Здароўе і спорт

Трава ля дома: гродзенка 5 гадоў гатуе з пустазелля і гатова падзяліцца рэцэптамі

Больш за 5 гадоў Лена Майсюк выкарыстоўвае ў сваім рацыёне травы і дзікія расліны. Каб прыгатаваць абед, яна ідзе не ў краму, а на градку, за… пустазеллем. Аказваецца, ім можна цалкам бясплатна замяніць і зеляніну з рынку, і аптэчныя вітаміны. Як прыгатаваць салаты, дэсерты і нарыхтоўкі з таго, што само расце побач з намі, Лена распавяла Hrodna.life. Паспрабуйце і вы, пакуль лета не скончылася.

«Першай пачынаю есці сныць. Яна прабіваецца скрозь леташнюю лістоту як толькі сыходзіць снег. Першыя сціснутыя лісцікі ўтрымліваюць мікраэлементы і вітамін С. Яны дапамагаюць аслабленаму за зіму арганізму набрацца сіл. Потым раскрытае лісце робіцца больш сухім і жосткім», — распавядае Лена.

Наступныя на чарзе — крапіва, лебяда (марь белая), зоркаўка (звездчатка, макрыца), жоўтыя кветкі дзьмухаўца, трыпутнік, маці-і-мачаха, шчаўе. Гэтыя расліны ў розных спалучэннях яна выкарыстоўвае для салатаў.

Шчавель
Лебяда (марь белая)
Зоркаўка (макрыца)

Захапленне травамі пачалося з праполкі градаў. Дакладней, з пошуку спосабаў барацьбы з пустазеллем. Пачала глядзець у інтэрнэце, што гэта за расліны. Аказалася, многія з іх вельмі карысныя. Вырашыла паспрабаваць на смак.

«Нядаўна знайшла ядомы баршчавік звычайны — вельмі духмяны»
«Спадабалася мар белая, яе называюць лебядою, але яна мае толькі падабенства формы лісця. У дзьмухаўца ўсе рэкамендуюць лісце, але мне смак не зайшоў. Затое жоўтыя кветкі па вясне проста так ем. А яшчэ рыхтую з іх сіроп. На тры літры вады з дзьмухаўцамі дадаю ўсяго адну лыжку цукру. У падвале ён нармальна захоўваецца цэлы год. Карані дзьмухаўца па восені капаю і раблю кававы напой».

Крапіва і макрыца добрыя для салата. А вось падбел (маці-і-матчаху) Лена раіць выкарыстоўваць, хутчэй, як прыправу — занадта шмат у ёй усяго карыснага.

Лісты падбелу і падарожніка
«Крапіву смела можна зрываць, узяўшы пад лісцікам. Так яна не ўкусіць. Калі згарнуць у камячок і прыкусіць зубамі, то можна есці нават сырой. Часам у гатовыя гарачыя стравы дадаю лісце — яны робяцца больш эластычнымі і не джаляць».

Наступны дэлікатэс — лопух. «Сцябліны рэгулярна тушу, як спаржавую фасолю. Лісце пакідаю на адвары для мыцця валасоў. Гэта двухгадовая расліна. Разеткі першага году больш разгалістыя. Лепш выбіраць для гатавання іх. Яны не горкія. Сёлета паспрабавала засаліць іх у слоіках з расолам, як агуркі».

Ведаў пра расліны з кожным сезонам робіцца больш. У чымсьці дапамагае разабрацца падораная ў дзяцінстве дзядулем кніга па батаніцы. Многае падказвае інтэрнэт. «Нядаўна мне ў Сербіі распавялі аб дадатку Pl@ntnet — наводзіш фотакамеру смартфона з праграмай, робіш выразнае фота і дадатак шукае інфармацыю пра расліну. Так адкрыла для сябе вельмі смачны баршчэўнік звычайны. Вядома, ведаючы пра небяспеку баршчэўніка Сасноўскага, звярнулася да аднаго з дасведчаных травазнаўцаў. Ён пацвердзіў: мой баршчэўнік — ядомая расліна. Ужо спрабавала і гэты смак стаў адным з маіх фаварытаў».

Без чаю не сумую

Звычайны чай таксама паступова выцесніўся з кухні травянымі зборамі. «Яны духмяней і я адчуваю, як дзейнічаюць травы. Увесь зялёны сезон іх нарыхтоўваю. Канюшыну і святаяннік проста збіраю і сушу. Скрыпень і лісце суніцы ферментую».

Звычайна гэта бывае так: трэба сесці перад ноўтбукам і ўключыць цікавы фільм. Пажадана — навукова-папулярны або дакументальны. «Пакуль глядзіш — „круціш“ лісце паміж далонямі, пакуль яны не пацямнеюць ад вылучанага соку. Звычайна хапае 20−40 секунд на шарык. Гатовыя шарыкі трэба скласці шчыльна адзін да аднаго і накрыць мокрым ручніком. Зверху пакласці гнёт на суткі. Дасушваць можна на падваконні, час ад часу пераварочваючы».

«Яшчэ ў мяне растуць валошкі, рамонкі, сардэчнік, дзіванна. Хачу ў гэтым годзе паспрабаваць нарыхтаваць лісце вінаградніка. І вядома — працягваць вывучаць, якая трава расце ля дома».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024