Спадчына

Марыя Гажыч: мастачка, якая памяняла выставы ў Сан-Францыска на кляштар у Гродне

Калі ідзеш па вуліцы Карла Маркса (ранейшай Скідзельскай, Азёрскай, Купецкай і, уласна, Брыгіцкай), заўсёды паняволі прыпынішся каля былога брыгіцкага кляштара. Прываблівае ён не толькі сваёй вытанчанай прыгажосцю, але і нейкай асаблівай таямнічасцю.

Брыгіцкі кляштар у пачатку 20 ст.
На алтары справа - абраз святога Клемента аўтарства Марыі Гажыч. Ён і сёння знаходзіцца ў касцёле

За высокімі мурамі сапраўды можна ўбачыць шмат незвычайных і нават проста ўнікальных прадметаў культу, якія ўдалося зберагчы для наступных пакаленняў. Сярод іх ёсць абразы, напісаныя знакамітай мастачкай Марыяй Гажыч, народжанай Хшаноўскай, вядомай у Гродне як сястра Паўла.

Сваячка Альфрэда Нобеля

Марыя Хшаноўская нарадзілася 20 сакавіка 1860 года ў Вішэры (Курскай губерні) у шляхецкай сям'і. Яе бацька, Тадэвуш Хшаноўскі, быў царскім чыноўнікам высокага рангу ў галіне будаўніцтва мастоў і чыгункі. Яго вялікі маёнтак Сегянёўшчына знаходзіўся на Гродзеншчыне.

Маці будучай мастачкі, Альжбета Нобель, паходзіла са шведскага арыстакратычнага роду і была далёкай сваячкай знакамітага вынаходніка дынаміту і заснавальніка Нобелеўскай прэміі.

Сям’я Хшаноўскіх, у якой гадавалася чацвёра дзяцей, жыла заможна, што дазваляла праводзіць зімовыя месяцы пераважна ў Варшаве, а лета — у падарожжах па Еўропе. Часцяком сям’я выязджала ў Сегянёўшчыну, дзе бацька любіў паляваць у блізкай Свіслацкай пушчы.

Малюнак алоўкам, каля 1900 г.
Маці Марыі хаця і паходзіла са старога шведскага рода, але была праваслаўнай і выхоўвала дачку ў праваслаўнай традыцыі. Аднак у пазнейшыя гады Марыя мала звязвала сваё жыццё з рэлігіяй.

Вучылася ў найлепшых

Войцех Герсан
Вучоба мастацка адоранай Марыі Хшаноўскай пачалася ў Варшаўскім класе малюнка, дзе яна была адной з любіміцаў Войцеха Герсана, тут жа яна пасябравала з будучай вядомай польскай мастачкай Ганнай Білінскай.

Герсан быў адным з самых знакамітых польскіх жывапісцаў той пары, шмат маляваў пейзажаў і гістарычных твораў, як патрыятычнага, так і хрысціянска-маральнага зместу. Ён апекаваўся мноствам будучых знакамітых польскіх мастакоў, сярод якіх, аднак, жанчын было не асабліва шмат.

Падарожнічала, вучылася і працавала

У 1878 годзе Марыя Хшаноўская выйшла замуж за Паўла Гажыча, які валодаў маёнткам Тапаляны недалёка ад Сегянёўшчыны. Бацькі Паўла — Яўген і Канстанцыя Гажыч — за ўдзел у паўстанні 1863 года былі сасланы ў Пермскую губерню.

Жыццё маладой мастачкі праходзіла ў падарожжах, вучобе ў добрых педагогаў і творчай працы, якая была асабліва плённай у Сегянёўшчыне і Тапалянах. У канцы 90-х гадоў ХІХ ст. у сувязі з хваробай мужа мастачка практычна бязвыездна жыла ў Тапалянах, знаходзячы ў маляванні адпачынак ад штодзённых клопатаў.

Выстаўлялася ад Вільні да Сан-Францыска

У 1880−1890-я гады Марыя Гажыч была адной з найбольш вядомых мастачак, якія актыўна выстаўляліся ў Варшаве, Кракаве, Вільні, Мюнхене, Парыжы, Чыкага і Сан-Францыска. Яе творы добра раскупаліся, а творчасць выклікала станоўчыя водгукі крытыкаў і захапленне культурнай эліты.

Аўтапартрэт з палітрай, 1896
Яна належала да першага пакалення польскіх жанчын-мастачак, а ў тыя часы нават у Заходняй Еўропе жанчынам мастацтву было дазволена вучыцца далёка не паўсюль. Марыя Хшаноўская паспела павучыцца і ў Парыжы, і ў Мюнхене і ў іншых еўрапейскіх мастацкіх сталіцах, хаця яе імя, як правіла, не сустракаецца ў спісах студэнтаў.

Партрэт жанчыны, 1885 г.
Жаночы акт, 1900 г.

Нечаканы паварот да веры

Пасля смерці мужа ў 1900 годзе Марыя Гажыч, якая атрымала пераважна свецкае выхаванне, зварочваецца да Бога і вырашае ўступіць у каталіцкае Таварыства Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта. Свой паварот да Бога яна апісвала як нечаканасць, як цуд.

Былы кляштар брыгітак, дзе ў пачатку 20 ст. пасяліліся назарэтанкі
У 1906 годзе Марыя Гажыч склала першыя шлюбы, атрымала сімвалічнае для яе імя Паўла і ў 1908 годзе была накіравана ў Гродна ў якасці старэйшай сястры ў новазаснаваны Дом навіцыяту назарэтанак, які знаходзіўся ў былым Брыгіцкім кляштары. Адыходзячы ў ордэн, Марыя Гажыч прадала маёнтак Тапаляны і ўсе атрыманыя грошы прызначыла на рэканструкцыю брыгіцкага касцёла і кляштара.

Назарэтанкі прыкідваліся брыгіткамі

Жыццё каталіцкіх манашак у царскім Гродне было няпростым. Усё ХІХ ст. улады праводзілі палітыку паступовага закрыцця каталіцкіх кляштараў і планавалі зачыніць і брыгіцкі кляштар. І пакуль у кляштары не памерла апошняя манашка-брыгітка, каталіцкія ўлады вырашылі прыслаць сюды сясцёр-назарэтанак. На пытанне высокапаўстаўленага царскага чыноўніка, скуль раптам узялося столькі сясцёр-брыгітак і чаму яны апранутыя неяк іначай, яму далі адказ — гэта спецыяльныя літоўскія брыгіткі. Чыноўнік не стаў капацца глыбока, справа была пасля рэвалюцыі 1905 года і норавы сталі больш лагодныя.

Не толькі духоўная праца, але і грамадская

Наступілі часы Першай Сусветнай вайны, потым у 1918 г. паўстала незалежная Польшча. Сястра Паўла ўдзельнічала ў рабоце патрыятычных арганізацый, а ў Гродне ў пачатку 1920-х гадоў праводзіла, акрамя духоўнай, актыўную грамадскую і педагагічную дзейнасць, выкладаючы маляванне для духоўных і свецкіх асобаў.

"Сялянка", з калекцыі Польскага музея Амерыкі ў Чыкага. У міжваенны час з гродзенскага кляштара ў ЗША пераехала 83 манашкі. Магчыма, разам з імі за акіян патрапілі і абразы, падпісаныя “Сястра Паўла з Назарэта”more
"Селянін", з калекцыі Польскага музея Амерыкі ў Чыкага. У міжваенны час з гродзенскага кляштара ў ЗША пераехала 83 манашкі. Магчыма, разам з імі за акіян патрапілі і абразы, падпісаныя “Сястра Паўла з Назарэта”more

Пазней маці Паўла паехала на некалькі гадоў у Люблін і далей на 10 гадоў у Альбана (Італія), дзе была старэйшай сястрой і таксама вяла педагагічную дзейнасць.

У 1932 годзе маці Паўла, ужо вельмі хворая, вярнулася ў Гродна і правяла тут апошнія гады свайго жыцця. Яна памерла 13 верасня 1935 года і была пахавана на старых каталіцкіх могілках у Гродне.

У кляштары засталіся бяроза і шэсць абразоў

Творчае жыццё Марыі Гажыч складаецца з двух перыядаў: свецкага і перыяда сакральнага жывапісу. Яна спрабавала сябе ў розных жанрах і тэхніках: партрэце, сюжэтных творах, малюнках прыроды. Сярод яе творчай спадчыны вылучаюцца партрэты, пейзажы і сюжэтна-тэматычныя карціны. Плённым быў і перыяд сакральнага мастацтва.

Сёння ў гродзенскім кляштары назарэтанак захоўваюцца шэсць абразоў сястры Паўлы, сярод якіх «Святы Клемент», «Святы Юзаф-цясляр». Гэтыя свае рэлігійныя творы Марыя Гажыч падпісвала «Сястра Паўла з Назарэту». У нашым горадзе яна займалася і рэстаўрацыяй старых абразоў з касцёлаў Гродна і ваколіцаў.

Маці Паўла спалучала самаадданае рэлігійнае манаскае жыццё з актыўнай грамадскай і педагагічнай дзейнасцю.

У Гродне яна пакінула адрамантаваны кляштар сясцёр назарэтанак, пасаджаную ёю ў кляштарным садзе тапалянскую бярозу, напісаныя абразы і добрую памяць гараджанаў, якія далі ёй імя Гродзенскай Маці.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024