Згуляць ноччу ў валейбол, патанчыць народныя танцы вакол вогнішча, павадзіць карагоды і, вядома, знайсці папараць-кветку. Ну і што, што каляндарнае Купалле прайшло. Пятнічны вечар 9 ліпеня стаў для 200 гродзенцаў нагодай яшчэ раз правесці «Купальскую ноч у Тызенгаўза» ў сядзібе Караліно. Карэспандэнткі Hrodna.life даведаліся, як гэта было.

Танцуюць усе!

«Прыехалі адчуць свабоду, пачуць беларускую мову і нашы народныя інструменты, — распавяла Hrodna.life гродзенка Ганна Сабірава. У сядзібе Тызенгаўза яна ўпершыню. — Выдатнае свята. Тут каларыт і аднадумцы. Дачцэ падабаецца — яна танцуе».

Начное вогнішча, танцы і папараць-кветка. Пад Гроднам яшчэ раз адсвяткавалі Купалле
Гродзенка Ганна Сабірава з дачкой на свяце «Купальская ноч у Тызенгаўза» 9 ліпеня

Патанчыць на свяце былі і нагоды, і магчымасці. «Сабралі ўсю этнічную музыку Гродна, — абвясціў са сцэны Юрый Дубовік, саліст гурта „Вочы“. — Пасля жывой музыкі будзе дыскатэка з этна-музыкай, вогнішчам і вянкамі».

Чытайце таксама: «Заклятая кветка купальная». Гродзенскія музыкі злучылі электроніку з этна у новым купальскім альбоме

Экскурсія, падземны ход і папараць-кветка

Пра тое, як у сядзібе Тызенгаўза адпачывалі, праводзілі свецкія вечары і нарады масонскай ложы, распавялі гасцям свята на экскурсіі па сядзібе. А яшчэ — прайшлі таемным падземным ходам і трапілі ў музей фальварка.

«Больш за ўсё запомнілася экскурсія, вельмі цікава» — падзяліліся з Hrodna.life ўражаннямі ад свята Алена і Андрэй Гурыны. Сямейная пара ўжо не першы раз у Каралінскім фальварку. Па сакрэце яны распавялі, што экскурсія дапамагла ім стаць шчасліўчыкамі вечара — знайсці папараць-кветку.

Начное вогнішча, танцы і папараць-кветка. Пад Гроднам яшчэ раз адсвяткавалі Купалле
У час прагулкі з экскурсаводам па сядзібе Алена і Андрэй Гурыны звярнулі ўвагу на кветкавую кампазіцыю, але не надалі гэтаму асаблівага значэння. Але калі вядоўца абвясціў, што можна выпраўляцца на пошукі папараць-кветкі, яны адразу ўспомнілі пра кветкі. Іх знаходка і стала той самай чароўнай кветкай

Пятнічныя вечары ў Тызенгаўза становяцца для Гурыных традыцыяй і прыносяць поспех: «Былі тут два тыдні таму і таксама выйгралі прыз — драўляныя вырабы на 100 рублёў».

Утульнае месца і доўгачаканае вогнішча

«Цудоўнае народнае свята і класна, што ёсць і такія месцы, дзе можна іх арганізаваць», — распавяла Hrodna.life Дар’я Ёдчык.

Начное вогнішча, танцы і папараць-кветка. Пад Гроднам яшчэ раз адсвяткавалі Купалле
Дар’я Ёдчык і Вадзім Кашко на свяце «Купальская ноч у Тызенгаўза» 9 ліпеня

Муж Дар'і, Вадзім Кашко, кажа, што больш за ўсё чакаў вогнішча. А Дар'і хацелася пусціць па вадзе купальскі вянок. Дар’я і Вадзім не першы раз удзельнічаюць у купальскіх святах: «Хочацца дакрануцца ды сваіх каранеў, пачуць народныя спевы».

«Я стараюся хадзіць кудысьці без чаканняў, каб не расчароўвацца. Тут — вельмі прыемныя ўражанні, — кажа пра свята Таццяна Салаўёва. — Месца абрана таленавіта — [тут] прыгожа, утульна, па-хатняму».

Арганізавалі «Купальскую ноч у Тызенгаўза» Ігар Бірукоў, уласнік тату-салона «Адважнае сэрца», і Раман Клімук, гаспадар «Каралінскі фальварку Тызенгаўза». Летам 2021 года яны праводзяць у фальварку яшчэ адзін музычны праект — «Каля млына».

«Каля млына» — музычныя вечары ў сядзібе Тызенгаўза ў Караліно. Яны праходзяць у апошнюю пятніцу кожнага летняга месяца ў 2021 годзе. На наступнай сустрэчы, 30 ліпеня, гродзенцы пачуюць трыбьют-канцэрт Rammstein ад музыкаў з Гродна, пра якіх ведае сам Ціль Ліндэман.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]