Здароўе і спорт

Да 18 выклікаў на дзень. Як змянілася работа ўрача ў паліклініцы праз каранавірус

Новыя рэкамендацыі і пастановы для медыкаў з’яўляюцца амаль кожны дзень. Дзесьці іх выконваюць, дзесьці не. Што на самой справе адбываецца ў гродзенскіх паліклініках і як пры гэтым працаваць, Hrodna.life распавяла лекарка агульнай практыкі адной з іх.

— Спачатку было страшна. Мала інфармацыі, некаторыя баяліся за сям’ю. Зараз супакоіліся, у пазапланавы адпачынак ніхто не пайшоў. Хоць ёсць асцярогі, што мы можам быць проста пераносчыкамі. У нас жа пастаянны кантакт з інфекцыямі, мы досыць устойлівыя і можам хварэць у лёгкай форме, ці не хварэць наогул, але быць пераносчыкамі. Я магу адчуваць сябе добра, быць у масцы — але яна не абараняе цалкам.

Сустрэнуць на ўваходзе

У паліклініцы на ўваходзе стаяць супрацоўнікі, якія пытаюцца, навошта чалавек прыйшоў, цеплавізарам мераюць тэмпературу, калі яна ёсць, адпраўляюць праз асобны ўваход у кабінет інфекцыяніста.

— Калі апынецца, што чалавек прыехаў з нейкай неспрыяльнай краіны, якімі ўжо з’яўляюцца ўсе, і нават Віцебск, — аглядаюць і вырашаюць: альбо адкрываюць бальнічны, альбо выклікаюць хуткую і вязуць у інфекцыёнку.

Калі чалавек прыйшоў выпісаць рэцэпт, то яго дадзеныя запісваюць, пазначаюць выклік на дом і адпраўляюць дадому.

«Мне толькі рэцэпт выпісаць»

— Выпіска рэцэптаў зараз ідзе дома. Льготныя патрабуюць пацвярджэння, сам рэцэпт на паперы. Таму мы тэлефануем людзям, пытаем, што ім трэба. Каб менш кантактаваць, стараемся кінуць бланк у паштовую скрыню. Звычайны, няльготны, мы можам выпісаць праз камп’ютарную сістэму на картку «Фармацыя» [картка, якая выдаецца ў паліклініцы, на яе можна запісваць электонные рэцэпты, таксама яна дае зніжку ў дзяржаўных аптэках — рэд.], практычна ва ўсіх яны ёсць. Калі варыянт купіць лекі ў сетцы «Фармацыя» не задавальняе, таксама выпісваем папяровы рэцэпт і кідаем у паштовую скрыню. Нам дазволілі так рабіць, каб паменшыць кантакт з патэнцыйна здаровымі людзьмі, якім трэба проста падоўжыць лячэнне.

Куды трапляюць анкеты з мяжы

Людзі, якія ўязджаюць у Беларусь, на мяжы запаўняюць анкету, дзе пазначаюць месца жыхарства і кантактныя тэлефоны. Гэтыя звесткі рассылаюцца па раённых паліклініках, там іх перадаюць лекарам паводле ўчасткаў. Назіранне павінна доўжыцца 14 дзён ад даты прыбыцця.

— Раней у першы, пяты, сёмы і чатырнаццаты дзень мы бралі ў іх мазкі, але тыдні паўтара таму перасталі. У гэтыя кантрольныя дні мы павінны наведваць іх дома. У астатнія дні - стэлефаноўвацца па тэлефоне, пытацца, ці выконваюць яны каранцін. Але ў першы дзень іх агледзець практычна немагчыма, звесткі ж толькі прыйшлі. Дадзеныя трэба падаваць да абеду, таму ў першай палове дня лекары тэлефануюць, пытаюцца, ці выконваюць людзі каранцін, папярэджваюць, што калі з’явіцца высокая тэмпература, трэба не ісці ў паліклініку, а выклікаць хуткую ці лекара на дом.

Пакуль каранціну няма, і ўсё гэта мае рэкамендацыйны характар.

На мінулым тыдні рэкамендацыі па працы мяняліся кожны дзень. Працаваць так — вельмі цяжка, прызнаецца лекарка.

Як абаронены лекары і чаму правяраюць цеплавізарам

— На прыёме лекары сядзяць у масках і ў пальчатках. Маскі выдаюць марлевыя, апрацоўваем іх не самі. Хто захацеў - купіў сабе рэспіратар.

Пасля прыходу на працу ўсім мераюць тэмпературу цеплавізарам. «Ва ўмовах патоку людзей ён хутка паказвае тэмпературу: не будзеш жа раздаваць усім тэрмометры, нават электронныя — іх трэба апрацоўваць. Ды і на колькасць людзей, якія наведваюць паліклініку, іх сапраўды не набярэш. Нават з хібнасцю — цеплавізар зручней».

Медыкі ва ўзросце могуць сыходзіць у адпачынак за свой кошт. У некаторых установах яны так і робяць.

Працоўны дзень вырас на дзве гадзіны

Нагрузка стала больш — пакуль што за кошт выклікаў для выпіскі рэцэптаў і кантролю самаізаляцыі.

Людзі могуць патэлефанаваць у рэгістратуру, пакінуць заяўку на выпіску рэцэпту і тэлефон. Гэта тычыцца не толькі пажылых, але і людзей працаздольнага ўзросту.

«Я стэлефаноўваюся з імі, удакладняю, што трэба. Калі раней выклікаў магло быць чатыры,
то цяпер — больш за дзесяць, на днях было 18. Астатнія прычыны, вядома, не зніклі - баліць сэрца, ціск. Калі шмат выклікаў, працоўны дзень атрымліваецца большым на гадзіны дзве».


Чытайце таксама: Хуже России и Украины: как коронавирус раcпространяется в Беларуси и соседних странах


Тых, за кім назіраюць дома (удзельнікаў вайны, інвалідаў першай групы), абтэлефаноўваюць загадзя. Разносіць рэцэпты дапамагаюць участковыя медсёстры, памочнікі ўрача.

Час, адведзены для прыёму, скарацілі з пяці да чатырох гадзін, а рэцэпты выпісваюць у зэканомленую гадзіну, каб людзі не чакалі ў калідоры. Вузкія спецыялісты прымаюць, як і раней,
калі захварэла вуха — можна смела ісці да лора. Ніякіх даплат работнікам паліклінік пакуль не абяцалі. Праўда, лекарка заўважыла, што ў людзей з’явілася больш павагі да яе прафесіі.

Дык што ж будзе, калі звярнуцца

Высокай лічаць тэмпературу ад 38, тады трэба выклікаць хуткую ці лекара на дом. «У нас просяць паведамляць, ці выязджаў такі чалавек за мяжу ў апошнія два тыдні. Мы пытаем пра гэта нават пры выкліку для рэцэпту, каб я ведала, як туды ісці, больш засцерагацца». Калі ў чалавека не было кантактаў з хворымі, ён не прыехаў з-за мяжы, хуткая можа збіць тэмпературу і перадаць зварот участковаму тэрапеўту. Ён на наступны дзень агледзіць і прызначыць лячэнне.

— Усе выяўленыя пнеўманіі мы шпіталізуем, дома не лечым. Мы не можам ведаць іх прыроду, у паліклініцы няма тэст-сістэм. Быў выпадак, кантактная жанчына выклікала тэрапеўта — у яе паднялася тэмпература. А лекар выклікала хуткую, паведаміўшы, што чалавек з’яўляецца назіраным па каранавірусу. Хоць тэарэтычна правільна было б пайсці да яе, агледзець і тады вырашаць. Але як мы можам высветліць, гэта каранавірус ці грып? Так зрабілі, каб не станавіцца крыніцай заражэння самому, хоць не павінны былі. У інфекцыёнцы ўзялі мазок, тэст быў адмоўным і яе адправілі назад дадому. У старэйшага ўзросту бываюць схаваныя формы пнеўманіі з невысокай тэмпературай, у маладых часцей арганізм змагаецца.


Чытайце таксама:

«Я давно был готов». Почему гродненец ходит по городу в противогазе

У нас нет проблем? Как белорус бежал домой с Мальты и пожалел об этом

Падзяліцца

Апошнія запісы

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024

Бойка артыстаў на сцэне, добраўпарадкаванне Швейцарскай даліны, святкаванне Дня канстытуцыі - што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае пераказваць, што пра жыццё ў Гродне пісала мясцовая газета "Echo…

28 красавіка 2024

Былое чыгуначнае дэпо і яшчэ тры бізнес-цэнтры пад ключ, якія можна купіць у Гродне

У Гродне можна купіць некалькі бізнес-цэнтраў, запоўненых арандатарамі. Сярод іх - былое чыгуначнае дэпо пачатку…

25 красавіка 2024

Свяцкі скарб, зніклы шпіц і іншыя гісторыі з Гродна 100 гадоў таму: пра што пісала мясцовая прэса ў 1924

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Даведацца пра падзеі і клопаты штодзённасці можна са…

21 красавіка 2024

Скрадзеныя куры, рыбакі-тапельцы, вяртанне каштоўнасцяў з Расіі: якім быў Гродна 100 гадоў таму — у матэрыялах мясцовай прэсы

Як выглядала жыццё ў Гродне стагоддзе таму? Пра што пісалі тагачасныя журналісты і што чыталі…

13 красавіка 2024