Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

«Для горада новы музей, а для гараджан памяць». Гродзенец прапануе паставіць на Замкавай макеты згубленых помнікаў гісторыі - Hrodna.life - навіны Гродна

Гродзенец Уладзімір Рэгіневіч больш за тры гады працуе ў мастацкай майстэрні на вуліцы Замкавай. Ён доўга змагаўся за чысціню суседняй пляцоўкі, а цяпер узяўся за праект музея макетаў для гэтага месца. Для рэалізацыі ідэі Уладзімір шукае спецыялістаў і спонсараў.

Майстар ужо быў ва ўпраўленні архітэктуры Гродзенскага гарвыканкама. Там яму сказалі, што праект разгледзяць, калі знойдзецца спонсар.

Пачаў з барацьбы з паркоўкай на газоне

Музей макетаў будзе складацца з адноўленых у мініяцюры страчаных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Гродна.

«Я выхоўваўся так, каб было ўсё наўкол прыгожа, прывык да гэтага. І калі пераехаў у майстэрню на Замкавую, то вакол я бачыў адно смецце з піўных бутэлек. Мне і дзецям непрыемна было працаваць у такой атмасферы і я стаў змагацца з гэтым: выходзіў і казаў людзям, што трэба прыбіраць за сабой, нельга ставіць машыну на газон», — распавядае Уладзімір.

«Для горада новы музей, а для гараджан памяць». Гродзенец прапануе паставіць на Замкавай макеты згубленых помнікаў гісторыі
Двор на вуліцы Замкавай, дзе знаходзіцца майстэрня Уладзіміра
За тры гады, дзякуючы намаганням майстра, у двары на Замкавай стала значна чысцей, а кіроўцы перасталі заязджаць на зялёную зону. Пасля гэтай невялікай перамогі мастак вырашыў зрабіць панадворак не стаянкай для аўтамабіляў, а чымсьці больш карысным для горада. Так і з’явіўся праект музея макетаў пад адкрытым небам.

«Спачатку дрэвы высаджваў, тэрыторыі да ладу даводзіў. Ідэя музея прыйшла пасля таго, як я даведаўся, колькі гісторыка-культурных каштоўнасцяў у Гродне згублена беззваротна. Аднавіць Сафійскі сабор або Фару Вітаўта — вялікая нагрузка не толькі на горад, але і на ўсю краіну. А можна ж усё ў макетах узнавіць. І не адзін храм, а некалькі яго варыянтаў».

«Сам Бог загадаў акультурыць»

Уладзімір у мінулым працаваў у інстытуце дызайну і прыкладнога мастацтва ў Расіі і мае немалы вопыт у стварэнні кампазіцый. Мужчына падрыхтаваў праект магчымага музея макетаў на вуліцы Замкавай.

«Бегаў з рулеткай, усё замяраў і прыкідваў. Спачатку думаў, можа з дрэва прапанаваць гораду макеты, але ў архітэктуры сказалі, што такое дакладна не падыдзе, патрэбен іншы матэрыял. А гэта ўжо дарагое задавальненне.

Усім праектам сам я не магу займацца, мне трэба зарабляць і карміць сям’ю. Пакуль усё гэта раблю на энтузіязме, але ўласна праект у мяне ўжо гатовы. І галоўнае цяпер — не збор папер для архітэктуры, а фундатар і спецыяліст, якія ўсё змогуць зрабіць".

Згодна з праектам Уладзіміра, у двары на Замкавай можна змясціць каля 12 макетаў. Перавага такога музея — размяшчэнне на галоўным турыстычным маршруце горада, дзе ёсць пастаянны паток людзей.

«Музей гісторыі рэлігіі, Стары і Новы замкі, каланча, сінагога — усё тут. Гэты двор — самае адпаведнае месца для такога музея. Сам Бог загадаў яго акультурыць. Я хачу бачыць свой горад прыгожым і чыстым, таму імкнуся нешта рабіць. Думаю, жыхары суседніх дамоў падтрымаюць гэтую ідэю, ды і з супрацоўнікамі музея я размаўляў з гэтай нагоды, макеты ім таксама цікавыя».

«Для горада новы музей, а для гараджан памяць». Гродзенец прапануе паставіць на Замкавай макеты згубленых помнікаў гісторыі
Меркаванае размяшчэнне макетаў у праекце Уладзіміра

Патрэбныя спецыялісты і інвестары

З дапамогай макетаў і стэндаў можна будзе даведацца кароткую гісторыю таго ці іншага зніклага аб’екта.

«Можна будзе ўбачыць Фару Вітаўта, Аляксандра-Неўскую царкву і іншыя страчаныя значныя аб’екты горада. Вядома, адразу падняць увесь праект — дорага. Рэалізацыю можна было б разбіць на некалькі этапаў. Я неяк раней сутыкаўся з інвестарскай дапамогай і ведаю, што адразу рэалізоўваць сур’ёзны праект цяжка. Лепш усё рабіць паступова».

Уладзімір упэўнены, што ў Гродне ёсць людзі, якія падзяляюць яго погляды адносна гісторыі, каштоўнасцяў і будучага горада і краіны.

«Сёння праекту патрэбныя зацікаўленыя людзі: спецыялісты і інвестары. Для горада гэта будзе новы музей, а для гараджан — памяць. На старой вуліцы трэба кожны метр выкарыстоўваць з карысцю. Мне здаецца, макеты гэта лепш чым звычайная стаянка. У перспектыве, я ўпэўнены, увесь цэнтр стане пешаходным і будзе як адзін вялікі музей».

«Для горада новы музей, а для гараджан памяць». Гродзенец прапануе паставіць на Замкавай макеты згубленых помнікаў гісторыі
Уладзімір у сваёй майстэрні на вуліцы Замкавай разглядае праект музея макетаў

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact info@hrodna.life