Спадчына

Да 99-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцінаў пісьменніка

Дзе ў Гродне студэнты слухалі Быкава? У якой кнігарні прадавалі «вершы пісьменніка»? Да 99-годдзя Васіля Быкава Hrodna.life падрыхтаваў мапу гродзенскіх мясцінаў, звязаных з жыццём творцы.

Васіль Быкаў. Фота: В. Мяжэвіч/ТАСС

Беларускі пісьменнік Васіль Быкаў жыў у Гродне 25 гадоў: з 1947 да 1949 і з 1955 да 1978 года. Тут ён пачынаў сваю творчую дзейнасць у мастацкіх майстэрнях і рэдакцыі газеты «Гродзенская праўда». Менавіта ў Гродне Быкаў напісаў «Мёртвым не баліць», «Жураўліны крык», «Альпійскую баладу» і «Сотнікава».

Вялікая Траецкая, 28

Першая кватэра, у якой жыў Васіль Быкаў. Тут ён напісаў творы: «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць», «Дарога дадому», «Салдацкі лёс», «Ранак-світанак», «Сваякі», «Праклятая вышыня», «Круглянскі мост», «Круты бераг ракі».

Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што былыя жыхары пасадзілі ў двары сад, сярод якога ёсць дрэвы, якія саджаў Быкаў.

Свярдлова, 18

Другая кватэра, дзе ў Гродне жыў Васіль Быкаў. Тут ён напісаў аповесці «Воўчая зграя» і «Пайсці і не вярнуцца». Дом у савецкім Гродне лічыўся дастаткова элітным — там жылі розныя партыйныя дзеячы і высокія начальнікі.

Дуб Васіля Быкава

У двары дома па вуліцы Свярдлова, 18 расце дуб, які, як лічыцца, некалі пасадзіў Васіль Быкаў. Дакладна невядома, калі менавіта і з якой нагоды пасадзілі дрэва. Але краязнаўца Таццяна Касатая лічыць, што яго пасадзілі Быкаў з сынам Васілём.

Дуб Васіля Быкава. Крыніца: grodno.greenbelarus.info

Парыжскай камуны, 9

Трэцяя кватэра пісьменніка, у якую ён прыязджаў, калі ўжо жыў у Мінску.

Дамініканская, 5

На гэтай вуліцы размяшчалася мастацкая майстэрня, дзе ў першыя гады гродзенскага перыяду працаваў Васіль Быкаў.

Леніна, 32

У корпусе філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў 1995 годзе Васіль Быкаў апошні раз выступаў у Гродне перад студэнтамі і выкладчыкамі.

Палац Тэкстыльшчыкаў

Тут адбывалася ўрачыстае віншаванне Васіля Быкава з нагоды 50-годдзя ў 1974 годзе.

Андрэй Макаёнак віншуе Васіля Быкава з 50-годдзем у Палацы Тэкстысльшчыкаў

Дом-музей Элізы Ажэшкі

Тут размяшчалася Гродзенскае аддзяленне саюза пісьменнікаў БССР. У яго Васіль Быкаў уступіў у 1959 годзе. Акрамя Васіля Быкава, тут таксама працавалі Аляксей Карпюк, Данута Бічэль, Міхасць Васілёк.

Васіль Быкаў на вуліцы Ажэшкі ў Гродне

Ажэшкі, 49

Тут размяшчалася кватэра пісьменніка Аляксея Карпюка. Творцы сябравалі і час ад часу сустракаліся ў гэтай кватэры.

Савецкая, 8 і Паліграфістаў, 2

Тут у розныя часы размяшчалася рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда». Гэта было галоўнае месца працы Васіля Быкава.

Васіль Быкаў (другі з права) у рэдакцыі газеты «Гродзенская праўда»

Савецкая, 31

Па гэтым адрасе з 2003 па 2018 гады размяшчаўся музейны пакойчык, прысвечаны Васілю Быкаву. У экспазіцыі былі асабістыя рэчы пісьменніка.

Музейны пакой Быкава. Крыніца: Белсат

Музейны пакой стварылі ў офісе ветэранскай арганізацыі. Памяшканне для музея абяцаў ГрДУ, а стварэнне паўнавартаснага музею было прапісана ў праграме «Спадчына» на 2016 — 2020 гады. Але ў выніку ў 2018 годзе калекцыя музейнага пакою пераехала у Дом-музей Максіма Баглановіча.

Чытайце таксама: «Татальная музеефікацыя». ТОП-10 музеяў-фантомаў Гродна

Савецкая, 3

Да 2021 года у гэтым будынку размяшчалася цырульня «Антэй». Менавіта сюды хадзіў стрыгчыся Васіль Быкаў. У гэтай цырульні Быкава абслугоўваў адзін з вядомых у той час цырульнікаў у Гродне — Язэп Майеровіч. Цырульня была самай старой у горадзе і працавала з 1927 года.

Стары замак

На замкавай гары на руінах сцяны Старога замка было зроблена адно з самых вядомых фота пісьменніка.

Васіль Быкаў на сцяне Старога замка

Нёман

На левым беразе Нёмана ў пісьменніка быў гараж. Там Быкаў захоўваў сваю тэхніку, у тым ліку і маторную лодку, на якой любіў вандраваць па Нёмане.

Чыгуначны вакзал

Тут Васіль Быкаў правёў сваю першую ноч, калі ўпершыню прыехаў у Гродна.

«З першага пагляду горад мне спадабаўся, не такi ўжо i пабураны (хоць у цэнтры i траплялiся руiны некаторых будынкаў), але ў iм адчувалася пэўная „заходнасьць“, рысы сярэднявечча — у старых будынках, касьцёлах, нават у брукоўцы вулiц. Зноў жа — два замкi i Нёман. Дужа гэта мiла здалося майму сэрцу, зьнябытаму на чужыне. Паўдня хадзiў па вулiцах, прыглядаўся, але куды зайсьцi не наважыўся. Першую гарадзенскую ноч правёў на вакзале», — узгадваў пісьменнік у кніге «Доўгая дарога да дому».

Будынак таго вакзала не захаваўся. Яго зруйнавалі ў 1986 годзе. Знаходзіўся ён зусім побач з сучасным вакзалам.

Лес Быкава

У 2016 годзе Індурскае лясніцтва высадзіла недалёка Гродна лес імя Васіля Быкава. Тады ж усталявалі памятны знак у гонар пісьменніка.

Памятны знак у гонар Васіля Быкава ў лесе Быкава. Крыніца: styl.hrodna.life

Кнігарня «Раніца»

У гэтай кнігарні на Маставой, 33 у 2012 годзе прадавалі сшыткі з «вершамі Васіля Быкава» на вокладцы. Высветлілася, што гродзенская друкарня проста ўзяла вершы з сайта «Стихи.ру», аўтарам якіх быў пазначаны нейкі «Василий Быков». Ніякага дачынення да творчасці беларускага пісьменніка ён не меў.

Чытайце таксама: «Гэта здаецца неверагодным». У Гродне знайшлі франтавыя малюнкі Васіля Быкава

Ведаеце яшчэ якія-небудзь месцы ў Гродне, звязаныя ў постаццю Васіля Быкава? Напішыце нам на info@hrodna.life — і мы дадамо іх да мапы.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024