Спадчына

«Каб перакласці Міцкевіча, я яго не перакладаю». Марыя Мартысевіч расказала, як працуе з тэкстам паэмы «Гражына»

Першыя крокі да перакладу «Гражыны» паэтка Марыя Мартысевіч зрабіла 15 гадоў таму. Вярнулася да тэкста толькі зараз. На яе думку, «няпэўныя часы — найлепшыя для такіх праектаў», бо дазваляюць «схавацца» ад рэчаіснасці і адсачыць паралелі паміж гісторыяй і сучаснасцю.

Пра тое, чым новы пераклад адрозніваецца ад папярэдніх і што сама перакладчыца марыць «падарыць» праз яго Беларусі, Марыя расказала для канала «Тётя Ира Разрешила».

«Міцкевіч таксама пісаў „Гражыну“ ў няпэўны час свайго жыцця»

«Гражыну ў перакладчыцкай супольнасці доўга лічылі „маёй“. Бо гадоў 15 таму я пераклала ўступ вершаванай аповесці для аднаго выдання, — расказвае Марыя Мартысевіч. — Усе гэтыя гады я мела план аднойчы скончыць пераклад. А няпэўныя часы — акурат пасуюць для такіх праектаў. „Гражына“ — амаль герметычны твор, рэч у сабе. Таму для мяне гэта надзейны схоў ад рэчаіснасці».

Перакладчыца атрымала стыпендыю Gaude Polonia і на паўгода занурылася ў гісторыю філаматаў і філарэтаў, паэтыку ранняга Міцкевіча ды іншыя літаратурныя падзеі ХІХ стагоддзя. На яе думку, усё гэта мала вядома нашаму шырокаму чытачу, таму вартае перавыдання і абнаўлення.

«Дарэчы, „Гражыну“ Міцкевіч таксама пісаў у няпэўны час свайго жыцця. Ён скончыў і выдаў аповесць у 1822−23 годзе, паміж фактычна двума судовымі следствамі, пад якія трапіў», — расказала Марыя.

Адам Міцкевіч на скале Аюдаг (1827—1828). Фрагмент карціны Валенція Ваньковіча

Па словах перакладчыцы, паралелі сучаснай гісторыі з падзеямі таго часу выклікаюць дадатковую цікавасць. Пра гэта яна пісала ў сваім цыкле Facebook-лекцый «Матам пра філаматаў».

Мара перакладчыцы: «Каб Гражына стала папулярным беларускім імём у ХХІ стагоддзі»

Па словах Марыі, «Гражына» напісаная архаізаванай польскай мовай з дамешкам «віленскай пальшчызны» і беларусізмаў.

«Спроба стылізаваць гэтую мову па-беларуску — вельмі цікавая праца. Я шмат часу баўлю са слоўнікамі, беларускімі тэкстамі ХІХ стагоддзя ды іншымі новымі для мяне крыніцамі. Паколькі даводзіцца па словах „перабіраць“ польскі тэкст, то, як мне здаецца, я бачу шмат наўмысных ці падсвядомых гульняў паэта».

Прыкладам таго перакладчыца кажа: «Магу пацвердзіць меркаванне Антонія Адынца, што прататып Гражыны — гэта Караліна Кавальска, ковенская каханка Адама Міцкевіча. Нездарма гераіню паэмы ў першай версіі завуць Карына».

На думку Мартысевіч, апроч імені Гражына, твор мала даў польскай культуры. У той жа час яна адзначае моцны ўплыў паэмы на самасвядомасць сучасных літоўцаў, бо ў каментарах да «Гражыны» Міцкевіч шмат піша пра архаічную, паганскую, неславянскую Літву.

«У Беларусі сёння твор папулярны менш, чым заслугоўвае, але, спадзяюся, сваёй працай я змяню гэтую сітуацыю. Кшталту, каб Гражына зрабілася папулярным беларускім іменем у ХХІ стагоддзі», — кажа Марыя.

Пераклад ад Мартысевіч — «свядомая гульня» з мовамі

«У адрозненне ад Сяргея Дзяргая і Пятра Бітэля, я перакладала Міцкевіча не як беларускага аўтара. Яны наўмысна рабілі „беларусізацыю“ ягонай паэтыкі - гэта вынікала з іх біяграфій і стасункаў з польскай культурай і было лагічна і апраўдана ў ХХ стагоддзі, — кажа Марыя аб папярэднніх перакладах „Гражыны“. — Але я не перакладаю яго і як польскага паэта. Я стаўлюся да ранняй паэзіі Міцкевіча, як да самабытнай з’явы, якая ўзнікла ў рамках эстэтыкі польскамоўнай культуры былога Вялікага Княства Літоўскага. Я ўжываю словы са „Старабеларускага лексікону“, якія прысутныя ў арыгінале — перапісваю іх кірыліцай, выкарыстоўваю некаторыя дыялектныя і размоўныя формы, якія могуць падацца то русізмамі, то паланізмамі. Гэта свядомая гульня. Можна сказаць, каб перакласці Міцкевіча, я яго не перакладаю».

Гражына і Літавор з паэмы «Гражына». Кракаў, Планты. Аўтар скульптуры — Альфрэд Даўн

Што будзе ў кнізе: новы пераклад і зашыфраваныя сігналы ад Міцкевіча

Перакладчыца адзначае, што ў ранейшых беларускіх выданнях «Гражыны» не публікаваліся аўтарскія каментары да паэмы. А яны важныя, каб разумець задуму Міцкевіча, натхнёнага Янам Чачотам, Тамашам Занам, Яахімам Лелявелем.

На думку Марыі Мартысевіч, «Гражына» мае ў сабе шмат ад містыфікацыі.

«Каб усё выглядала „праўдападобна“, Міцкевіч піша грунтоўны навуковы каментар, а на справе — чарговы раз гуляецца з чытачом. І дасылае яму зашыфраваныя сігналы».

Чытайце таксама:

Апошнія запісы

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024

Кінуў амерыканскі футбол, каб займацца рэслінгам. Гродзенец Мікалай пачаў у Швецыі выступаць на рынгу і нават «змяніў імя»

Гродзенца Мікалая Лапкоўскага на вуліцах Стакгольма могуць назваць Дзімам - і ён адгукнецца. Менавіта пад…

12 красавіка 2024

Топ-7 касмічных вуліц Гродна: куды пайсці на шпацыр у Дзень Касманаўтыкі

Сусветны дзень касманаўтыкі адзначаюць 12 красавіка. У Гродне пра яго нагадваюць касмічныя тапонімы - турфірма…

12 красавіка 2024

«Адвакат мяне заблакаваў». За што завочна судзяць беларускіх актывістаў і чым гэта пагражае

У Telegram-канале беларускага Следчага камітэта "Спецпроизводство", акрамя публічных дзеячаў, пачалі з'яўляцца актывісты з рэгіёнаў і…

11 красавіка 2024