Маладыя людзі ў верасні вырашылі схадзіць у лес з намётамі. Убачылі лясны пажар і паведамілі пра гэта ў МНС. Раніцай да іх прыйшла міліцыя, і наступны дзень яны правялі ў РАУСе. Там іх пратрымалі 10 гадзін, задавалі асабістыя пытанні, забралі тэлефоны, білі па вушах і пагражалі праблемамі з вучобай, каб вымусіць прызнацца ў падпале. Пазней вінаватых знайшлі, але выбачацца ці падзякаваць за аператыўную інфармацыю міліцыянеры не палічылі патрэбным. УУС сітуацыю не каментуе.

— Мы з сябрамі вырашылі пайсці 1 верасня ў лес, узялі з сабой намёты, спальнікі і хацелі пераначаваць у лесе. Нас было пяцёра. Тры чалавекі чакалі ва ўмоўленым месцы. Мы з сябрам павінны былі падыйсці пазней. Па меры прыбліжэння да месца збору мы ўбачылі, што лес гарыць, — расказвае Варвара, якая была там з сябрамі.

Пад’ехаўшы да сяброў, маладыя людзі выклікалі МНС, сабралі рэчы і пайшлі насустрач. Па дарозе яны сустрэлі супрацоўнікаў міліцыі, якія прыехалі першымі. Міліцыянты запісалі дадзеныя чалавека, з тэлефона якога выклікалі МНС, і паехалі далей. Праз некаторы час пад’ехалі пажарныя і хуткая дапамога. Сябры пайшлі дамоў да аднаго з іх. Пазней выявілася, што ў лесе гарэў экскаватар.

На наступны дзень, 2 верасня, каля 6.00 дадому да аднаго з маладых людзей прыехала міліцыя і папрасіла ўсіх паехаць з імі ў Ленінскі РАУС на допыт. «Першапачаткова сказалі: мы вас апытаем за 15 хвілін, адпусцім і прывязем назад дамоў. Мы адмаўляліся і прасілі зрабіць апытанне на месцы. Мы ж нічога не ведалі: прыйшлі, а лес гарыць». Але міліцыя патрабавала паехаць з імі, і маладыя людзі згадзіліся.

«Мужыку 40 гадоў, а яго вельмі цікавіла маё асабістае жыццё»

Спачатку іх завязлі ў лес на тое месца, дзе быў пажар. «Яны (міліцыянты) дасталі тэлефоны, пафоткалі світанак, пахадзілі кругамі і паехалі назад. Гэта заняло хвілін 40», — расказвае Варвара.

Сябры пайшлі ў лес, а трапілі ў РАУС, дзе іх пратрымалі 10 гадзін
Фота прадастаўлена гераіняй матэрыяла
Каля сёмай рана іх прывезлі ў аддзяленне. Аднаго з пяці чалавек, які мае экаанархічные погляды, ізалявалі ад усіх і завялі ў іншае крыло будынка. Першай апытвалі Варвару, астатнія чакалі каля кабінету. Ніхто з супрацоўнікаў не прадставіўся і не сказаў, у якім статусе знаходзяцца маладыя людзі. Калі яны запытвалі пра свой статус, ім адказвалі: «Ты тут ніхто». Калі прасілі прадставіцца, ігнаравалі. А бэйджыкі з імем хавалі ў кішэню.

— Мяне пачалі дапытваць. Адразу ціск, пагрозы, домыслы, — узгадвае Варвара. — Пытаў, што я ведаю пра пажар. Ён проста быў, я яго бачыла — вось усё, што я ведаю. Потым пачаліся пытанні асабістага характара: з кім я камунікую, з кім я сплю. Мужыку 40 гадоў, а яго вельмі цікавіла маё асабістае жыццё. Гэта было вельмі непрыемна і ціснула маральна.

У Варвары пыталі асабістыя дадзеныя. Калі даведаліся, што яна вучыцца ў ГрДУ, сказалі нічога не замоўчваць, бо будуць праблемы з вучобай. Супрацоўнік, які яе апытваў, не прадставіўся. Варвара змагла ідэнтыфікаваць яго асобу толькі па дыпломам на сцяне ў кабінеце. Гэта быў старшы лейтэнант Артур Марэцкі. Падчас допыту ён некалькі разоў сыходзіў з кабінета хвілін на 20, пасля чаго і апытанне зацягвалася.

«У адной дзяўчынкі былі «тунэлі» ў вушах. Пры ўваходзе і выхадзе з кабінета супрацоўнік балюча пстрыкаў яе па «тунэлям»

Падчас допыту выявілася, што сярод сяброў ёсць грамадзянін Расіі і грамадзянка Украіны. «Гэта спарадзіла кучу домыслаў і пытанняў. Пыталіся, адкуль мы іх ведаем, чаму мы з імі таварышуем, хто яны і што робяць у Беларусі. Спрабавалі распаліць недавер да іх: «А раптам гэта яны былі?"Я ўпэўнена ў сваіх сябрах. І ўсё гэта суправаджалася матам. Я напэўна ў жыцці столькі мата не чула, як у міліцыі», — расказвае Варвара.

Допыт цягнуўся каля гадзіны. Пасля допыту Варвару выпусцілі на калідор і сказалі чакаць. Колькі, не ўдакладнілі.

Падобнаму ціску падверглі і іншых маладых людзей. «У адной дзяўчынкі былі „тунэлі“ ў вушах. Пры ўваходзе і выхадзе з кабінета супрацоўнік балюча пстрыкаў яе па „тунэлям“. Яна казала, што ёй непрыемна. А яе пыталі, навошта ёй падстаўкі для патэльняў у вушах», — кажа Варвара. Хлопца, якога адвялі ў іншае крыло, прама абвінавачвалі ў падпале экскаватара. Пыталі пра асабістае жыццё і значэнне татуіровак. Абвінавачвалі ў акцыях, пра якія ён не ведаў. Хлопца з Расіі пыталі пра перакананні і асабістае жыццё.

У туалет хадзілі ў суправаджэнні супрацоўнікаў, есці і піць не дазвалялі

Каля 10 раніцы адзін з супрацоўнікаў сказаў, што прыехала начальства, і забраў у маладых людзей тэлефоны. У грамадзян іншых краін — пашпарты. Калі рабяты адмаўляліся, ім пагражалі «суткамі». У туалет дазвалялі хадзіць толькі ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі, есці і піць не дазвалялі.

апытанні пад пратакол скончыліся да 9 раніцы. Пазней маладзёнаў трымалі ў будынку без тлумачэння прычынаў. На пытанні, колькі ім яшчэ сядзець, адказвалі: пачакайце, зараз скончыцца. Тэлефоны не вярталі, у сувязі з роднымі ці адвакатам адмаўлялі. Спусціцца да дзяжурнага на першы паверх і адтуль паведаміць бацькам, дзе яны знаходзяцца, таксама не дазвалялі. Марэцкі, які дапытваў Варвару і ў кабінеце якога былі ўсе тэлефоны, выходзіў з кабінета праз чорны ход, каб лішні раз не сустракацца з імі. А потым увогуле сказаў, што ў яго «адсыпны» і сыйшоў дамоў, зачыніўшы кабінет на ключ.

Праз пэўны час допыты пачаліся па новаму кругу. «Зайшла, машынальна скрыжавала рукі, што выклікала хвалю крыку: «Як стаіш, рукі па швах!». Потым Варвары далі тэлефон і яна патэлефанавала бацькам.

У РАУСе трымалі з 7.00 да 18.00

Ужо вечарам у маладых людзей пад пагрозамі узялі адбіткі пальцаў і ДНК. «Доўга шукалі чалавека, які ўмее гэта рабіць. Хтосьці ў адпачынку, кагосьці няма. Вельмі няўмела гэта рабілі. Каб узяць біяматэрыял — кавалак пазногця — далі вялізныя тупыя канцылярскія нажніцы. Сказалі: «Не падабаецца — выдзірайце пазногаць!», — кажа Варвара.

Каля 18.00 грамадзян Беларусі адпусцілі. Грамадзян з іншых краін павезлі на паліграф, дзе задавалі пытанні, не звязаныя з пажарам: пра дзейнасць у Беларусі і асабістае жыццё. Іх выпусцілі толькі каля 19.00. Копіі пратаколаў маладыя людзі не атрымалі, хоць і прасілі.

Раней абвінавачаныя, цяпер — сведкі

3 верасня з’явіўся тэкст ад УУС Гродзенскага аблвыканкама, дзе сказана, што экскаватар пашкодзіў 37-гадовы гродзенец. «Полымя ўбачыла кампанія маладых людзей, якая адпачывала побач, яны і паведамілі аб пажары», — гаворыцца пра сяброў Варвары ў тэксце.

У дачыненні да гродзенца была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «хуліганства». Зараз справай займаецца Следчы камітэт, Варвара праходзіць як сведка. Наконт падзей верасня і затрымання сябры раіліся з праваабаронцамі з арганізацыі «Вясна».

— Як патлумачылі праваабаронцы, ДНК і адбіткі пальцаў пад пагрозамі былі ўзяты з-за поглядаў аднаго з рабят. Ён анархіст, чамусьці і нас запісалі ў гэтыя шэрагі, — кажа Варвара.

Атрымаць каментар у Ленінскім РАУСе пакуль не атрымалася.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]