Чарговы фестываль LIDBEER адгрымеў у Лідзе 7 верасня. Гэтым разам было яшчэ больш музыкантаў і актыўнасцяў. Глядзіце, як гэта было!

— Да фестывалю рыхтуюцца амаль год — вельмі шмат часу займае гэта. На адзін дзень Ліда ператвараецца на горад-фестываль. Гэта цудоўна! Гэта ўнікальны фестываль, які праходзіць у цэнтры горада, — кажа генеральны дырэктар кампаніі «Лідскае піва» Аудрыус Мікшыс.

Наведвальнікі з’явіліся ўжо да адкрыцця і заняліся традыцыйнымі для фестывалю актыўнасцямі: паглядзець на выступы ў Лідскім замку, паслухаць маладыя гурты на малой сцэне, паўдзельнічаць у інтэрактыўным квэсце, схадзіць на экскурсію на завод, знайсці святочны капялюш. Для тых, што не пашкадаваў 30 рублёў, можна было пакатацца на самалёце.

LIDBEER-2019. Фестываль прайшоў, уражанні засталіся

Што па чым?

Піва можна было выпіць за 3 рублі. Пачаставацца кавай — за 2−6 рублёў. Бургеры абышліся б за 10−15 рублёў, хотдог — каля 5, марозіва — 2 рублі, смажанае марозіва — 5, шашлык — 3, піцца — 2, каўбаскі - 3. Кукурузу можна было купіць за 3,5 рублі, папкорн — за 2−6. Пастраляць з лука і з ціры можна было за 5 рублёў, пагуляць у пейтнбол — за 8. Батуты і машынкі для дзяцей каштавалі 6 і 5 рублёў. Магніцікі з выявай замка абыйшліся б у 1−4 рублі. Цішотка і сумка з лагатыпам фестываля — у 25 рублёў.

— Справы ідуць добра, — кажуць мясцовыя рамеснікі. — Але бывае, што стацыянарна больш прадасі.

«Справы ідуць, абы не стаялі», — усміхаецца гандляр Віктар. Ён кажа, што продаж на фестывалі залежыць ад хэдлайнера. Самым паспяховым быў першы фестываль — усё толькі пачыналася і было цікава. Кажа, летась на «Ленинграде» больш людзей было. Але і цяпер не сказаць, каб мала. Праўда, сёлета шмат людзей паехала на святкаванне 1000-годдзя Брэста. «Фестываль кожны год, а тут такая дата».

LIDBEER-2019. Фестываль прайшоў, уражанні засталіся

Вулічны мастак з Пінска Аляксандр кажа, што сёлетні фестываль паспяховы — ён намаляваў 12 партрэтаў за 50 рублёў. «Цэны называй любыя», — кажа ён. Побач з ім яшчэ два мастака, але ён гэта не лічыць за канкурэнцыю.

Пакуль у платнай зоне на фудкортах сумавалі, у бясплатнай да палатак выстройваліся чэргі па 10−15 чалавек.

— Я з 10 гадзін не магу схадзіць у туалет, — усміхаецца Руслан. Ён працуе шэф-кухарам у мінскім рэстаране, а тут падпрацоўвае з сябрам. — Вельмі цяжка, людзей шмат. Мы дранікі смажылі - шкада, вы не засталі, — каўбаскі, шышлык, рабрынкі. Вельмі падабаецца Lidbeer. На адным з рэспубліканскіх фестываляў нядаўна продажы былі нулявыя, выйшлі ў мінусы вялікія. А тут я ўжо трэці год і ўсё класна, мне падабаецца.

Як мясцовыя ставяцца да фестывалю?

— У нас часта нешта праводзіцца, — кажуць мясцовыя рамеснікі. — Звычайна ў замку. А калі музыка гучная… Заўсёды будуць тыя, каму не падабаецца. А хто прывык, таму нармальна.

Мясцовыя жыхары Пётр і Надзея таксама кажуць, што не адчулі ўплыву фестывалю на горад. На шум ніхто не скардзіцца. Некаторыя жыхары спрабуюць падзарабіць на фестывалі і здаюць кватэры. У 2017 годзе былі навіны аб падвышэнні кошту ў 10 разоў. Сёлета казалі пра павялічэнні ў тры разы.

LIDBEER-2019. Фестываль прайшоў, уражанні засталіся

Выступоўцаў стала больш

На сцэну выходзіла шэсць калектываў. Дарэчы, шмат слухачоў актыўна падпявала яшчэ з першага гурта.

Гала-канцэрт адкрывалі пераможцы леташняга конкурса маладых выканаўцаў - Yellow Arc 6. Яны кажуць, што маладым камандаў варта паўдзельнічаць у такім конкурсе. «Папрацаваць на вялікай пляцоўцы — карысны вопыт. Яго атрымаць маладым камандам няма дзе. Таму скарыстацца варта. Нават калі яны не пройдуць на конкурсную сцэну, але выходзяць у галасаванні ў топ-5, гэта бясплатная рэпетыцая на хоць якую публіку і пры гэтым выступленне на вялікім фестывалі. Для самой каманды гэта таксама клёва, бо гэта падарожжа, выступ ў іншым горадзе. Гэта збліжае — пастаянныя перамяшчэнні, начоўкі разам».

За гэты год у музыкантаў выйшаў альбом, які можна паслухаць у суполках, ці на спецыяльных сервісах.

Другім выступіў мінскі гурт «Молчат дома», які грае музыку на стыку пост-панка, сінці-попа і нью-вэйва. Летась іх альбом трапіў у лік найлепшых рэлізаў сусветнага пост-панку, а гурт назвалі «музычнай сенсацыяй 2019 года». А дзіўныя танцы вакаліста — гэта асобны від мастацтва.

— Жанр гэты (пост-панк — аўт.) ў Беларусі не сказаць, каб папулярны. Чаму? Цяжка сказаць. Гэта своесаблівы такі стыль музыкі, які вельмі змрочны і дэпрэсіўны. Але ў тым ліку пад яго можна танцаваць. Што мы і пакажам. Спадзяюся, што ў нас ў краіне гэты жанр стане папулярным і музыка ў гэтай стылістыцы будзе добра ўспрымацца людзьмі. Атрымалася так, што мы больш папулярныя ў Еўропе і збіраем там больш людзей і слухачоў. Але думаю, і тут мы хутка заваюем сваю нішу, — кажа вакаліст гурта Ягор Шкутка.

LIDBEER-2019. Фестываль прайшоў, уражанні засталіся

У магілёўцаў Akute пацікавіліся, ці не крыўдна ім быць не хэдлайнерамі, а разаграваць публіку. Яны адказалі, што заўсёды з’яўляюцца ў патрэбны час у патрэбным месцы. А зараз яны шмат працуюць. Карацей, усё будзе. Тым больш публіка, здаецца, іх ведала і чакала. Гарні українські хлопці - гурт «Агонь» - адразу паказалі сябе рок-зоркамі, хоць і казалі са сцэны, што яны «адзіная тут папса». Музыканты выходзілі да гледачоў і ладзілі стэйдждайвінг. Выступ дапаўнялі танцоркі. Гурт заснавалі былыя ўдзельнікі Quest Pistols, таму выступ пачалі са старых песень — «Я устал»,"Я твой наркотик". Калі вам цікава, што ўяўляе гурт зараз, паслухайце іх трэк «Тебе 20». Зараз шмат кажуць пра тое, што ўкраінская музыка класная — усе нядаўна слухалі «Maruv» i «Kazka». «Давайце не будзем абменьвацца любезнасцямі, мы думаем, што беларуская музыка таксама класная. А украінская класная таму, што людзі робяць тое, што ім падабаецца», — кажуць музыканты.

Элджэй захаваў сваю загадкавасць. Ён не даваў журналістам інтэрв'ю і забараніў сябе здымаць нават у адведзеных месцах — тольки з залі. Выступаў ён з дыджэем Cherocky. «Ну што, Ліда, гатовыя забаўляцца?», — пытае дыджэй. І танцаваць пачынаюць і падлеткі, і дарослыя. Можна па-рознаму ставіцца да гэтага выканаўцы, але музыкант умее працаваць і запальваць залу — гэта факт. «Гэта было а**енна, я буду сумаваць па вам», — сказаў ён напрыканцы. Мы таксама, Эджэй.

Чарговым выступіў «Сплин». Аляксандр Васільеў здаваўся «сваім» у простым джынсах і таўстоўцы. А яго голас захаваў нейкую хлапечую звонкасць. Карацей, усё, як мы помнім і за што мы іх любім. Музыканты чаргавалі вядомыя і новыя песні. А скончылі сэт мажорнай і вечнажывой «Мое сердце». Закрываў выступ гурт «Чайф». «Канешне, прыемна і дзіўна, — кажа Уладзімір Шахрын на пытанне, што яны адчуваюць, калі іх слухае моладзь. — Мы ў свой час на такое разлічваць не маглі. Гэта такая энергетычная падпітка ад таго, што ты разумееш, што гэта не стала канчаткова музыкай рэтра». Скончыўся фестываль святочным феерверкам.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]