Праца Сяргея Аганава два тыдні таму прайшла рэспубліканскі мастацка-манументальны савет і чакае адпраўкі ў Гродна. Пакуль помнік Давыду Гарадзенскаму знаходзіцца ў Мінску, Hrodna.life пагаварыў са спонсарам скульптуры Анатолем Карабачом.

Фотаздымак помніка не перадае рэальны выгляд

Заснавальнік мінскай фірмы «Хорс-Мотарс», ураджэнец Краснасельскага, што пад Ваўкавыскам, Анатоль Карабач застаўся задаволены працай Аганава і чакае ўстаноўкі помніка ў Гродне. Кожны год мецэнат рэалізуе па 2−3 дабрачынных праекта па ўсёй краіне.

«Асабіста я выключна задаволены помнікам, — распавядае Анатоль Карабач. — Атрымалася ўнікальная праца, выдатны манумент аднаму з самых годных людзей Беларусі, гістарычны сімвал і пышнае ўпрыгожванне горада. Фотаздымак помніка не перадае яго выгляд у рэальнасці, ужывую манумент глядзіцца лепш.

Праца Аганава мае чароўныя ўласцівасці раскрываць сваю прыгажосць не з першага погляду, а пры падрабязным аглядзе. І чым даўжэй глядзіш на яго, тым больш ён падабаецца. Я думаю, многія гродзенцы і госці горада пераканаюцца ў гэтым пасля адкрыцця помніка Давыда".

[irp posts="40 349″ name="Помнік Давыду Гарадзенскаму гатовы. Цяпер трэба даставіць яго ў Гродна"]

Дакладная дата адкрыцця помніка яшчэ не ўзгоднена з кіраўніцтвам горада і вобласці, але, як мяркуецца, гэта можа адбыцца 7 лютага, у дзень адкрыцця міжнароднага фестывалю праваслаўных спеваў «Каложскі Благавест».

«Давыд Гарадзенскі быў праваслаўным»

На помніку Давыда з’явіўся праваслаўны крыж — гэты элемент шматлікім здаецца надуманым. Бо да канца невядома, якой рэлігіі прытрымліваўся Давыд. Ён мог наогул быць паганцам.

Мецэнат помніка Давыду Гарадзенскаму: «Праваслаўны крыж - мая ініцыятыва»
Давыд Гарадзенскі паводле мастака М.Басалыгі
Анатоль Карабач адзначае, што крыж з’явіўся па яго ініцыятыве — гэта было асноўнай умовай конкурсу і прынцыповай пазіцыяй мецэната.

[irp posts="25 265″ name=" Не проста камень, а рэальная скульптура". Скульптар Сяргей Аганаў пра падрыхтоўку помніка Давыду Гарадзенскаму"]

«Каментароў «разумнікаў» у інтэрнэце заўсёды шмат і, як правіла, яны заўсёды негатыўныя. Я стараюся менш надаваць ім увагі. Што тычыцца веры Давыда, на маю думку, іншай веры акрамя як праваслаўнай у яго і быць не магло.

Судзіце самі. Бацька Давыда — Даўмонт, у праваслаўі Цімафей, князь Нальшанскі -
гэта тэрыторыя сучасных Мядзельскага і Смаргонскага раёнаў. У канцы 13-га стагоддзя — адзін з самых паважаных князёў Літвы, шмат разоў удзельнічаў у бітвах з крыжакамі. Пасля канфлікту з Міндоўгам эміграваў з усім сваім дваром у Пскоў, дзе прыняў праваслаўе і ўнёс вялікі ўклад ва ўмацаванне і развіццё горада, шмат гадоў быў там ваяводай. Даўмонтаў меч быў асвечаны і бласлаўлёны праваслаўным япіскапам. Зараз меч захоўваецца ў пскоўскім музеі.

Маці Давыда — Марыя Дзмітрыеўна, дачка князя Уладзімірскага і Наўгародскага Дзмітрыя, унучка Аляксандра Неўскага. Не выклікае сумненняў, што Давыд рос у праваслаўнай веры і захаваў яе да самай смерці".

«Мы — нашчадкі вялікай краіны і вялікага народа»

На стварэнне помніка Давыду Гарадзенскаму Анатоль Карабач выдаткаваў буйную суму. Бізнесмен не плануе спыняцца на дасягнутым і заклікае беларусаў удзельнічаць у рэалізацыі іншых праектаў.

«Задумак у мяне шмат, але казаць аб нейкім новым праекце на Гродзеншчыне цяпер рана. Трэба завяршыць усё да канца з Давыдам.
Такія праекты патрабуюць каласальнай колькасці асабістага часу.

У Гродне і ў іншых гарадах Беларусі мноства знамянальных дат і падзей, нямала было ў нас годных продкаў, якія жылі ў розныя эпохі і аддавалі сябе радзіме. Многія з іх вартыя хоць бы памятнай шыльды. І для гэтага не трэба чакаць каго-небудзь ці чаго-небудзь,
трэба кожнаму зрабіць хоць нешта, хай самую драбніцу".

[irp posts="11 804″ name=" Конная статуя была б ідэальнай". Гродзенцы пра тое як павінен выглядаць помнік Давыду Гарадзенскаму"]

Напрыклад, ініцыяваць любы праект, выбраць месца і форму, абвясціць збор сродкаў, нешта пералічыць на добрую справу — прыводзіць прыклады Анатоль. Ён упэўнены, што Гродзенская епархія БПЦ ці мясцовая ўлада, пры настойлівасці ініцыятара, дапамогуць з дабрачынным рахункам і выступяць гарантам захаванасці сродкаў.

«Варыянтаў шмат, няма толькі належнага жадання, а можа не прыйшоў яшчэ час усведамлення ў саміх беларусаў. Усведамлення таго, што ўсе мы нашчадкі вялікай краіны і вялікага народа, са знакамітай гісторыяй, яркімі асобамі і багатай культурай», — кажа Анатоль Карабач.

[irp posts="8192″ name="Давыд Гарадзенскі: што ведаем насамрэч і што прыдумалі «ўдзячныя нашчадкі» пра героя, якому хочуць паставіць помнік"]