Былы дырэктар маёнтка ў Падароску Андрэй Колас расказаў гісторыю аднаго фота каманды. Здымак зрабілі ў 2017 годзе. Праз шэсць гадоў два з пяці чалавек на здымку ў вымушанай эміграцыі, тры былі арыштаваныя на розныя тэрміны, адзін — чакае суда. Агулам супраць каманды ўзбудзілі восем крымінальных і 18 адміністратыўных спраў. Рэдакцыя Hrodna.life перадрукоўвае пост Коласа ў рубрыцы «Меркаванне».

Сёння [4 верасня 2023 — Hrodna.life] адбылося рашэнне Ваўкавыскага раённага суда па позве Ваўкавыскага аддзела культуры да Паўла Падкарытава аб скасаванні дамовы 2013 году па набыцці маёнтка Падароск.

Суд вырашыў скасаваць дамову нібы «з-за невыканання ўмовы па ўводзе аб’ектаў у гаспадарчы абарот».

Так склалася, што амаль 8 год свайго жыцця я аддаў справе аднаўлення Падароска. Мне шчыра шкада, што ўсе намаганні цэлай каманды людзей пойдуць чарговы раз прахам, бо вядома ж, што дзяржава — не эфектыўны ўласнік падобных маёнткаў.

За 8 год працы на маёнтку мы зрабілі нямала, і я зараз толькі пра тое, што не атрымаецца знішчыць ніякім камуністам. Мы ўпрыгожылі руіны стайні і зрабілі там кафэ. Мы адрэстаўравалі і адрамантавалі кузню і зрабілі там сувенірную краму. Мы пабудавалі да маёнтка новую ЛЭП (лінію электраперадач) працягласцю болей за 1,5 км. Мы зрабілі на Маёнтку сістэму каналізацыі і вадаправода (болей за 800 метраў сетак). Мы прабурылі новыя свідравіны глыбінёй амаль па 100 метраў. Мы ўратавалі браму. Дый увогуле было зроблена шмат таго, што складана знішчыць нават камуністам з іх філасофіяй «адабраць і падзяліць».

Упэўнены, што ўсё тое, што мы зрабілі, дасць падставу новым гаспадарам маёнтка праз дзясяткі гадоў з гонарам казаць: «Бачыш, а тыя з лукашэнкаўскіх „-наццатых“ былі малайцы, рабілі на стагоддзі…».

Ведаеце, што самае балючае ў гэтай гісторыі? Самае балючае тое, што нават калі зменіцца рэжым, то такія рашэнні (па сутнасці аб канфіскацыі) не будуць адмяняцца новай уладай. А ўсё таму што, сутнасць Камуністычна-КДБсцкай дзяржавы не зменіцца. Для таго, каб сутнасць дзяржавы памянялася, трэба рашучасць новых эліт і трывалая, моцная, доўгая воля актыўнай часткі народа. Прычым рашучасць і воля павінны межаваць з вар’яцкай прагай у выпадку чаго адстойваць сваё права са зброяй у руках.

На жаль, такога ў бліжэйшай перспектыве не прадбачыцца. Я, канешне, асабіста сам паспрабую дамагчыся справядлівасці ў новым беларускім судзе Новай Вольнай Беларусі, я буду праз суд дамагацца абсалютна поўнага майго апраўдання і аднаўлення маіх правоў (а дакладней, права мець зброю, балатавацца і інш). Акрамя таго, я буду дамагацца таго, каб дзяржава вярнула мне усё канфіскаванае (аргтэхніка, тэлефон, зброя, набоі і інш).

Вось гэта і будзе праверка на вшывасць нашай новай дзяржавы. І менавіта вынікі гэтай праверкі будуць вырашальнымі для мяне ў якасці адносін да новай дзяржавы, якая неўзабаве паўстане (інакш і быць не можа). Думаю, што Павел Падкарытаў таксама будзе праходзіць падобны шлях.

На фота наша каманда ў 2017 годзе. 5 чалавек, якія аднаўляюць жыццё на Маёнтку Падароск. Тады ніхто б і не падумаў, што ў 2023 годзе 2 чалавекі з іх будзе ў вымушанай эміграцыі, 3 чалавекі будуць арыштаваныя на розныя тэрміны, адзін будзе пад падпіскай чакаць суда, супраць гэтай каманды (людзей на фатаздымку) будзе заведена агулам 8 крымінальных і 18 адміністратыўных спраў. І ўсё гэта за тое, што яны не пабаяліся адкрыта і сумленна выконваць працу па аднаўленні Маёнтка, ствараць музей Беларускай шляхты, праслаўляць Беларушчыну і проста звацца людзьмі.

Я хачу яшчэ раз падзякаваць тым сотням людзей, якія дапамагалі нам будаваць Маёнтак Падароск. Шчыры дзякуй. Усё было не дарма.

Чытайце таксама: