Горад

Пад’есці ў «Поезде», паехаць цягніком. На чыгуначным вакзале ў Гродне адкрылася новае кафэ

Залатыя паветраныя шарыкі ўздоўж прыступак на другі паверх выводзяць пасажыраў наўпрост да новага кафэ, што пачало працаваць на чыгуначным вакзале ў Гродне 9 лістапада. Зараз пабавіць час у чаканні цягніка ці падмацавацца на дарогу можна тут. У абедзенным меню па пяць гарачых і салатаў ды два варыянты першых страваў. Таксама прапануюць каву і гарбату. Працуе кафэ ад палудня да апошняга… цягніка.

«Зараз пачалі працу ў тэставым рэжыме», — расказвае ўладальніца і адначасова дырэктарка кафэ Марыя Ваўчок. — Трэба прызвычаіцца да новага месца, даць спрацавацца калектыву. Надалей маем у планах разнастаіць кухню традыцыйнымі беларускімі стравамі".

Марыя лічыць, што дранікі, мачанка і боршч з пампушкамі абавязкова маюць быць у меню кафэ на вакзале, што месціцца так блізка ад мяжы. Тут і замежныя госці могуць адразу адчуць смак Беларусі, і свае, з’язджаючы з дому, падсілкуюцца перад ад’ездам нацыянальнымі стравамі.

Акрамя гэтага, гаспадыня збіраецца дадаць у меню і стравы па ўласна распрацаваных рэцэптах, каторых за папярэднія 16 гадоў працы ў сістэме грамадскага харчавання сабралася нямала. «Абавязкова прыдумаем нешта адмысловае, „чыгуначнае“, каб адпавядала насторою вакзала».

Што да коштаў, то ў дзень адкрыцця паабедаць можна было прыкладна за 3 рублі, а за філіжанку кавы прасілі 19 капеек. Агулам у кафэ можа размясціцца да 60 чалавек.

Фірмовым знакам новай установы харчавання павінны стаць шклянкі ў падстаканніках, у якіх некалі падавалі чай у цягніках. Іх ужо замовілі і ў хуткім часе чакаюць дастаўку. Таксама гаспадыня абяцае забяспечыць «Поезд» бясплатны wi-fi.

Аднымі з першых наведаліся ў новае кафэ супрацоўнікі вакзала. «Прышлі найперш пацікавіцца коштамі, паглядзець, ці можна будзе штодзень тут харчавацца, — кажа Ніна Гедрэвіч, дзяжурная па выдачы даведак (на здымку злева). — У нас змена па 12 гадзін, то пытанне з гарачым харчаваннем актуальнае. Пакуль што найчасцей бяру абед з сабой.»

Паводле начальніка вакзала Аляксандра Сакалоўскага, кафэ на вакзале апроч іншага яшчэ і важная іміджавая рыса: «Вельмі рады, што прастора больш не пустуе, што для пасажыраў з’явілася яшчэ адно прывабнае і карыснае месца. Для супрацоўнікаў гэта таксама добра — не трэба будзе марнаваць час, каб бегчы недзе на абед у перапынак. І тым, што працуюць „на дыстанцыі“ таксама будзе прасцей арганізаваць харчаванне. Галоўнае, каб кошты былі даступнымі і абслугоўвалі хутка».

Марыя Ваўчок хоць і хвалюецца з нагоды адкрыцця кафэ, але пэўная, што праз «Поезд» пасажыры на цягнікі пазніцца не будуць. Каб у 12.00 ахвотныя маглі паабедаць чатыры кухары працуюць ужо ад дзявятай раніцы, а сучаснае абсталяванне кухні - індукцыйная электрапліта, параканвенцыйны аўтамат і прыстасаванні для жаркі і запякання дазволяць гатаваць хутка нават самыя вышуканыя стравы.

Закрывацца кафэ будзе ў 2.00 ночы, калі сыходзяць апошнія цягнікі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Шматразовыя лампадкі і шалупіна замест фарбавальніка. Тры спосабы скараціць экаслед на Радаўніцу

Штучныя кветкі на магілах доўга раскладаюцца і вылучаюць таксіны. Іх лепш замяніць жывымі кветкамі. Яйкі…

8 мая 2024

«Усё, што заўгодна, каб выратаваць чалавечыя жыцці». Музыкі гурта Irdorath далі першае інтэрв'ю пасля вызвалення

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач далі першае інтэрв'ю пасля свайго вызвалення вясной 2023…

7 мая 2024

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024