Турыстычны бізнес рэгіёну сутыкнуўся з вялікімі праблемамі з-за пандэміі каранавіруса. Па словах прадстаўнікоў турфірмаў, такога напружання, як сёння, на турыстычным рынку не было ніколі.

Уязны турызм у Гродна спыніўся. Бязвізавыя турысты з Літвы і Польшчы ў Беларусь не едуць: некаторыя баяцца па вяртанні дадому трапіць на двухтыднёвы каранцін, іншыя проста не выходзяць з дамоў. У многіх краінах Еўропы ўжо некалькі дзён дзейнічаюць абмежаванні на працу крам, транспарту, абмежаваныя сходы, зачыненыя межы.


Чытайце таксама: «Яндекс» создал карту распространения коронавируса


Выязны турызм таксама ў крытычным стане. Гродзенцы адмяняюць туры не толькі ў краіны, дзе зафіксавана ўспышка віруса, але і ў цэлым адмаўляюцца ад паездак за мяжу. Хтосьці пераносіць паездкі на канец вясны. Але ёсць і тыя, хто ўсё-такі не адмаўляецца ад адпачынку і ляціць у краіны, дзе няма ўспышкі каранавіруса.

Патрэбныя льготы па падатках і арэндзе

— Наша кампанія працуе ў двух напрамках: выязны турызм і ўязны, — распавядае кіраўнік «Студыі адпачынку» Канстанцін Карачанцаў. — Па выязным, калі ёсць неабходнасць, то турысты пераносяць даты вылету і ставяцца да ўсяго з разуменнем. Па ўязным турызме, вядома, тут усё на дадзены момант спынена. Усе межы зачыненыя.

Сітуацыя для нас цяжкая. Тут неабходная падтрымка дзяржавы, гэта ўсё ж такі стратэгічная наша задача — экспарт турыстычных паслуг. Такія прадпрыемствы, як мы, прывозяць валюту ў краіну. Вельмі шмат сіл было ўкладзена за апошнія тры гады і па бязвізавым уездзе, і па выбудоўванні турыстычных маршрутаў, каб зараз за месяц усё проста страціць.

Я звяртаюся да ўсіх зацікаўленых, каб разам гэты этап пераадолець. На сённяшні дзень у Грузіі, Латвіі і Польшчы ўрад прыняў канкрэтныя меры па падатковых льготах і прыпыненні арэндных плацяжоў. Менавіта для турыстычнай галіны, якая нясе асноўныя страты. Гэтыя меры накіраваны ў першую чаргу на падтрымку гэтага сектара. Усе нашы партнёры думаюць, што каранцін працягнецца да 20 красавіка.

На лета многія захоўваюць браніраванні

— Зараз справы вельмі дрэнныя ва ўсіх, — распавядае кіраўнік турфірмы «Дон Кіхот» Святлана Якімава. — Дабіла тое, што мы не можам зараз нават праводзіць экскурсіі ўнутры Беларусі. З Гродна ў Ліду тых жа школьнікаў на вакацыях не звозіш. Сітуацыя крытычная, я б сказала.

Мы ўсяляк стаім на баку турыстаў, але на дадзены момант самы выгадны варыянт для іх гэта перанос тэрмінаў тура. Для іх гэта самы аптымальны варыянт і яны нічога не губляюць. На лета многія захоўваюць свае браніраванні, ёсць надзея, што ўсё наладзіцца. Аператары адзначаюць, што за 20−30 дзён да вылету можна ўсё адмяніць без штрафаў.

Усе стараюцца прымаць нейкія меры. Але сама сітуацыя вельмі складаная. Калі дзяржава не ўмяшаецца ў турыстычную галіну, то будуць сур’ёзныя наступствы.

www.youtube.com/watch?v=xpugWj0O7zo&feature=youtu.be


В Беларуси зарегистрировано 36 случаев коронавируса

Маршрутки в Польшу и обратно не ездят, поезд Краков-Гродно отменен

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]