Надакучыла песня бензакасы пад вокнамі? То варта бліжэй пазнаёміцца з гарадскімі лугавымі газонамі. Такі газон косяць адзін – два разы за сезон. З дапамогай агранома Вольгі Верамеенкі Hrodna.life сабраў падрабязную інструкцыю па стварэнні лугавога газону: ад падрыхтоўкі глебы да сакрэтаў дызайну.

Проста кінуць насенне ў зямлю — не працуе

Галоўная памылка — “забіць” на падрыхтоўку зямлі для пасадкі. “Калі ў вас ужо ёсць газон і вы хочаце проста насенне пасеяць, у вас нічога не атрымаецца. Трава заглушыць усё”, — кажа Вольга.

Што трэба зрабіць:

  1. Цалкам зняць дзёран.
  2. Перакапаць зямлю. Старанна выбраць карані шматгадовага пустазелля: дзьмухаўцоў, пырніку.
  3. Выраўняць дзялянку.
  4. Паліць перакопаную глебу.
  5. Прыкатаць або ўтаптаць зямлю.

Шмат угнаенняў кідаць у глебу не варта. “Калі глеба багатая на арганіку, то будзе шмат зялёнай травы і мала кветак”, — кажа Вольга.

З чаго пачынаецца квітнеючы луг, ці як выбіраць насенне

Навічкам лепш не эксперыментаваць з самастойным змешваннем насення, а купіць гатовыя сумесі. Яны так і называюцца “Квітнеючы луг”. Правярайце, каб у складзе былі адналетнікі і шматгадовыя травы. 

Адналетнікі, накшталт валошак, макаў, лёну, будуць квітнець ужо ў першы год. Пасля красавання яны скінуць насенне на глебу і такім чынам будуць штогод самааднаўляцца. Шматгаговікі ў першы год будуць нарошчваць карані, зялёную масу і не заквітнеюць напоўніцу.

Вада і спанбонд: як дапамагчы насенню хутчэй узысці

Глебу падрыхтавалі. Насенне купілі. Пераходзім да іх злучэння: 

  1. Змяшайце насенне з дробным пяском у прапорцыі 1:3. Гэта дапаможа раўнамерна размеркаваць яго па глебе, бо зярняткі лугавых траў вельмі дробныя. 
  2. Пасля пасеву пракаціце валікам, або прытапчыце месца пасадкі.
  3. Палівайце дзялянку. Пакуль не з’явяцца першыя ўсходы, верхні пласт зямлі павінен быць пастаянна вільготным. Моцны струмень вады вымае насенне. Таму палівайце дробным распыленнем.
  4. Прыкрыйце месца пасадкі спанбондам. Замацуйце яго па краях камянямі. Так вы абароніце насенне ад птушак, вільгаць будзе трымацца даўжэй і луг узыдзе хутчэй. 

Чытайце таксама: Азеляненне без ЖКГ. Як выбраць кветкі для клумбы каля дома

Першы год вайна з пустазеллем, другі — рэжым лянівага садоўніка

У першы год лугавы газон патрабуе шмат увагі. Парасткі дзікіх кветак вельмі далікатныя. Іх трэба даглядаць не менш, чым петуніі. Барацьба з лебядой і асотам стане вашай галоўнай задачай. Трэба ўручную выполваць пустазелле, пакуль кветкі не набяруць моц і не закрыюць зямлю. 

“Мы разумеем, як растуць традыцыйныя кветкі. А на лугавой клумбе трэба мець вока эксперта, каб не вырваць лішняе”,  — кажа Вольга.

У другой палове лета на вашым лузе з’явяцца сухія расліны, якія ўжо адквітнелі і высахлі. Калі дзялянка невялікая, іх можна прыбраць: давысыпаць насенне з кветак на зямлю, а самі кветкі выдаліць.

Косяць такія газоны адзін – два разы за сезон. У ліпені, калі адцвітуць першыя кветкі, і позняй восенню.

“Кветкі мусяць даць насенне і апасці на зямлю. Калі скасіць рана, на наступны год кветак можа не быць”, — папярэджвае Вольга.

Калі на газоне растуць толькі познія кветкі, касіць трэба адзін раз. Увосень, калі яны адквітнеюць. 

“Другі год і далей можна ўключыць рэжым лянівага садоўніка”, — кажа Вольга. Паліваць па патрэбе, падкормліваць мінімальна, касіць 1-2 разы.

Чытайце таксама: Беларусаў пакараюць рублём за клумбы каля пад’ездаў – кветкі і кусты трэба ўзгадніць

Да лугавога газону праз лугавыя клумбы: сакрэты дызайну

Калі вы яшчэ не гатовы да дзікага буйства прыроды на сваім газоне, разбаўце дэкаратыўныя кветкі на клумбе лугавымі раслінамі. Яны прыцягнуць птушак, матылькоў, кузурак і ваша клумба стане больш біяразнастайнай.

Перад пасадкай звяртайце ўвагу на вышыню кветак. Каб на клумбе яны не захіналі адна адну. Вольга прапануе ярусную пасадку.

  • Задні план — высокія расліны: космас, мальва, дэкаратыўныя сланечнікі. Выдатна глядзяцца дэкаратыўныя злакі, якія растуць купінамі: аўсяніца шызая, міскантус, пеннісетум.
  • Сярэдні план — расліны сярэдняй вышыні: валошкі, лён, рамонкі, нівянік. 
  • Пярэдні план — нізкарослыя расліны: бурачок, эшольцыя, чабор.

Абавязкова дадайце некалькі буйных акцэнтаў за якія чапляецца вока — гэта шматгадовікі: півоня, лілейнік, высокая хоста. “Гэтая расліны будуць трымаць структуру клумбы, нават калі дробныя травы палягуць ад ветру ці яны дужа не разаўюцца”, — кажа Вольга.

Калі вы шмат гадоў сябруеце з бензакасой і прызвычаіліся да кароткага зялёнага вожыка, то лугавы газон можа вас бянтэжыць. Ён будзе хаатычны. Але хаос лугавых траў — гэта хаос жыцця. Нават калі вы пачатковец, не бойцеся эксперыментаваць. І квітнеючы луг аддзячыць вам за смеласць. 

Чытайце таксама: Беласток саджае лугі, а Гродна адналетнікі. Як правільна азеляняць горад?