Горад

Гуляй, назірай, вучыся. 7 гродзенскіх спосабаў пракачаць мазгі ў вольны час

Лепшы адпачынак — паляжаць на канапе перад тэлевізарам ці пасядзець у сацсетках. Калі згодны — закрывайце артыкул. Бо тут мы ўзгадаем зусім іншыя спосабы бавіць вольны час. Яны даюць магчымасць адпачыць так, каб не мучала потым сумленне за бяздарна страчаныя гадзіны.

1. Мазгабойня — інтэлектуальныя баі на выжыванне

Здымак з суполкі Мазгабойні ВКонтакте
Камандныя спаборніцтвы ў логіцы, эрудыцыі, хуткасці мыслення і шмат чым яшчэ — гэта Мазгабойня. «Пошалить извилинами» запрашаюць ахвотных двойчы ў месяц. Каб паўдзельнічаць у турнірах, трэба сабраць каманду інтэлектуалаў і зарэгістравацца на ўдзел у бліжэйшай гульні. Час і месца спаборніцтваў можна знайсці ў групе суполкі ў VK.
Здымак з суполкі Мазгабойні ВКонтакте

2. Квэст-рум — логіка перад усім

Арганізатары квэст-румаў прапануюць інтэлектуальныя задачы, рашаць каторыя прыходзіцца ва ўмовах, набліжаных да рэальных і за абмежаваны час.

Здымак са старонкі квэст-рума Zasada

Квэст-румы Гродна прадстаўляюць магчымасць адчуць сябе сакрэтным агентам (ExtraReality) ці здейсніць ідэальнае рабаўніцтва (ZASADA), пазбегнуць расправы інквізіцыі (Real Game), выратавацца з загадкавага замкнёнага пакою (Quester), перажыць зомбі-апакаліпсіс (PodZamkom). Падрабязнасці ўдзелу шукайце на старонках квэструмаў.

Здымак са старонкі квэст-рума Quester

3. Tandem Evenings in Hrodna — сустрэчы для ахвотных паразмаўляць на замежных мовах

Моўныя сустрэчы ў гэтай суполцы гэта не курсы па вывучэнню мовы. Сюды прыходзяць за магчымасцю паразмаўляць, падзяліцца сваімі ведамі, абмяняцца культурным досведам пра іншыя краіны, сустрэць іх жыхароў і людзей, якім цікава развівацца.

Tandem Evenings in Hrodna прызначаныя як для тых, хто добра ведае замежную мову, так і для тых, хто толькі пачынае яе вывучаць. Больш дасведчаныя ў мове людзі арганізуюць вакол сябе ўдзельнікаў і становяцца лідарамі моўных сталоў. Пастаяннымі мовамі камунікацыі на Tandem Evenings in Hrodna сталі англійская, польская і французкая.

Здымак з суполкі Тandem ВКонтакте

Таксама час ад часу збіраюцца аматары літоўскай, нямецкай, іспанскай і нават японскай. Кожны, хто знаёмы з іншай замежнай мовай, можа прапанаваць яе да вывучэння.

Здымак з суполкі Тandem ВКонтакте

Падрабязнасці можна знайсці ў суполцы ў VK.

4. Мова нанова — граматыка, песні і гульні з цікавымі гасцямі

Прысвяціць вольны час вывучэнню роднай мовы можна, далучыўшыся да сустрэч суполкі «Мова нанова» ў Гродне. Тут прапануюць неакадэмічнае вывучэнне мовы — у інтэрактыўных формах, цікава і нязмушана.

Штотыдзень па панядзелках ахвотныя збіраюцца, каб папрактыкаваца ў граматыцы ці засвоіць новую лексіку праз узаемадзеянне. Абавязковая ўмова і атракцыя кожнай сустрэчы — цікавы госць.

У розны час сюды завітвалі тэлевядоўцы Юры Жыгамонт і Андрусь Такінданг, музыкі Зміцер Вайцюшкевіч і Лявон Вольскі, а таксама многія адмыслоўцы сваёй справы — будаўнікі, гісторыкі, лекары, кухары ды іншыя — заўсёды беларускамоўныя.

Інфармацыю пра тэмы наступных заняткаў і анонсы гасцей шукайце на старонцы Мова нанова Гародня ў VK.

5. «RED ART» — ты сам сабе Ван Гог і Эндзі Уорхал

Цікавы фармат адпачынку — маляванне па матывах класічных карцін — прапануе ў Гродне суполка Red Art. Ахвотныя паспрабаваць сябе збіраюцца ў адной з гарадзенскіх кавярняў і пад кіраўніцтвам прафесійнага мастака ствараюць копію-інтэрпрэтацыю якой-небудзь знакамітай карціны.

Здымак з суполкі RED ART у Facebook

Філіжанка кавы, кубак чаю ці келіх віна спрыяюць разняволенай атмасферы сустрэчы, а каб голад не адцягваў увагу ад творчасці, у перапынку гасцям падаюць арт-салат. Праз дзве гадзіны кожны ўдзельнік мае мноства добрых уражанняў і ўласнаручна створаны шэдэўр.

Здымак з суполкі RED ART у Facebook

Крыніцай натхнення для ўдзельнікаў суполкі ўжо былі працы Рэнэ Магрыта, Эндзі Уорхала, Вінсента Ван Гога ды іншых. Пабачыць, як гродзенцам удавалася паўтарыць творы мастакоў, можна ў суполках RED ART у FB і VK. Тут ахвотныя могуць выбраць краціну, кавярню і зручны для сябе час, каб самім стварыць жывапісны шэдэўр.

6. Цэнтр адпачынку і развіцця «Партал» — гульня, хэнд-мэйд і чай з Wi-Fi

Здымак з суполкі «Партала» ў VK

Практычна на любы час ад поўдня да паўночы ў любы дзень тыдня тут ёсць прапановы, як пабавіць час. У «Партале» можна навучыцца гуляць у шахматы, го ці іншыя інтэлектуальныя гульні, удзельнічаць у турнірах, даведацца, як заварваць кітайскі чай ці пагаварыць па-англійску.

Тут праходзяць майстар-класы майстроў хэнд-мэйда і трэнінгі ад розных адмыслоўцаў. Расклад падеяў «Партала» можна знайсці на старонцы суполкі ў VK.

7. Назіранні за прыродай

Інтэлектуальным можа быць і адпачынак на вольным паветры, калі паставіць сабе мэту назірання. Напрыклад — за птушкамі. У гэтым дапамогуць арнітолагі і бёрдвочары з аб’ядання «Ахова птушак бацькаўшчыны». Штотыдзень яны выязджаюць на назіранні ў ваколіцы Гродна і запрашаюць ахвотных далучацца.

[irp posts="314″ name="Хобі на ўсё жыццё. Зміцер Вінчэўскі расказвае, як стаць гарадскім бёрдуотчарам"]

Пачаць назіраць за птушкамі можна і самастойна, нават у горадзе, скарыстаўшыся дапаможнікамі-вызначальнікамі. Калі атрымаецца зрабіць цікавыя фотаздымкі, іх можна размяшчаць у галерэі на старонцы аб’яднання ці ў суполках у FB і VK. Таксама тут можна знайсці інфармацыю пра назіранні і планаваныя падзеі.

Назіраць за жывёламі не менш цікава, лічаць у Гродзенскім лясгасе і прапануюць гарадзенцам удзельнічаць у экалагічных экскурсіях у ваколіцах горада. Напрыклад, падчас экскурсіі ў лясны пітомнік Зарубічы можна пазнаёміцца з біялогіяй раслін і асаблівасцю вырошчвання дрэваў і кустоў. На гэтай экскурсіі можна яшчэ і паўдзельнічаць у майстар-класе па догляду за дэкаратыўнымі раслінамі, папулярнымі для ўпрыгожвання сядзібаў ці дачных участкаў.

На экскурсіі «Дзікія сцежкі» можна даведацца аб паляўнічых традыцыях нашых продкаў і пазнаёміцца з жыццём абітальнікаў леса. Абяцаюць паказаць, як падманьваць аленяў, распавесці пра павадкі ваўкоў і паказаць, па якіх прыкметах можна вызначыць прысутнасць пэўных жывёл паблізу.

Гэта экскурсія праводзіцца ў Сонічскай лесапаляўнічай гаспадарцы, дзе ў вальеры плошчай больш за сотню гектараў зараз жывуць 31 алень і 17 ланяў. Пад час экскурсіі можна паназіраць з вышкі, як жывёлы выходзяць харчавацца.

Больш інармацыі пра магчымасці экалагічнага турызму па Гарадзеншчыне можна знайсці на старонцы Гродзенскага лясгаса.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024

Шматразовыя лампадкі і шалупіна замест фарбавальніка. Тры спосабы скараціць экаслед на Радаўніцу

Штучныя кветкі на магілах доўга раскладаюцца і вылучаюць таксіны. Іх лепш замяніць жывымі кветкамі. Яйкі…

8 мая 2024

«Усё, што заўгодна, каб выратаваць чалавечыя жыцці». Музыкі гурта Irdorath далі першае інтэрв'ю пасля вызвалення

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач далі першае інтэрв'ю пасля свайго вызвалення вясной 2023…

7 мая 2024

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024