Зараз Ганне 39. Яна працуе прадаўцом. Яе сыну — 14. Ужо пяць гадоў яны здымаюць жытло. Кватэра, на якую іх сям’я ўзяла крэдыт, аформлена на былога мужа Ганны. Зараз жанчына не мае на яе ніякіх правоў. «Пакуль ёсць мая зарплата і аліменты, на арэнду хапае. Як будзе далей — не ведаю». Для Hrodna.life Ганна распавяла, як гісторыя кахання скончылася «расчараваннем, сапсаванымі гадамі жыцця, зламанай псіхікай і стратай уласнага жылля».

«Развядёнкі» — серыя матэрыялаў Hrodna.life пра тое, чаму жанчыны ідуць на развод і як пераадольваюць складанасці сітуацыі. Усе гісторыі - сапраўдныя, і адбыліся ў Гродне. Усе імёны гераінь змененыя.

Марыла быць за каменнай сцяной

Ганна пазнаёмілася з будучым мужам у інтэрнэце. Ён быў вайскоўцам і падаўся Ганне моцным і надзейным. Такім, за якім як за каменнай сцяной.

“Думала, гэта каханне ўсяго майго жыцця. Аказалася - поўны крах". Гісторыя Ганны, якая пасля разводу засталася з дзіцем, але без жылля
«Думала — гэта каханне ўсяго майго жыцця», — прызналася Ганна Hrodna.life

«Замужам я была з 2005 года. Мы жылі ў кватэры майго бацькі. Кватэра была непрыватызаваная, аднапакаёвая. Там былі прапісаныя я і тата. Калі праз два гады нарадзілася дзіця, яго я таксама прапісала. Так мы пражылі дзевяць гадоў».

Па словах Ганны, адносіны ў шлюбе вельмі хутка сталі зусім не такімі, якімі былі ў цукеркава-букетным перыядзе. «Ужо ў першы год я думала пра развод. Але рэлігія не дазваляла. І муж неяк адразу ўзяў ўладу нада мной, псіхалагічна здушыў. Ён быў супраць таго, каб я сустракалася з сяброўкамі, не ўхваляў зносін сына з маімі сваякамі. Колькі ён зарабляў, я ніколі не ведала. Мне вылучаліся грошы толькі раз на месяц. На тое, каб гатаваць ежу для сям'і. Калі я казала, што грошай не хапае, муж адказваў коратка: «Ідзі і сама зарабі».

“Думала, гэта каханне ўсяго майго жыцця. Аказалася - поўны крах". Гісторыя Ганны, якая пасля разводу засталася з дзіцем, але без жылля
Вольга Вялічка, псіхолаг

«Нашы жанчыны залішне рамантызуюць сям’ю і схільныя дараваць мужчынам „да апошняга“. Збольшага гэта след вайны, на якой многія мужчыны загінулі. Тых, хто вярнуўся, бераглі і акружалі клопатам. Такая мадэль сям'і ў многіх выпадках захавалася і цяпер: жанчына „павінна“ трываць і захоўваць сям’ю не гледзячы ні на што. Мужчына — кіраўнік, „бог і цар“, яму можна ўсё. Калі не тлумачыць зараз дзецям у школе і дома, што шлюб — гэта юрыдычныя адносіны, а сям’я — сумесная праца і агульная адказнасць, сітуацыю наўрад ці атрымаецца змяніць».

«Абяцаў, што ў новай кватэры пачнем усё з чыстага аркуша»

Пра ўласную кватэру сям’я думала з вяселля. «Мы распісаліся і муж стаў у чаргу на кватэру, — распавяла Ганна. — Ён ваенны, памежнік. Ім вылучаюць жыллё хутчэй».

Калі падышла чарга, атрымалі субсідыю на двухпакаёвую кватэру. Каб узяць крэдыт, трэба было ўсёй сям’ёй прапісацца ў новым жыллі.

Ганна і сын выпісаліся з кватэры бацькі. «А праз тыдзень тата памёр, — распавяла жанчына Hrodna.life. — Там больш ніхто не быў прапісаны і татаву кватэру забрала дзяржава».

Пра адносіны з мужам яшчэ ў старой кватэры Ганна кажа коратка: «Не фантан». Распавядае, што муж даводзіў прыдзіркамі з любой нагоды. «Кожны дзень, вяртаючыся дадому, ён пачынаў крычаць на мяне: то яму „кватэра праваняла катлетамі“, то занадта холадна з-за адкрытых для ветрання вокнаў. Такое…»

“Думала, гэта каханне ўсяго майго жыцця. Аказалася - поўны крах". Гісторыя Ганны, якая пасля разводу засталася з дзіцем, але без жылля
Калі Ганна спрабавала гутарыць з ім пра сям’ю і стасункі, муж прасіў прабачэння і абяцаў, што «ў новай кватэры пачнем наноў, з чыстага аркуша, і ўсё ў нас будзе выдатна»

«Ты сама гэтага хацела»

«У кватэру мы ўкладваліся разам, — распавяла Ганна Hrodna.life. — З рамонтам дапамагалі мае сваякі. Адносіны нашы з мужам па-ранейшаму былі нацягнутымі. Калі я сказала, што думаю пра развод, ён стаў пагражаць, што ў такім выпадку забярэ ў мяне дзіця».

Так працягвалася тры гады. А потым муж заявіў Ганне, што падаў на развод і што яна павінна сысці з «яго» кватэры. На ўсе яе пытанні ён адказваў аднолькава: «Ты ж сама гэтага хацела».

“Думала, гэта каханне ўсяго майго жыцця. Аказалася - поўны крах". Гісторыя Ганны, якая пасля разводу засталася з дзіцем, але без жылля
Вольга Вялічка, псіхолаг

«Гэта прыклад аб’юзіўных адносін. Мужчына хоча забяспечыць сабе камфорт і дамагаецца гэтага метадам пугі і перніка. Спачатку крытыкуе і заціскае гайкі. Потым „даруе“, залагоджвае і абяцае — каб жонка працягвала забяспечваць яму камфорт. Бывае, што жанчыне спачатку цяжка распазнаць у гэтым гвалт. Нас вучылі, што ў сям'і трэба ўмець дараваць. Але калі гэта паўтараецца пастаянна — трэба выходзіць з такіх таксічных адносін. Калі сваіх сіл на гэта няма, трэба звяртацца па знешнюю падтрымку — да псіхолагаў, праваабаронцаў, у міліцыю»

«Да войнаў я была не гатовая»

«Я ўжо дакладна ведала, што ў яго ёсць іншая жанчына, — кажа Ганна. — Ён часта гучна размаўляў з ёй па тэлефоне. Часам было чуваць, як яна на тым канцы заліваецца смехам у адказ. Так, я думала пра развод амаль 10 гадоў. І спадзявалася, што маю права на сумесна пабудаванае жыллё. Аказалася, усё не так. „Хацела развод — валі на вуліцу“, — сказаў муж. Думаю, ён абмеркаваў сітуацыю з юрыстам, таму быў так упэўнены ў сабе. Ён смяяўся з мяне, як з наіўнай дурніцы».

Грошай на кансультацыю з юрыстам Ганне дала маці. Ён патлумачыў жанчыне, што пакуль крэдыт за кватэру не выплачаны, жыллё належыць банку. Раз крэдыт аформлены на мужа, то ўласнікам жылля таксама з’яўляецца ён. «Атрымлівалася, што за тры гады, якія там жыла, я магу прэтэндаваць па квадратуры прыкладна на туалет», — кажа Ганна.

Адвакат патлумачыў жанчыне, што выселіць яе з кватэры муж не мае права. Але — толькі таму, што яна з’яўляецца законным апекуном іх непаўнагадовага дзіцяці, а дзіця — прамы спадчыннік уладальніка кватэры. «Атрымліваецца, я магу жыць у кватэры да паўналецця сына. Але не таму, што мы атрымлівалі кватэру, як маладая сям’я. І не таму, што я ў яе таксама ўкладвалася».

“Думала, гэта каханне ўсяго майго жыцця. Аказалася - поўны крах". Гісторыя Ганны, якая пасля разводу засталася з дзіцем, але без жылля
Таксама юрыст распавёў Ганне, што калі былы муж будзе ладзіць скандалы або пагражаць, яна можа звярнуцца ў міліцыю або выклікаць участковага. Парада была своечасовай. Муж стаў дазваляць сабе грубасці. «Кожны дзень я чула, якая я нікчэмнасць і нікчэмная маці. Часта скандалы адбываліся пры дзіцяці. Да такіх войнаў я была не гатовая»

«Суд каштаваў бы 2 000 $. Я не наважылася гуляць у такую латарэю»

Ганна распавяла Hrodna.life, што, баючыся за сябе і сына, вырашыла з’ехаць з кватэры. Таксама яна падала на аліменты.

«Калі я зняла жыллё і пераехала, муж патрабаваў вярнуць ключы ад нашай кватэры. Але я ўжо ведала свае правы. Сказала яму, што гэта і мая кватэра таксама, што я магу ў любы час туды прыходзіць і ключы не вярну. Тады муж з’ехаў да сваёй новай жанчыны. Цяпер кватэра стаіць пустая».

Юрыст патлумачыў Ганне, што прэтэндаваць на частку кватэры яна зможа толькі пасля поўнай выплаты крэдыту. Для гэтага ўжо зараз трэба падзяліць крэдытныя лініі. Каб мець такую магчымасць, Ганне трэба звярнуцца ў суд. Дзяржпошліна па справе аб падзеле крэдытнай лініі складае 10% ад кошту кватэры. Па словах Ганны, ёй трэба было б заплаціць каля дзвюх тысяч долараў. «Такіх грошай у мяне не было і няма, — сказала яна Hrodna.life. — Можа, я змагла б сабраць гэтую суму. Але, як сказалі ў юркансультацыі, аплата дзяржпошліны і іншых судовых выдаткаў не ўплывае на рашэнне банка аб падзеле крэдытнай лініі. Гэта значыць, банк можа адмовіць, і тады я страчу грошы. Я не наважылася гуляць у такую латарэю».

Сын і бацька падтрымліваюць адносіны

Ганна распавяла, што сын вельмі любіць бацьку і яна не перашкаджае зносінам. Яны сустракаюцца, летам сын гасцюе ў бацькі ад тыдня да месяца. У дзень нараджэння бацька робіць яму падарункі - то тэлефон, то манітор.

Пры разводзе муж прапанаваў Ганне звяртацца па дапамогу, калі нешта будзе трэба для сына. «Аднойчы я папрасіла грошай, каб купіць сыну зімовы абутак. А муж папракнуў мяне, што я схадзіла да стаматолага. Сказаў - магла б замест гэтага купіць сыну чаравікі. Потым стаў мяне абражаць і патрабаваць справаздачы, як я распараджаюся аліментамі. Пасля гэтага я заблакавала Viber і больш з ім не маю стасункаў».

На пачатак 2022 года Ганна з сынам жывуць на здымнай кватэры пяты год. Сыну ўжо 14. Пасля паўналецця ён плануе вярнуцца жыць у пабудаваную сям’ёй кватэру. Ганна кажа, што абяцае забраць яе з сабой. «Але ў былога мужа ў новай сям'і таксама нарадзілася дзіця. Атрымліваецца, з’явіўся яшчэ адзін спадчыннік, і майму сыну прыйдзецца дзяліць гэтую кватэру з ім. Я ж фактычна засталася без жылля».

“Думала, гэта каханне ўсяго майго жыцця. Аказалася - поўны крах". Гісторыя Ганны, якая пасля разводу засталася з дзіцем, але без жылля
Вольга Вялічка, псіхолаг

«Выйсці з падобных крытычных сітуацый без стратаў цяжка. Лепш у іх не трапляць. Для гэтага трэба навучыцца дамаўляцца з партнёрам „на беразе“. У пачатку адносін не паддавацца толькі рамантычным парывам, а абмеркаваць, як будзеце паступаць, калі пачуцці астынуць і характары не сыдуцца. Варта падумаць пра шлюбныя кантракты або іншыя магчымасці замацаваць дамоўленасці натарыяльна. Я б хацела, каб у кожным ЗАГСе, падаючы заяву на заключэнне шлюбу, маладыя людзі маглі б атрымаць кансультацыю псіхолага і юрыста. Пакуль гэтага няма, варта паклапаціцца пра гэта самастойна. І маладым, і іх бацькам».