Трэція суткі інфармацыйная прастора Беларусі поўніцца меркаваннямі аб здарэнні ў Стоўбцах. Жорсткасць, якую цяжка вытлумачыць, выбухнула ў самых звычайных умовах, са звычайнымі людзьмі, дзецьмі. А значыць, гэта магло адбыцца з кожным і ў любым месцы.

Пытанні, якія ўсіх хвалююць, адвечныя: хто вінаваты і што рабіць. Адказаў шмат, адзінага слушнага - няма.

Што цяпер рабіць: версіі

«Трэба на ўсю катушку спытаць перш за ўсё са старшыні райвыканкама. І з міністра адукацыі. Чаму не навялі парадак у школе? Школа — святое месца. Як у царкву, трэба ісці ў школу, — лічыць прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. — Жалезная дысцыпліна павінна быць».

У Міністэрстве адукацыі збіраюцца прапрацоўваць прававое рэгуляванне мераў бяспекі і прапускнога рэжыму ў школах. «Ва ўстановах адукацыі будзе ўзмоцнена работа школьных псіхолагаў. Будзе распрацаваны алгарытм сумесных дзеянняў з бацькамі ў плане кантролю занятасці падлеткаў пасля вучобы», — паабяцала прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая.

Напад у Стоўбцах: ці можна было прадухіліць, што рабіць цяпер і ці змянілася ўжо нешта ў школах Гродна
Пракурор Віктар Корзун
Віктар Корзун, пракурор Гродзенскай вобласці, на прэс-канферэнцыі расказаў, што ў 2018 годзе па патрабаванні пракуратуры ў 371 установе адукацыі Гродзенскай вобласці ўсталявалі трывожныя кнопкі для выкліку групаў затрымання Дэпартамента аховы. Праўда, спрацоўвання кнопак пакуль не было.

А вось пракурор Мінскай вобласці, Алег Лаўрухін, лічыць, што няма патрэбы павялічваць захады бяспекі ў школах, бо «на 100 адсоткаў ніякія тэхнічныя сродкі не дапамогуць». Ён мяркуе, што школа ў Стоўбцах, дзе адбылася трагедыя, добра ахоўвалася.

«Там было відэаназіранне, працаваў пункт аховы, агароджа — усё як мае быць. Але не ў гэтым, магчыма, справа. Перш за ўсё трэба думаць пра выхаванне».

Таксама Алег Лаўрухін мяркуе, што павелічэнне захадаў бяспекі ў школах запатрабуе значных фінансавых выдаткаў, што ёсць праблемай.

Паводле Алены Анісім, дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў ад Стаўбцоўскай акругі, старшыні Таварыства беларускай мовы (сябрам якога быў загінулы 11-класнік) праблема ў тым, што ў дарослых вельмі часта страчаная камунікацыя з дзецьмі.

Напад у Стоўбцах: ці можна было прадухіліць, што рабіць цяпер і ці змянілася ўжо нешта ў школах Гродна
Дэпутатка Алена Анісім
«Нешта ж справакавала агрэсію ў стаўбцоўскага падлетка, а ніхто гэтага не заўважыў».

У сацыяльных сетках меркаванні яшчэ больш рэзкія. Найбольш людзей жахае знешняя адсутнасць перадумоў да такога выбуху агрэсіі. Акрамя таго, пачалі задавацца пытаннем, чаму менавіта беларускамоўны старшакласнік Аляксандр стаў ахвярай нападу.

«Нішто не бывае раптоўным. Папярэдзіць было можна». Каментар псіхолага

Напад у Стоўбцах: ці можна было прадухіліць, што рабіць цяпер і ці змянілася ўжо нешта ў школах Гродна
Кацярына Вашчэйка, псіхалагіня
Не дапамогуць тэхнічныя сродкі, а што ж можа дапамагчы папярэдзіць такія сітуацыі? На што зважаць бацькам і педагогам, Hrodna.life запытаў гродзенскую псіхалагіню-практыка Кацярыну Вашчэйка, якая мае вялікі досвед працы з дзецьмі і падлеткамі.

«У такой сітуацыі ніколі нельга казаць пра стоадсоткавую магчымасць папярэдзіць сітуацыю, але магчыма зменшыць у дзясяткі разоў рызыку праяваў непрадказальных паводзін падлеткаў».

Замкнёныя падлеткі - самая вострая катэгорыя

«Ёсць такая катэгорыя падлеткаў - маўклівыя і замкнёныя», — тлумачыць Кацярына. Гэтая акцэнтуацыя, асаблівасць, разглядаецца псіхолагамі як самая небяспечная, самая вострая катэгорыя. Бо ніколі не вядома, што ўнутры. Актыўны можа пабіцца, нахуліганіць, але выплеснуць свае эмоцыі. А вось з тым, што схаваны, цяжка, ён не разумее, што з ім адбываецца, і гэтая навальніца можа прарвацца. Востры ўзрост — 13−17 год. Пераважна да 15 год асноўныя змены псіхікі адбываюцца, і калі гэта не здарылася, то, кажучы прафесійна, стан ужо гады два ў латэнтнай стадыі.

Нішто не бывае раптоўным

Дзіця робіцца маўклівым, сыходзіць з грамадства, абмяжоўвае кола сяброў, у падлетка робіцца менш грамадскіх цікаўнасцяў. Ужо гэта мусіць прыцягнуць увагу. За такой замкнёнасцю часцей за ўсё стаіць навальніца з эмоцый, як правіла, вельмі моцных, якія падлетак не можа выразіць, не разумее, і ў гэты момант мае патрэбу ў дапамозе. Насамрэч, нішто не бывае раптоўным. Павелічэнне замкнёнасці цягнецца днямі, месяцамі, на працягу года, і можна заўважыць, што дзіця стала змяняцца ў паводзінах. У першую чаргу гэта клопат бацькоў, у другую — педагогаў.

hrodna.life/2019/02/11/zabityi-u-stoubcah-shkolnik-razmaulyau-pa-belarusku/

Бацькі могуць цэлымі днямі хадзіць на працу, пытаць, ці зробленыя ўрокі. Калі падлетак вучыцца добра, пра яго наогул могуць не асабліва клапаціцца. Дачыненні ў сям'і могуць быць фармальнымі: паелі, нешта зрабілі разам, і ніхто не пытае падлетка, што ён адчувае, чым цікавіцца, ці ёсць у яго дзяўчынка, чаму не запрашае сяброў у дом.

У дзіцяці варта цікавіцца, што ён робіць у сацсетках. Аватарка, якая была на старонцы нападніка са Стоўбцаў, кажа, што з дзіцём не ўсё так. Чаму ён абірае такі вобраз?

Звычайны інтраверт ці ўнутраныя праблемы?

Для такога ўзросту адзін сябар — вузкае кола стасункаў. Падлетак можа аказацца інтравертам, а можа — з вялікімі праблемамі ўнутры. Калі няма яснасці, варта звярнуцца да псіхолага або педагога. Так многія і робяць.

«Часцей за ўсё выяўляецца, што падлетак інтраверт, але мы, псіхолагі, заўжды дзьмем на ваду. Бо нават калі гэта адзін з тысячы, гэта жывое дзіця».

Што адбылося з хлопцам у Стоўбцах, пакажа заключэнне судова-псіхіятрычных экспертыз.

Калі гавораць «харошы, спакойны чалавек», заўжды насцярожвае, гэта надта агульная характарыстыка.

Школьны псіхолаг мог не дайсці да кожнага дзіцяці, але ў настаўнікаў, праз якіх праходзяць тысячы дзяцей, вока намётанае, магчыма заўважаць, што з падлеткам нешта не тое. Не адгадаць, што ў галаве, а пабачыць, што дзіця адрозніваецца ад аднагодкаў. Дыягназаваць стан — дэпрэсія, ці недастатковы досвед стасавання, можа любы школьны псіхолаг. Проста чалавечая размова, з класным або з псіхолагам, магла бы даць вынік.

Важна не прапускаць ні адну думку, фразу дзіцяці пра смерць, філасофскія разважанні пра забойства. Любое сігнальнае слова павінна быць знакам увагі да дзіцяці. Чаму ён гаворыць не пра любоў, а пра смерць? У яго можа быць паніжаны настрой, могуць быць фантазіі, страхі, што заўгодна. Гэта назапашваецца. Калі гэта не прагаворваць, не разумець, што ўнутры, можа здарыцца бяда.

У Гродзенскіх школах зацішша

Ніякіх гутарак з нагоды трагічных падзеяў у Стоўбцах у школе не праводілі, — распавёў Hrodna.life вучань адной са школ Гродна. Класная гадзіна будзе ў канцы тыдня, мо тады скажуць — мяркуе хлопец.

Турнікетаў у ягонай школе няма, кантроль за ўваходам вядзе вахцёр. Па словах школьніка, раніцай на ўваходзе дзяжураць завуч або дырэктар, так што чужому ўвайсці складана. Вучні таксама не могуць сысці раней часу без дазволу. Вахцёр не выпускае са школы без адпаведнай запіскі ад настаўніка. Да таго ж, кантраляваць прысутнасць дапамагае электронны журнал. Класны кіраўнік бачыць пропускі адразу і звязваецца па тэлефону з вучнямі ці з іх бацькамі. Але ўсё гэтыя меры дзейнічаюць у школе пастаянна. Ніякага «узмацнення рэжыму» не ўводзілі.

Па сведчаннях настаўніц з дзвюх гродзенскіх устаноў адукацыі, ніякай рэакцыі адміністрацыі на здарэнне ў Стоўбцах няма.

У гімназіі № 9, якую нядаўна «мініравалі», нічога адмысловага пакуль не агранізоўвалі, але пасля «замініравання» вахту пераставілі з левага боку ад увахода на правы. Верагодна, там збіраюцца ўсталёўваць турнікеты.

Па словах настаўніцы беларускай мовы адной з гродзенскіх школаў, дырэктарка падзялілася ў школьным чаце ў Viber спасылкай пра стаўбцоўскую трагедыю, але аніхто з настаўнікаў ніяк на гэта не зрэагаваў і не выказаўся. Дзеці пры настаўніцы таксама нічога не абмяркоўвалі, агулам падаецца, што нічога і не адбылося.


hrodna.life/2019/02/11/tragedyiya-u-stoubcah-svayaki-i-znayomyiya-kazhuc-pra-napadnika-spakoynyi-adekvatnyi/

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]