Спадчына

Вялікі патоп на Нёмане: як затапіла Гродна ў красавіку 1958 года

Самая вялікая паводка ў гісторыі Гродна адбылася вясной 1958 года. Нёман падняўся на 8 метраў - гэта вышэй за набярэжную на 6 метраў. Па рацэ ў цэнтры горада плылі крыгі з хлявамі і жывёламі, быў затоплены піўзавод і ўсе дамы, якія знаходзіліся на набярэжных Нёмана. Hrodna.life прапануе ўспомніць той падступны красавік 1958 года. З тых падзей захавалася шмат здымкаў і ўспамінаў. Падрабязна пра патоп пісалі краязнаўцы Віктар Саяпін і Аляксандр Яршоў у кнізе «Гродненские наводнения в воспоминаниях и фотографиях».

Набярэжная Нёмана
Прычыны шматлікіх паводак у гісторыі Гродна — не толькі вясновае раставанне снягоў, але і, напрыклад, моцныя залевы і навальніцы. Папярэднікамі патопу 1958 года былі паводкі XIX стагоддзя, у выніку якіх абвалілася частка Каложы, а таксама паводка 1931 года. Тады ўзровень вады ў Нёмане падняўся на 6 метраў і 18 сантыметраў. Віктар Саяпін пісаў, што ў 1958 годзе нічога не прадвяшчала надзвычайнай сітуацыі. Зімой снегу выпала не больш, чым у папярэднія гады.

Аляксандр Яршоў, у час паводкі - 10 гадоў:

Я быў маленькім, але паводку вельмі добра памятаю. Мне здаецца, усё адбылося 1 красавіка, бо тады ўсё яшчэ жартавалі. Зіма была зацяжная і напярэдадні ноччу выпаў моцны снег. Яго было столькі - проста жах. А раніцай дала адліга і ўсё стала хутка раставаць. Уся гэтая вада з горада і палёў ішла ў Нёман, плюс там яшчэ крыгі былі. І тады пачаўся патоп.

Від на затоплены рачны вакзал
Від на тонкасуконны камбінат
Каля лесапільні, памятаю, ваенныя на сваіх амфібіях здымалі свінню з крыгі. Некаторыя людзі былi на дахах сваіх дамоў і чакалі вайскоўцаў. Рака тады разлілася і на тэрыторыю піўзавода. Бочкі з дошкамі ды іншае патрапіла ў Нёман. На паводку людзі натоўпамі прыходзілі глядзець: на самых лепшых кропках не было месцаў, каб паглядзець.
Піўзавод у вадзе
Тады выйшаў з берагоў не толькі Нёман, але і Гараднiчанка. Людзі, якія жылі побач, распавядалі, што прачыналіся раніцай, а на падлозе ўжо была вада. У некаторых наогул хаты адплылі.
Стары мост
На Старым масту

Януш Парулiс, было 17 гадоў:

У красавіку было шмат снегу, а потым усё растала і атрымаўся патоп. Тады па Нёмане плылі розныя адрыны, а ад дамоў, якія знаходзіліся каля Гараднічанкі, з вады тырчалі толькі коміны. Памятаю яшчэ, што па рацэ на бярвёнах плылі куры і пеўні, дзесьці нават і парасяты былі. А на піўзаводзе плавалі бочкі.

Гараднічанка. Затопленыя дамы
Нешта я мог назіраць са Старога моста, які ад вялікай колькасці вады вельмі хістала. Гул быў моцны, было страшна стаяць на масту. Такiя паводкi ў Гродне бываюць вельмі і вельмі рэдка, і людзі натоўпамі хадзілі, каб паглядзець на ўсё гэта.

Алесь Госцеў, было 10 гадоў:

Мне тады было мала гадоў і я сёе-тое памятаю. Толькі цяпер ужо амаль немагчыма вылучыць, што я бачыў сам, што распавядалі вакол адразу па гарачых слядах, а што напластавалася за гэтыя 60 гадоў. У 1958 годзе я жыў на вуліцы Студэнцкай і добра памятаю, як у гэтым месцы разлілася Гараднічанка і падмыла адрыны. Тады казалі, што ў гэтым месцы нехта з лодкі вылавіў шэсць шчупакоў.

Гараднічанка і чалавек на даху дома
На лодцы па Гараднічанцы
Перад паводкай выпала вельмі шмат снегу, незвычайна шмат. Вядомы гродзенскі калекцыянер Аляксандр Рымарчук напярэдаднi 1 красавіка сфатаграфаваў баскетбольнае кальцо ў сябе ў двары: на гэтым кальцы снег узвышаўся прыкладна на метр. Раніцай 1 красавіка ўсё гэта багацце снежнае стала імкліва змяншацца. Мабыць, у вярхоўях Нёмана снегу было яшчэ больш. Так усё і пачалося. Па Нёмане тады яшчэ доўга плылі крыгі.
Гараднічанка

Іван Радзівон, было 11 гадоў:

Зімы былі раней снежныя, не тое што цяпер. Але ў 1958 годзе снег выпаў у красавіку. Хуткая адлiга дала паводку амаль на ўвесь месяц. Цікавае відовішча было. Тады па Нёмане хаты плавалі. Напэўна, аж з Мастоў іх цягнула. На даху аднаго з дамоў я бачыў нават пеўня.

На лесвіцы кахання
Набярэжныя з двух бакоў Нёмана былі цалкам затопленыя. Людзі распавядалі, што пасля патопу, калі вярталіся дадому, сустракалі там баброў, якія ўжо паспелі пагрызці мэблю, былі выпадкі і з самамі. А «Ванючка» [так называлі Гараднічанку ў савецкі час — рэд.] у горадзе так расцяклася, што мы з хлопцамі цэнтравымі на платах плавалі.
На лодцы па Гараднічанцы
Праз нейкі час ратаваць людзей у дамах прыехалі салдаты на сваіх лёгкіх амфібіях. Дык іх саміх прыйшлося неяк вылоўліваць недзе ля Пышкоў, такая плынь была моцная. Вада ў горадзе трымалася доўга, але пасля пачала адступаць. Да канца красавіка вада ў Нёмане адступіла, але пры гэтым прынесла значныя разбурэнні ў горадзе. Людзі сталі вяртацца ў свае дамы і высушваць іх. У кагосьці атрымалася, а камусьці давялося пакінуць хату і пераехаць у іншае месца.

Чытайце таксама, як сёння жыве гродзенка ў доме, які ў 1958 годзе цалкам затапіла і ледзь не змыла ў Нёман.

Фота з калекцый Віктара Саяпіна, Аляксандра Яршова і сайта oldgrodno.by

Стары мост
Рачны вакзал
Від на Гараднічанку
Праванабярэжная
Выгляд з Замкавай гары
Затопленая прыстань
Затоплены піўзавод
Леванабярэжная
Стары мост
Стары мост
Выгляд на левы бераг
Уваход на рачны вакзал

Падзяліцца

Апошнія запісы

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024