Спадчына

Каларадскі жук як «зброя імперыялістычнай вайны». Як шкоднік пераможна прайшоў ад акіяну да акіяну

У самым пачатку 2000-х здарылася важная, можна сказаць, гістарычная падзея. Расійскія паляводы ўпершыню знайшлі каларадскага жука на пасевах бульбы ў Прыморскім краі ў ваколіцах Хабараўска. Такім чынам гэтая казурка завяршыла сваё перможнае шэсце па еўраазійскім кантыненце і цяпер прысутнічае на абодвух берагах Ціхага акіяна — у Расіі і ў ЗША.

Між тым, калі амерыканскі энтамолаг Томас Сэй у далёкім 1824 годзе ўпершыню апісаў дзесяціпалосага жука, які радасна паядаў ядавіты дзікі паслён, ніхто не мог сказаць, якая вялікая палітычная кар’ера чакае гэтае насякомае.

Жук не з Каларада

Радзіма каларадскага жука — не амерыканскі штат Каларада, а рэгіён на поўначы Мексікі - самы цэнтр Паўночнаамерыканскага кантынента. А любімая ім бульба паходзіць з Паўднёвай Амерыкі і расце ў Андах. Гэта тысячы і тысячы кіламетраў адлегласці. Пакуль на захад Паўночнай Амерыкі не прыйшлі пасяленцы, жук харчаваўся дзікімі і вельмі ядавітымі паслёнавымі раслінамі і цікавіў толькі спецыялістаў па насякомых.

Помнік каларадскаму жуку ў адным з гарадоў Венгрыі
У 1830-х каланісты прывезлі з сабой бульбу, якая аказалася далёкай сваячніцай ядавітага паслёна і жук пераключыўся на яе. Асабліва пацярпелі пасяленцы ў Каларада, адсюль і пайшла яго сучасная назва — каларадскі жук.

Жук-пераможца

Жук даўся ў знакі амерыканцам. Вядома, што калі з ім не змагацца, ён знішчае 100% пасеваў бульбы. Па некаторай інфармацыі ўжо ў 1840-х ён трапіў у Германію. Яго выпадкова прывезлі сюды быццам з нейкім новым сортам бульбы. Праўда нямецкі ўрад аб’явіў жуку такую татальную вайну, што яго ўдалося перамагчы.

Далей біёлагі расказваюць наступнае.

У час Першай Сусветнай вайны амерыканцы разам з бульбай для сябе і французаў прывезлі жука ў французскі порт Бардо. Адтуль жук і пачаў пераможнае шэсце па Еўропе, апанаваўшы да канца 1930-х усю Францыю.

Рассяленне каларадскага жука па Еўропе
Другая Сусветная вайна паставіла каларадскага жука ў лік пераможцаў. Займацца сістэматычнай барацьбой з ім не было каму, а немцы разам з сваімі войскамі і харчаваннем для іх завезлі жука ў Германію, Польшчу ды Чэхаславаччыну. Вайна скончылася, нямецкія войскі сышлі, а жук застаўся. І тут пачалася ягоная палітычная кар’ера.

Жук як дзіва

Пра з’яўленне каларадскага жука на Гродзеншчыне ўпершыню загаварылі ў 1949 г. Справа ў тым, што жук мігруе і на крылцах разам з папутнымі вятрамі (а ў нашым рэгіёне яны летам збольшага дуюць з паўднёвага-захаду) можа за сезон пераляцець нават 400 кіламетраў. Ды і шчыльна зачыненая мяжа СССР для жука, зразумела, перашкодай не была.

Дзяцей збіраць жука яшчэ не выганялі, улады былі занятыя больш важнай праблемай — заходнебеларускую вёску трэба было калектывізаваць. Але былі выпушчаны плакаты, якія расказвалі пра жука, і нават надрукаваныя этыкеткі да запалкавых карабкоў з выявай самога жука і яго лічынкі. За знаходжанне жука прапаноўвалася нават невялікая прэмія. Па Гродзеншчыне ездзілі прапагандысты, якія мелі ў баначках пару заспіртованых жукоў і лічынак і паказвалі іх вяскоўцам як дзіва.

Беларускамоўная этыкетка для запалак, выпушчаных у Пінску каля 1949 г. Тады ў пустую каробку ад запалак можна было назбіраць жукоў і атрымаць за іх трохі грошай

Жук як герой прапаганды

Летам 1950 жук такі дабраўся да СССР. Яго ўбачылі адначасова на Львоўшчыне, Валыні, Брэстчыне, Гродзеншчыне і ў Літве. Каларадскаму жуку была нават прысвечаная спецыяльная запіска міністра сельскай гаспадаркі СССР, якую той паслаў Берыі. Кіраўніцтва хутка зразумела, што з гэтага шкодніка-бульбаеда можна атрымаць палітычныя бонусы і ўдарыла па ім са сваіх прапагандысцкіх гармат.

Аб’ява пра небяспеку жука ў беларускай газеце. Каля 1950 г.
Амаль адначасова ўсе галоўныя газеты СССР і краін сацыялістычнага лагера апублікавалі камунікаты пра тое, што над іх тэрыторыяй рэгулярна з’яўляюцца амерыканскія самалёты, якія рассейваюць жука над палеткамі. У доказ таму прыводзіліся здымкі жукоў у парках і на аўтадарогах, маўляў, самі яны туды ніяк не маглі заляцець. Абвяшчалася, што раскідванне жукоў - гэта элемент вайны супраць СССР і яго саюзнікаў, грамадства мусіла адмабілізавацца для барацьбы з ім.

Жук як зброя

І вось тут пачалося. Газеты запоўніліся карыкатурамі з выявамі жукоў, якія на парашутах спускаюцца з амерыканскіх самалётаў. Выпускалі плакаты, дзе з аднаго боку быў паказаны атамны выбух, а з другога — каларадскі жук. То бок жук па сваёй небяспецы прыраўноўваўся да атамнай зброі. Жук быў вельмі каларытны з выгляду, да яго вельмі лёгка было дамаляваць паласаты амерыканскі сцяг, нават некаторы час у газетах яго называлі не каларадскім, а менавіта «амерыканскім жуком».

Усходнегерманскі плакат супраць 'амерыканскага жука'. Каля 1950 г.
У чорна белай версіі газетных карыкатур каларадскага жука ад амерыканскага сцяга проста не адрозніш
Сімвал амерыканскай дэмакратыі. Чэхалавацакая прапаганда каля 1950 г.
Амерыкаснкі жук раскідваецца імперыялістамі. І праўда, калі з жуком не змагацца, ён можа знішчыць 100% пасеваў бульбыmore

Старэйшыя жыхары нашых вёсак згадваюць, як іх узбройвалі кійкамі (для адхіляння лістоты бульбы) і бутэлькамі з газай (для патаплення жукоў) і скіроўвалі на палі. Некаторыя дзеці і іх бацькі настолькі гадзіліся гэтым жуком, што збіралі яго у рукавіцах. За гэта яны атрымлівалі вымову ад школьнага начальства, маўляў, выхоўваеце дзяцей у буржуазным духу. За нявыхад на збор жука на калгаснае поле можна было нават атрымаць штраф. Добра што хаця па крымінальных артыкулах за тое не судзілі.

Каларадскі жук пры дапамозе фантазіі прапагандыста лёгка пераўтвараецца ў амерыканскі сцяг

Жук з Уол Стрыт

Народнае збіранне «ворага міра», «пасланца з Уол Стрыт», «імперыялістычнага забойцы» (менавіта так называлі каларадскага жука) нічога не дало. У 1960-х гг. ён наспяхова дайшоў да РСФСР, а ў 1980-х пераваліў за Урал. Ды і рабіць з жуком, які перамог сацыялістычны лад, ужо не было чаго. Таму за працу ўзяліся біёлагі і хімікі і на сёння ўжо распрацаваныя даволі эфектыўныя сродкі барацьбы з каларадскім жуком.

Каладрадскі жук даўно стаў часткай сучаснай беларускай культуры
У сучаснай беларускай культуры каларадскі жук таксама выдатна задамавіўся. Яго адлюстроўваюць і на плакатах і на цішотках. Мо калі нават і помнік паставяць. Таму як будзеце дзе на бульбяным палетку і пабачыце гэтага паласаціка — успомніце пра яго доўгае падарожжа.

Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024

Кінуў амерыканскі футбол, каб займацца рэслінгам. Гродзенец Мікалай пачаў у Швецыі выступаць на рынгу і нават «змяніў імя»

Гродзенца Мікалая Лапкоўскага на вуліцах Стакгольма могуць назваць Дзімам - і ён адгукнецца. Менавіта пад…

12 красавіка 2024

Топ-7 касмічных вуліц Гродна: куды пайсці на шпацыр у Дзень Касманаўтыкі

Сусветны дзень касманаўтыкі адзначаюць 12 красавіка. У Гродне пра яго нагадваюць касмічныя тапонімы - турфірма…

12 красавіка 2024

«Адвакат мяне заблакаваў». За што завочна судзяць беларускіх актывістаў і чым гэта пагражае

У Telegram-канале беларускага Следчага камітэта "Спецпроизводство", акрамя публічных дзеячаў, пачалі з'яўляцца актывісты з рэгіёнаў і…

11 красавіка 2024