7 ліпеня прайшоў першы з трох дзён фестывалю нямога кіно і жывой музыкі ў Гродне. Па традыцыі, Кінемо распачалося з камедыі - фільма Бастэра Кітана «Параходны Біл-малодшы». У дворыку Музея гісторыі рэлігіі практычна не засталося вольных месцаў. Людзі гучна смяяліся і шэптам абмяркоўвалі фільм. Парасоны сёлета не спатрэбіліся: надвор’е было сухім. Сагрэцца можна было кавай па-турэцку ці гарбатай ад «Кофейня Я».

Кінемо-2017: фэст нямога кіно і жывой музыкі распачаўся камедыяй

— Я бачу новыя твары, і твары людзей, якія ходзяць да нас чатыры гады запар — гэта вельмі радуе, — кажа адна з арганізатарак Марына Буткевіч. — Мы пачынаем «Кінемо» з класічнага паказу нямога кіно. Сто гадоў назад, калі ўсё пачыналася, кіно часта паказвалі ў суправаджэнні музыканта, які граў у асноўным на фартэпіяна. Мы спрабуем часткова аднавіць гэта, а часткова пазнаёміць вас з новымі імёнамі і гукамі.

Кінемо-2017: фэст нямога кіно і жывой музыкі распачаўся камедыяй

Класічная камедыя пад музыку Гершвіна

Дзеянні ў фільме «Параходны Біл-малодшы» адбываюцца ў 20−30-х гадах мінулага стагоддзя на прасторах ракі Місісіпі, дзе на адным з колавых параходаў Біл-малодшы вучыцца навігацыі ў свайго бацькі. Аднойчы Білі сустракае дзяўчыну, якая вельмі яму падабаецца, але яна аказваецца дачкой галоўнага канкурэнта бацькі. Праблема яшчэ больш абвастраецца, калі варожасць паміж двума бізнесменамі ўзмацняецца, а бацьку Білі садзяць у турму па сфабрыкаваным абвінавачанні.

Кінемо-2017: фэст нямога кіно і жывой музыкі распачаўся камедыяй

Агучваў фільм піяніст Аляксандр Музыкантаў, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі і лаўрэат міжнародных конкурсаў. Музыку ён падбіраў са свайго фартэпіанага рэпертуару і выбраў творы Дэбюсі, Пракоф’ева і Гершвіна.

Гродна — адзіны абласны цэнтр, дзе «Кінемо» бывае штогод

— Гродна — гасцінны горад і пастанна нас прыймае, — кажа Георгій Глік, адзін з арганізатараў. — Не з кожным горадам складваюцца добрыя адносіны, часам узнікаюць арганізацыйныя праблемы. А ў Гродне яны вырашаюцца.

Кінемо-2017: фэст нямога кіно і жывой музыкі распачаўся камедыяй

Канцэпцыяй сёлетняга «Кінемо» стала жанравая разнастайнасць. У суботу адбудзецца паказ польскай стужкі «Ludzie bez jutra», а ў нядзелю пакажуць шэраг кароткаметражных фільмаў.

Марай арганізатараў застаецца правесці ў Гродне паказ нямога кіно пад арган. Магчыма, у наступным годзе такая імпрэза адбудзецца: перамовы ўжо пачаліся.