Спадчына

Паганскі Гродна: пяць тэзісаў ад прафесара Краўцэвіча

Сустрэча з гісторыкам Алесем Краўцэвічам прайшла 1 лістапада ў этнакраме «Цудоўня». Hrodna.life запісаў пяць цікавых фрагментаў з выступу госця.

Паганства як піяр-крок

Навукоўцы актыўна выкарыстоўваюць паганства ў якасці піяр-ходу. Гадоў 10 таму ў «Нашай ніве» былі аб’явы-заклікі паўдзельнічаць валанцёрам у раскопках «паганскага капішча» на Наваградчыне. Я тым летам з сям’ёй адпачываў акурат у тых ваколіцах і вырашыў завітаць да свайго калегі Эдуарда Зайкоўскага. Уздымаюся на ўзгорак — а там пляцоўка 100 на 100 метраў. Дзе ж вы бачылі такое капішча — мае быць максімум метраў 20−30 у дыяметры! Цяжка загітаваць проста на раскопкі, а вось на даследванне капішча заўжды забяспечанае трывалае паломніцтва дабраахвотнікаў.

Талерантнае Панёманне

Паўночнае Панёманне разам з усім цяперашнім памежжам з Літвой з’яўляецца адным з кавалкаў той тэрыторыі, якая апошняй ва ўсёй Еўропе прыняла хрысціянства. Размова ідзе пра хрышчэнне Літвы ў канцы XIV ст. — ажно на чатыры стагоддзі пазней за сваіх суседзяў!

Традыцыі талерантнасці хіба самыя моцныя на Панёманні з усёй Беларусі. Бо калі ў нашых гарадах з’яўляліся князі-язычнікі, як Міндаўг у Наваградку, яны не мелі абавязку прымаць хрысціянства — тут была моцная традыцыя сужыцця з язычніцтвам. Чаго не сказаць аб старых хрысціянскіх цэнтрах такіх як Полацк ці Віцебск.

Гродна заснавалі паганцы

Наваградак, Ваўкавыск і Гродна закладзеныя праўдападобна ў канцы Х ст. падчас славянскай каланізацыі, выкліканай хваляй гвалтоўнай хрысціянізацыі. Але ў культурных пластах гарадоў Панёмання не знойдзеныя рэчы хрысціянскага культу раней за сярэдзіну ХІ ст. А значыць, цягам як мінімум паловы стагоддзя ў гэтых гарадах жылі не хрысціяне.

Дзе былі паганскія могілкі

Ніякіх слядоў язычніцкага культу ля Барысаглебскай царквы падчас раскопак мы не выявілі. Ну можа толькі ўскосныя, як, напрыклад, схільнасць да росту ліствовых дрэваў на Каложскім плато — што ўласна і зараз вельмі выразна праяўляецца.

А яшчэ на пляцоўцы ля муру царквы падчас апошніх археалагічных даследванняў знайшлі гіганцкі камень, які пазней выкарысталі для помніка Давыду Гарадзенскаму. Асабіста я ніколі ў ваколіцах Гродна не сустракаў такіх памераў валуна. Камень быў глыбока закапаны ў грунце — хто ж яго мог закапаць, як не манахі ў змаганні з адвечнай верай?

Багатае дэкараванне паліхроміяй фасадаў Барысаглебскай царквы з’яўляецца выразнай асаблівасцю, якая вылучае асобную гарадзенскую школу дойлідства. Некаторыя даследнікі лічаць ужо нават саму практыку такога ўпрыгожванне экстэр’ера храмаў ускосным сведчаннем пераемнасці ад мастацкіх схільнасцяў паганства.

Раскопкі ля Каложы выявілі шэраг пахаванняў - хрысціянскіх. Але вось ля сценаў «Ніжняй» царквы на замку падчас раскопак сярэдзіны ХХ ст. было знойдзенае пахаванне з балцкім інвентаром — мажліва, нябожчык быў яшчэ паганцам.

Старажытным і мажліва яшчэ паганскім месцам пахавання было месца, якое ў сярэднявеччы называлі «Курганам». Знаходзіўся гэты курган, а хутчэй за ўсё гарадскі курганны могільнік, недзе ў раёне старых ваданапорных вежаў ці Скідзельскага рынка. Мажліва, гэта месца незваротна было знішчанае ў сярэдзіне ХІХ ст. капаннем глыбокага яру пры пракладанні чыгункі.

Пытанне ў тым, што язычнікі пераважна выкарыстоўвалі целаспаленне, таму нават калі і былі яшчэ недзе на тэрыторыі горада паганскія могілкі, археолагам вельмі цяжка іх выявіць.

Язычніцкае ў архітэктуры

Помнікі класіцызму і нэакласіцызму (сталінскага ампіру) — наўпростае перайманне архітэктуры паганскіх Грэцыі і Рыму. Палац Максімовіча на вуліцы Ажэшкі, Новы Замак — чым не храмы антычнасці?

Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла…

17 мая 2024

Першая сусветная ў Крэўскім замку, вогненны фэст у Лідзе. Што будзе на Ноч музеяў 2024 у Гродзенскай вобласці: праграма

Сёлета на міжнародную акцыю Ноч музеяў у Лідзе рыхтуюць вогненны вечар, а ў сядзібе-музеі Агінскіх…

15 мая 2024

«Разумею, што магу камусьці дапамагчы». Як у Польшчы ўладкавана донарства яйцаклетак

Калі ў вас добры запас яйцаклетак для апладнення, вы можаце дапамагчы зацяжарыць іншым дзяўчатам, якім…

15 мая 2024

«Стаім у чарзе з вясны 2023 года». Беларусы спрабуюць прышчапіцца ад ВПЧ, але вакцыны няма

Доступ да прышчэпкі ад віруса папіломы чалавека можа выратаваць многіх жанчын ад анкалогіі. У Беларусі…

14 мая 2024

Як атрымаць задавальненне і папулярызаваць беларускую мову размовамі пра гісторыю і сэкс — расказала журналістка з Гродна

Калі ў 2021 годзе некаторыя плакалі ад горычы паразы ці збіралі з аскепкаў разбітага “я”…

14 мая 2024

Хворы выкінуўся праз акно, скарга на асенізатараў, гадавіна смерці Ажэшкі: чым жыў Гродна 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з мясцовай газеты…

12 мая 2024