныя кветкі на магілах доўга раскладаюцца і вылучаюць таксіны. Іх лепш замяніць жывымі кветкамі. Яйкі…

8 мая 2024

«Усё, што заўгодна, каб выратаваць чалавечыя жыцці». Музыкі гурта Irdorath далі першае інтэрв'ю пасля вызвалення

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач далі першае інтэрв'ю пасля свайго вызвалення вясной 2023…

7 мая 2024

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024