Людзі і справы

«Calmaria» — зацішак на ўскрайку Еўропы. Як беларусу жывецца ў Партугаліі, дзе 300 дзён у год свеціць сонца

Мінчук Герман у 2022 годзе паехаў на зімоўку ў Партугалію. У выніку жыве там па сённяшні дзень. У цягніку па дарозе з самай заходняй кропкі Еўропы да Лісабона ён расказаў Hrodna.life пра жыццём там. А яшчэ згадаў, з якім словам у яго асацыюецца гэтая краіна.

Партугальскі краявід у ваколіцах горада Нелас. Фота: Hrodna.life

«Мая зімоўка выйшла амаль на два гады»

Герман родам з Мінска. Працуе SMM-менеджарам у адным з беларускіх медыя. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ён жыў ва Украіне. Зімой 2022 года хлопец вырашыў паехаць у Партугалію.

«Для мяне гэта быў не закрыты гештальт. Квіткі на адпачынак былі яшчэ ў сакавіку 2020 года, але праз COVID-19 гэта ўсё не атрымалася. І вось я вырашыў паехаць на зіму ў Лісабон. Ну і мая зімоўка выйшла амаль на два гады», — кажа Герман.

Герман. Крыніца: Instagram/germanviartsinski

Калі Расія пачала вайну супраць Украіны, Герман думаў, што яна хутка скончыцца, а ён вернецца ва Украіну, дзе планаваў жыць. Але зразумеў, што гэта надоўга, і вырашыў застацца ў Партугаліі.

«Польшча, Літва, Грузія — мне гэтыя варыянты не так моцна падабаліся. І вырашыў, калі я ў Партугаліі ўжо жыву тры месяцы, плюс у Партугаліі зрабілі temporary protection [часовая іміграцыйна абарона — Hrodna.life] для ўкраінцаў і тых, у каго ёсць украінскі від на жыхарства. Я мог легальна знаходзіцца ў гэтай краіне, таму застаўся і не шкадую».

«Цябе паўсюль зразумеюць па-англійску»

Герман жыве ў Лісабоне, куды ён прыехаў да свайго аднакласніка. «Я шмат вандраваў у першыя месяцы па ўсёй Партугаліі. І вырашыў, што для жыцця Лісабон — найлепшы горад», — лічыць Герман.

Партугальскі трамвай. Фота: Hrodna.life

Праблем з мовай і адаптацыяй у яго не было.

«У Лісабоне 90% людзей у сферы паслуг размаўляюць па-англійску. Таму праблем з мовай увогуле няма, — кажа Герман. — Я вывучыў базавы ўзровень [партугальскай — Hrodna.life], каб замовіць нешта ў рэстаране, у краме, але не больш. Бо няма такой патрэбы. Ты разумееш, што цябе паўсюль зразумеюць па-англійску. Плюс я не быў упэўнены, што застануся надоўга і ці варта ўвогуле вучыць новую мову. Але зараз усё ж хачу падвучыць. І дзеля павагі для партугальцаў, і ўсё ж хоць некалі, але можа спатрэбіцца».

Гэты матэрыял з’явіўся дзякуючы супрацоўніцтву з брэндам «Мова вольных». Сёлета брэнд выпускае слоўнічак-каляндар на 2024 год пад назвай «Мова вольных вандруе па свеце». З дапамогай яго беларусы ўзгадваюць беларускія словы, а таксама даведваюцца іх пераклады на іншыя мовы.

Царква святога Антонія ў Порту. Фота: Hrodna.life

«Чуеш, што на нашай мове размаўляюць, а прыслухоўваешся — і разумееш, што гэта партугальская»

«Па вымаўленні партугальская мова вельмі падобна да ўкраінскай, беларускай ці рускай. Нават часта чуеш, быццам на нашай мове размаўляюць, а потым прыслухоўваешся — і разумееш, што гэта партугальская. Хоць словы больш падобныя да іспанскай ці італьянскай, — кажа Герман. — Але сама па сабе мова не складаная. Адзінае, няма матывацыі асаблівай для вывучэння. У мяне не такое вялікае кола камунікацыі з партугальцамі. Таму нават цяжка яе недзе ўжываць».

Rua do Infante D. Henrique з відам на Кафедральны сабор у Порту. Фота: Hrodna.life

Беларусаў стала болей з пачаткам вайны

У асноўным Герман стасуецца з украінцамі: «Іх тут было вельмі шмат і з пачаткам вайны прыехала шмат».

Беларусаў таксама стала нашмат болей, заўважае ён.

«Калі я прыехаў, існаваў чат беларусаў у Партугаліі. Да 24 лютага там было чалавек 30. А пасля, праз месяц, у геаметрычнай прагрэсіі пайшоў рост і зараз там 1,5 тыс. чалавек. Але гэта толькі чацік Telegram, вядома, што іх больш».

У Лісабоне ёсць невялікія суполкі беларусаў. Але Герман лічыць, што гэта не такая актыўная дыяспара, як у Польшчы альбо Грузіі.

«Сёння быў яскравы момант. Я іду па мысе Рока, насустрач ідзе чалавек і кажа мне: „Жыве Беларусь!“. Я быў у байцы з надпісам „Менск“. Аказалася, што ён прыехаў да майго сябра», — расказаў Герман.

Набярэжная ў Порту. Фота: Hrodna.life

Што паглядзець у Партугаліі і куды з’ездзіць

«Зразумела, што на другім месцы [пасля Лісабона — Hrodna.life] - Порту. Ён вельмі турыстычны і, магчыма, цікавейшы за Лісабон. Яшчэ вельмі класныя гарады Гімарайнш і Назарэ. Ды і паездзіць па ўзбярэжжы, паглядзець на акіян, гэта канешне цудоўна, — падзяліўся Герман. — Ёсць выспы — Мадэйра і Азорскія. Для мяне ўвогуле Мадэйра — самае прыгожае, што я бачыў, магчыма, у жыцці. Там прырода, якой славіцца Партугалія. Не тое, што кліматычныя зоны, але розны клімат: і лясы, і горы, і акіян, і тропікі. Багацце прыроднае супер».

Від на Порту з набярэжнай. Фота: Hrodna.life

У 40 кіламетрах ад Лісабона знаходзіцца мыс Рока — самая заходняя кропка Еўропы.

«Эштрэла — горны парк, вельмі класае месца. Калі зусім простымі словамі казаць, то едзеш ад Лісабона на поўнач па беразе акіяна і там месцы адно за адным прыгожыя».

Мыс Рока. Крыніца: pixabay.com

Паводле Германа, у Партугаліі вельмі ветлівыя людзі, якія заўсёды гатовыя дапамагчы, амаль як дома.

«Вядома, што зусім іншая краіна, але адчуванне спакою і адчуванне, што ты знаходзішся ў месцы дзе табе прыемна, падкупае».

Гэта настолькі ідэальны край?

«Сапраўды, Партугалія не ідэальная. Зімой тут няма ацяплення амаль нідзе. І цвіль на сцяне — абсалютна нармальна, гэта база, — кажа Герман. — Самы галоўны мінус — кошты на жытло і арэнду. З пачатку вайны [ва Украіне — Hrodna.life] яны вельмі моцна падняліся. І знайсці жытло — моцны квэст, праз які трэба прайсці, бо канкурэнцыя і попыт вялікія, а прапановаў мала».

На пошук жытла можна згубіць пару месяцаў і потым зняць за € 1000 і болей.

«Тут шмат хто здымае пакоі. Да пачатку вайны сярэдняя цана за пакой была € 400. За аднапакаёвую кватэру — € 700. Зараз, хутчэй за ўсё, больш за € 1000, а ўзровень такі, як у Мінску — € 1500. І гэта яшчэ нармальныя кошты».

Жылыя дамы ў гістарычнай частцы Порту. Фота: Hrodna.life

Ёсць праблемы з банкаўскімі рахункамі і аплатамі.

«У іх не IT-краіна і ёсць хібы ды складанасці з аплатай. Але неяк прызвычайваешся. Бо ў Беларусі аплочваць камуналку прасцей і зручней, але гэта невялікая розніца. Пару разоў аплаціў - і нармальна ўсё».

Што робіць Партугалію адметнай

«Я думаю, што гэта ў першую чаргу рэлакс. Бо ты прыязджаеш і разумееш, што людзі атрымоўваюць асалоду. У іх неяк гэта добра атрымліваецца. Яны нікуды не спяшаюцца, яны могуць сядзець сабе ўсміхацца і проста кайфаваць, чыліць, — расказаў Герман. — І ты потым сам да гэтага вайбу і атмасферы прызвычайваешся, заспакойваешся і атрымоўваеш асалоду ад жыцця. Гэта, мне падаецца, самае галоўнае».

Бераг Атлантычнага акіяна ў Партугаліі. Фота: Hrodna.life

На думку Германа, мінус Партугаліі і Лісабона — цяжкасць вандраваць па Еўропе.

«Бо кожны раз, калі я прыязджаю ў іншыя гарады, я думаю: „Блін, прышпільна, але ў Лісабоне лепш“. І сапраўды, калі я вяртаюся пасля паездак, працоўных і не працоўных, у мяне адчуванне, што я вярнуўся дадому. Бо я тут адчуваю сябе вельмі добра, спакойна, кайфова».

У Партугаліі ёсць нешта чароўнае, а людзі зараджаюцца энэргіяй ад акіяна альбо ад сонца, упэўнены Герман.

«Сапраўды, 300 сонечных дзён у Лісабоне ў год. І калі ты выходзіш на вуліцу, бачыш сонейка, бачыш людзей, якія ўсміхаюцца, табе таксама становіцца лепш і ты таксама ўсміхаешся і хочаш рабіць гэты свет лепшым».

Вулічныя мастакі граюць у шахматы ў цэнтры Порту. Фота: Hrodna.life

Зацішак на ўскрайку Еўропы

У партугальскай мове ёсць слова Calmaria — зацішак. У Германа Партугалія асацыюецца з гэтым словам.

«Адно з такіх папулярных словаў - Calma — „Спакойна. Усё будзе“. І ты жывеш на ўскрайку Еўропы, побач з акіянам, і сапраўды, вось гэты зацішак дае спакой, і ўсё ў сукупнасці - вельмі добры сімбіёз».

Стваральнікі календара «Мова вольных вандруе па свеце» хочуць паказаць, што беларуская мова роўная іншым мовам свету, а таксама падтрымаць імкненне беларусаў ведаць мовы краінаў, дзе яны жывуць або бываюць.

Дзеці гуляюць на беразе Атлантычнага акіяна ў Партугаліі. Фота: Hrodna.life

На думку Германа, людзі ў Партугаліі жывуць, каб атрымоўваць асалоду. Маўляў, самі атрымоўваюць і іншым не перашкаджаюць.

«Нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія адбываюцца ў свеце, у тым ліку ў нашым рэгіёне, ты разумееш, што жыццё тваё ідзе і Партугалія дае адчуванне жыць тут і цяпер. Гэта ідэльная краіна, каб жыць у моманце».

Слоўнік у фармаце адрыўнога календара можна павесіць на сценку або паставіць на стол. Ён мае скрыначку, якая робіць з яго добры падарунак. А яшчэ ў ёй можна захоўваць адарваныя аркушыкі.

Заказаць каляндар можна ў Беларусь і любую іншую краіну.

А яшчэ яго можна брэндаваць — і зрабіць з яго выдатны карпаратыўны падарунак, напрыклад, ад беларускай кампаніі ў замежжы!

Падзяліцца

Апошнія запісы

Шматразовыя лампадкі і шалупіна замест фарбавальніка. Тры спосабы скараціць экаслед на Радаўніцу

Штучныя кветкі на магілах доўга раскладаюцца і вылучаюць таксіны. Іх лепш замяніць жывымі кветкамі. Яйкі…

8 мая 2024

«Усё, што заўгодна, каб выратаваць чалавечыя жыцці». Музыкі гурта Irdorath далі першае інтэрв'ю пасля вызвалення

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач далі першае інтэрв'ю пасля свайго вызвалення вясной 2023…

7 мая 2024

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024