Увечары 11 студзеня Міша Якімчык з маці Людмілай вярнуўся ў Горадню пасьля двух з паловай месяцаў прыгодаў. Маці ўпэўненая: галоўную ролю ў пошуках адыгралі не міліцыянты і пошукавыя атрады, а звычайныя неабыякавыя людзі. Вяртаньне — шчасьлівая падзея, але не канец гэтай гісторыі. Піша Радыё С**бода.

«Першы час называў мяне „тата“»

Бацька Вітальд Якімчык забраў малога Мішу зь дзіцячага садку 28 кастрычніка каля 11:00. Яны ў разводзе з жонкай, але ў той дзень бацькі дамаўляліся забраць Мішу разам пазьней і пашпацыраваць зь дзіцём. Чаму Вітальд вырашыў інакш, дакладна яшчэ невядома. З таго часу маці ня бачыла сына 74 дні і ня ведала, дзе ён і што зь ім.

«Але ж я ў гэтым не вінаваты». Маленькі Міша, зь якім бацька хаваўся ў Расеі, вярнуўся дадому
Бацька зь Мішам, архіўнае фота
Убачыць сына Людміла змагла толькі 10 студзеня ў дзіцячым прытулку расейскага курортнага гораду Анапа.

«Міша сустрэў добра. Пазнаў адразу. Спачатку глядзеў насьцярожана. Але праз паўхвіліны асвоіўся. Ня плакаў. Першы час называў мяне „тата“», — кажа Людміла.

«Але ж я ў гэтым не вінаваты». Маленькі Міша, зь якім бацька хаваўся ў Расеі, вярнуўся дадому
Людміла ня бачыла сына і ня ведала нічога пра яго 74 дні
Вітальд паехаў туды зь дзіцём на машыне, якую сам вёў. Гэта 2300 кілямэтраў і 34 гадзіны ў дарозе, калі ехаць безь перапынкаў. Мужчыну патрэбная перасадка сэрца, ён мае групу інваліднасьці.

Жыць каля мора Вітальд раней прапаноўваў Людміле. Ён хацеў там пасяліцца, пакуль яны не разьвяліся.

«Куртка парваная, джынсы зацухмоленыя, валасы нямытыя»

Міша за апошнія дні стаміўся ад пералёту і пераездаў, ад вялікай колькасьці незнаёмых людзей, журналістаў. Ён ня надта хоча фатаграфавацца і пакуль мала расказвае, як яму жылося ўвесь гэты час з татам. Цяпер ён глядзіць мультфільмы, бегае па кватэры і бавіцца з цацкамі.

«Але ж я ў гэтым не вінаваты». Маленькі Міша, зь якім бацька хаваўся ў Расеі, вярнуўся дадому
Міша паволі адаптуецца дома
Вядома, што яны з бацькам у Анапе жылі на здымнай кватэры. Вітальд не працаваў. Харчаваліся ў кавярнях, сталоўках. Хадзілі на пляж. Грошы на жыцьцё мужчына, верагодна, меў, бо незадоўга да ад’езду прадаў сваю кватэру ў Горадні. На назе ў Мішы застаўся сіняк. Хлопчык патлумачыў, што ён упаў на дзікім пляжы.

Ці зразумеў Міша, што менавіта адбылося, Людміла ня ведае. Яна стараецца яго не турбаваць пытаньнямі. Хоча, каб ён як мага хутчэй забыўся на гэтыя прыгоды.

Яна толькі наважылася яго запытацца, чаму яны не ўзялі яе з сабой на мора.

«Але ж я ў гэтым не вінаваты», — адказаў Міша.

Калі Людміла забірала сына, то ён выглядаў неахайна. Новая куртка была парваная пад рукой, брудная. Ад валасоў непрыемна пахла. Джынсы зацухмоленыя, стопы на калготках заношаныя, не папраныя. Міша расказаў маме, што ён не купаўся на ноч, толькі часам прымаў душ.

«Усё ж мужчына ня здольны гэтак жа дагледзець дзіця, як жанчына», — мяркуе маці.

Дзень народзінаў Мішы 29 сьнежня яны з бацькам у Анапе амаль не сьвяткавалі: схадзілі ў краму і набылі прадукты.

«Але ж я ў гэтым не вінаваты». Маленькі Міша, зь якім бацька хаваўся ў Расеі, вярнуўся дадому
Мішу споўнілася 6 гадоў у Анапе
Шчанюка аўчаркі, як марыў Міша, пакуль набываць ня будуць, бо хлопчык перадумаў. Ён паведаміў маме, што сабака мусіць быць адразу вялікі, баявы і ў строі ялінкі, пароды салюкі (паляўнічы сабака).

Спраўдзілася правіла пяці поціскаў рукі

Людміла мяркуе, што былы муж такім учынкам хацеў ёй адпомсьціць. Ён у шлюбе біў і абражаў жонку. Яна ў пэўны момант спыніла ягоны гвалт, стала абараняць сябе, разьвялася зь ім, падала заяву ў міліцыю. На мужчыну завялі крымінальную справу паводле артыкулу 153 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Наўмыснае нанясеньне лёгкага цялеснага пашкоджаньня». Пачаліся перадсудовыя сустрэчы. Вітальд прасіў жонку забраць заяву. Яна адмовілася. У гэты пэрыяд Вітальд і зьнік разам зь дзіцём.

«Але ж я ў гэтым не вінаваты». Маленькі Міша, зь якім бацька хаваўся ў Расеі, вярнуўся дадому
Жанчына верыць, што дапамаглі неабыякавыя незнаёмцы
Людміла мяркуе, што знайсьці сына дапамаглі перадусім простыя людзі, якія адгукнуліся на ейную бяду. Яна думае, што інфармацыя пашырылася дзякуючы сацыяльным сеткам. Спраўдзілася правіла пяці поціскаў рукі. Шмат высілкаў прыклалі раней незнаёмыя людзі.

Інфармацыя, дзе знаходзіцца Міша і Вітальд, пачала порцыямі зьяўляцца толькі на пачатку новага году.

Жанчына зь Віцебску прапанавала распаўсюдзіць інфармацыю ў пабліках Анапы. Тады ўжо былі непацьверджаныя зьвесткі, што Міша можа быць у гэтым горадзе. Адміністратар пабліку зрокава пазнаў хлопчыка. Сказаў, што бачыў іх у горадзе. Іншая дзяўчына дала расейскі тэлефон Вітальда.

Як размаўляць зь Вітальдам, сама Людміла ня ведала. На дапамогу прыйшоў яшчэ адзін незнаёмец зь Беларусі, які пазваніў Вітальду і за два дні ўгаварыў яго пазваніць Людміле.

Былы муж: «Пакляніся здароўем бацькоў, перахрысьціся»

Жанчына падкрэсьлівае, што Вітальд выйшаў на сувязь ня з добрай волі. Ён разумеў, што яго могуць хутка затрымаць. Паставіў ёй умовы: каб яна забрала заяву зь міліцыі, каб прыехала да яго ў Анапу адна, бязь іншых людзей і бяз грошай, бо нібыта ў яго ёсьць усё патрэбнае. Спачатку казаў, што яны разам паедуць дадому. Скардзіўся на здароўе — што ў яго ідзе горлам кроў.

«Але ж я ў гэтым не вінаваты». Маленькі Міша, зь якім бацька хаваўся ў Расеі, вярнуўся дадому
Людміла кажа, што былы муж праз шантаж хацеў дамагчыся, каб яна зноў пачала зь ім жыць
«„Паабяцай мне, што ўсё будзе добра, што ня будзе судоў. Я баюся вяртацца, баюся, што ня буду бачыць сына… Пакляніся здароўем бацькоў. Перахрысьціся“. Я на ўсё пагаджалася, толькі каб убачыць Мішу, каб пераканацца, што зь ім усё добра», — пераказвае размову з былым мужам Людміла.

Потым пачаў прапаноўваць ёй застацца жыць у Анапе, нібыта зноў стаць сям’ёй.

«Я зразумела, што гэта шантаж, што ён зноў хоча паставіць мяне ў залежнае становішча», — мяркуе жанчына.

Завесьці Вітальда ў расейскую паліцыю дапамагла інспэктар у справах непаўналетніх з Анапы. Яна знайшла Вітальда, дамовілася на сустрэчу, сказала, што ёй трэба праверыць умовы, у якіх жыве мужчына зь дзіцём.

Вітальда затрымалі да таго, як яна прыляцела ў Анапу. Цяпер ён пад вартай. Неўзабаве яго экстрадуюць у Беларусь. На некалькі дзён Мішу разьмясьцілі ў прытулак пасьля затрыманьня таты.

Цяпер Людміла хоча вярнуць хлопчыка ў дзіцячы садок. Сёлета яму ісьці ў першую клясу.

«Але нам патрэбная бясьпека», — кажа яна.

Маці хоча зьменаў у заканадаўстве

Гісторыя Мішы і ягонай сям'і яшчэ ня скончылася. Наперадзе суд. Артыкул, за які Вітальд цяпер знаходзіцца пад вартай, не прадугледжвае пазбаўленьня волі. Мужчыну могуць пакараць грамадзкімі працамі, штрафам, папраўчымі працамі або арыштам.

Людміла баіцца, што, калі былы муж выйдзе на волю, гісторыя з сынам можа паўтарыцца. Але яна ня хоча пазбаўляць Вітальда бацькоўскіх правоў. Мяркуе, што варта іх абмежаваць. Пра гэта яна будзе раіцца з адвакатам.

«Але ж я ў гэтым не вінаваты». Маленькі Міша, зь якім бацька хаваўся ў Расеі, вярнуўся дадому
Мішу неўзабаве аддадуць у садок, а бацьку будуць судзіць
Жанчына перакананая, што ў заканадаўства трэба ўнесьці папраўкі, каб дзяцей не забіралі ўласныя бацькі для помсты сужэнцам. Прыкладам, на ейную думку, варта ўнесьці абавязак паведамляць пра месца знаходжаньня і пачынаць біць трывогу, калі адзін з бацькоў не выходзіць на сувязь больш за адну гадзіну.

«Недасяжны, недасяжны, недасяжны. А што мне рабіць? Думаць, што яны разьбіліся з сынам на машыне?.. Я ня лекар, але, мне здаецца, нармальны чалавек не зрабіў бы такога ўчынку з такім станам здароўя», — кажа Людміла.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.