Лекцыя Пятра Рабава ў Цэнтры гарадскога жыцця доўжылася 15 хвілін. Затым, каля 16.20, супрацоўнікі АМАП прыпынілі мерыпрыемства і забралі ў Ленінскі РАУС гісторыка і 18 удзельнікаў лекцыі, сярод якіх былі пераважна студэнты гуманітарных спецыяльнасцей. У РАУСе іх пратрымалі больш за тры гадзіны. Арганізатару інкрымінуюць правядзенне несанкцыянаванага масавага мерыпрыемства.

У РАУСе ўдзельнікі лекцыі напісалі тлумачэнне пра ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, іх сфатаграфавалі і ўзялі адбіткі пальцаў. Ва ўдзельнікаў канфіскавалі дыктафон і фотаапарат, у Пятра Рабава забралі 11 кніг. Рэчы паабяцалі вярнуць праз месяц, пасля экспертызы.

[irp posts="36 675″ name=""Сказалі, што паступіў званок". Слухачоў лекцыі па гісторыі забралі ў міліцыю разам з выступоўцам (абноўлена)"]

Тых, хто здаў адбіткі пальцаў, адпусцілі раней — каля 20.30. Пётр Рабаў выйшаў у 21.30. Дзве дзяўчыны адмовіліся здаваць адбіткі пальцаў і напісалі заявы, каб абскардзіць затрыманне.

 — Прыехаў з лекцыяй у саюзную дзяржаву Беларусь, — кажа расійскі гісторык. — А потым былі людзі ў масках («станьце ў адзін шэраг!»), абкатванне пальцаў, некалькі гадзін мілай камунікацыі з міліцыяй… Я нават не ўяўляю, у чым прычына зрыва мерыпрыемства. Думаю, спужала страшнае слова «анархія». У мяне канфіскавалі 11 кніг, дзе гэта дзіўнае слова прысутнічае.

Пётр расказваў, што арганізатараў і ўдзельнікаў лекцыі з Гродна праваахоўнікі яму апісвалі як бандытаў з дзесяткамі затрыманняў («З кім вы звязаліся?»). На думку працаўнікоў РАУСа, іх знешні выгляд — татуіроўкі і дрэды — сведчыць пра тое, што яны бандыты і наркаманы.

[irp posts="36 662″ name="АМАП сарваў сустрэчу з гісторыкам і філосафам Пятром Рабавым у Гродне (абноўлена)"]

— Максімум, што мне пагражае — гэта страта каштоўнай для мяне літаратуры. Мне паабяцалі, што калі кнігі не прызнаюць экстрэмісцкімі, я змагу іх забраць. Спадзяюся, у людзей, якія жывуць у Гродне, таксама не будзе наступстваў, — кажа Пётр.

— Мне інкрымінуюць арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, якое, падкрэсліваю, адбылося ў памяшканні зарэгістраванай арганізацыі, — кажа Сяргей. — Была запланавана лекцыя, цалкам супадаючая з Канстытуцыяй, з ідэалогіяй Рэспублікі Беларусь, дзе не было нічога экстрэмісцкага і цалкам анархістскага. Лекцыя толькі пачалася, літаральна 15 хвілін прайшло, і ў 16.20 у пакой заляцелі супрацоўнікі АМАПу Ленінскага РАУСу, і прыпынілі лекцыю. Нікога не вязалі, не заламвалі, але сустрэчу прыпынілі, пасля чаго завезлі нас у Ленінскі РАУС, дзе мы прасядзелі пяць гадзін.

— Лектар ні да чаго не заклікаў, не дэманстраваў улётак, проста расказваў. Уварваліся супрацоўнікі ў касках і балаклавах. Сказалі, што мы тут праводзім несанкцыянаванае мерапрыемства, і павінны праехаць з імі ў аддзяленне. Усіх забралі і павезлі, — расказвае ўдзельнік лекцыі. — У нас пыталі, адкуль мы даведаліся пра лекцыю, кім з’яўляемся па поглядам, чаму цікавімся гэтай тэмай. Большасць з затрыманых была са студэнтаў гуманітарных спецыяльнасцяў. З міліцыяй размаўлялі на тэмы філасофіі. Я не бачу ніякіх рацыянальных тлумачэнняў дзеянням міліцыі.

На пытанні, чаму іх трымаюць у РАУСе больш за тры гадзіны, супрацоўнікі адказваць адмовіліся.

— Толькі пачалася лекцыя, літаральна праз 15 хвілін прыйшоў АМАП. Нас сабралі, праверылі нашы рэчы і завезлі ў РАУС. Тут мы тлумачылі, чаму мы знаходзіліся на лекцыі, хто нас запрасіў, ці прадавалі там агітыцыйную літаратуру. Натуральна, нічога не прадавалі, гэта была проста лекцыя, — кажа Васіль. — Нас доўга трымалі - бралі адбіткі пальцаў і фатаграфавалі. Шчыра сказаць, мы не асабліва зразумелі, у чым незаконнасць акцыі. Але і кодэкс я не зусім ведаю, таму не магу упэўнена разважаць на гэтую тэму.