З 4 верасня з Гродзенскай вобласці паступіла больш за 40 заявак на ўступленне ў незалежныя прафсаюзы, у тым ліку калектыўных. Большасць — з Гродна, распавялі Hrodna.life у «Прафсаюз Online», ініцыятыве па інфармацыйнай дапамозе. На гродзенскіх прадпрыемствах сітуацыя складваецца па-рознаму. Напрыклад, усе работнікі гродзенскай пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт» сышлі з дзяржаўнай прафсаюзнай арганізацыі. На Conte выхады ёсць, але не масавыя. Карэспандэнт Hrodna.life даведаўся, чаму работнікі выбіраюць незалежныя прафсаюзы.

Інтэрнэт-платформа «Прафсаюз Online» працуе з 4 верасня. Яна створана для інфармацыйнай і прававой дапамогі людзям, якія вырашылі выйсці з дзяржаўнага прафсаюза, самастойна стварыць незалежны, альбо далучыцца да таго, дзе ўжо ёсць калегі.

Гэта толькі пачатак, распавяла Hrodna.life арганізатарка ініцыятывы Марына Варабей. Зараз складана дакладна назваць колькасць людзей, якія звярнуліся па кансультацыю. Заяўкі прыходзяць, ідуць у апрацоўку, сярод іх і калектыўныя.

«Мы праводзім семінары, каб растлумачыць нашым валанцёрам, як працаваць з гэтымі людзьмі і распавядаць ім пра прафсаюзы, бо ў нашай краіне незалежных прафсаюзаў ажно чатыры, — іранізуе яна. — Некаторыя з заявак — калектыўныя, калі падае адзін чалавек, але ад імя калегаў».

Ні прозвішча, ні назвы прадпрыемстваў Марына агучваць не стала для іх бяспекі. «Калі нас стане больш, мы будзем мацней», — лічыць яна. Пішуць прадстаўнікі розных прафесій — лекары, настаўнікі, інжынеры, будаўнікі.

8 верасня актывіст Яўген Дудкін перадаў у ініцыятыву заяўкі ад гродзенцаў, якія звярнуліся да яго падчас збору подпісаў за адкліканне дэпутатаў. «Мы стварылі неабходныя дакументы, алгарытмы, як дзейнічаць людзям», — патлумачыў ён.

«Не мы арганізуем для іх прафсаюз, а мы ім дапамагаем, усім, чым можам, — удакладніла Марына Варабей. — Актыўныя людзі самі арганізоўваюць прафсаюзы — на прадпрыемствах, у навучальных установах, у сябе ў кампаніях».

Выйшлі ўсёй фабрыкай

На гродзенскай пальчаткавай фабрыцы выйсці з дзяржаўнага прафсаюза вырашылі ўсё. Гэта ніяк не паўплывае на работнікаў, распавяла Hrodna.life упраўляючая «Акцэнт» Галіна Кулакоўская. Сяброўства ў прафсаюзе для супрацоўнікаў не абавязкова, сама яна таксама не сябар прафсаюза.

— Людзі проста захаваюць свае грошы, — сказала яна, маючы на ўвазе прафсаюзныя ўнёскі.

Работнікі ААТ «Гродзенская пальчаткавая фабрыка „Акцэнт“» уваходзілі ў Беларускі прафсаюз работнікаў лёгкай прамысловасці. Паводле звестак на сайце гэтай арганізацыі на 7 верасня, усяго на «Акцэнт» працуе 215 чалавек, з іх у прафсаюзе былі 193.

Рашэнне было аднагалосным, расказала eu адна з супрацоўніц «Акцэнт». «Мы падалі заяву ў Мінск на ліквідацыю нашай прафсаюзнай арганізацыі. Гэта няпросты працэс — сама ліквідацыя. Можа, рашэнне будзе прынята ў канцы верасня». Па яе словах, усе заявы напісалі на працягу двух дзён.

"Людзі проста захаваюць свае грошы". Навошта гродзенцы сыходзяць з дзяржаўных прафсаюзаў у незалежныя
На фабрыцы «Акцэнт». Фота best-guide.ru

«Я засталася адзіным членам прафсаюза і чакаю афіцыйнага паведамлення для далейшага напісання запыту, для прымацавання мяне да іншай арганізацыі, якая знаходзіцца ў афіцыйным прафсаюзе, — падзялілася з Hrodna.life іншая супрацоўніца фабрыкі. — Нягледзячы ні на што, я не планую выходзіць з шэрагаў членаў прафсаюза».

Калі праходзіў сход па выхадзк з арганізацыі, жанчына была на бальнічным, і аб усім даведалася па тэлефоне. Яна патлумачыла, што хоча заставацца ў афіцыйным прафсаюзе, бо бачыць рэальныя плюсы яго працы. «Я не лічу жыццёвай неабходнасцю пакідаць яго», — дадала яна.

Пытанне аб стварэнні незалежнага прафсаюза на фабрыцы пакуль не стаіць, бо работнікі яшчэ не канчаткова выйшлі з дзяржаўнага, патлумачыла Hrodna.life супрацоўніца фірмы «Акцэнт» Таццяна Прэснякова. На сайце прафсаюзнай арганізацыі яна адзначана як старшыня прафкама.

— Гэта не так хутка. Мы ўжо адправілі паперы, афіцыйна, і чакаем далейшых рашэнняў, — распавяла яна. — Гэта былі асабістыя рашэнні кожнага.

Conte: «Было шмат абурэнняў»

Работнікі пакідаюць дзяржаўныя прафсаюзы не на ўсіх гродзенскіх прадпрыемствах. Ала Коўшык, старшыня прафкама іншага буйнога гродзенскага прадпрыемства, СТАА «Контэ Спа», распавяла, што на апошнім сходзе выйшла 10−15 чалавек, па яе словах, гэта нармальная сітуацыя. Усяго на Conte каля 2760 работнікаў, з іх у прафсаюзе каля 2500.

Ала Коўшык перакананая, што людзі бліжэйшы час не будуць масава пакідаць арганізацыю, бо яна займаецца дапамогай бацькам школьнікаў, даплатамі на гародніну. «Так, было шмат абурэнняў, шмат усяго, але пакуль такога няма». Прафсаюз «Контэ Спа», як і прафсаюзныя арганізацыі на многіх іншых гродзенскіх прадпрыемствах, 17 жніўня накіраваў адкрыты ліст у Гродзенскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў. У ім работнікі выступілі супраць гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да беларусаў.

Адзін з работнікаў «Контэ Спа», які напісаў заяву на выхад з прафсаюзу, патлумачыў сваё рашэнне проста:

— Ліст бачыў. Сітуацыя не мяняецца.

«У нас многія людзі наогул не ўваходзяць у склад прафсаюза, гэта не абавязковая ўмова пры прыёме на працу. Я не ў прафсаюзе, таму што не бачу ў гэтым сэнсу. У нашым аддзеле ніхто цяпер спецыяльна не выходзіць са складу», — распавяла яго калега.

Прафсаюз Online для незалежных

Створаная нядаўна інтэрнэт-платформа спрашчае ўступленне ў незалежныя прафсаюзы Беларусі - дастаткова запоўніць форму на сайце blrs.online або напісаць у тэлеграм-бота. Валанцёры кампаніі абяцаюць прыехаць у любое зручнае месца і час і дапамагчы запоўніць заяву на ўступленне ў незалежны прафсаюз. На старонцы таксама ёсць кантакт гарачай лініі па ўсіх пытаннях уступлення ў незалежныя арганізацыі і выхаду з дзяржаўных прафсаюзаў.

Генадзь Быкаў, намеснік старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага, на прэзентацыі праекта сказаў, што цяпер афіцыйная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) — адзін з галоўных фальсіфікатараў выбараў. Старшыня прафсаюза — былы кіраўнік перадвыбарчага штаба Лукашэнкі. У звальненнях і ціску, якія пачаліся на прадпрыемствах, удзельнічае ў тым ліку і ФПБ, лічыць Быкаў. Да таго ж, штомесяц федэрацыя толькі з узносаў сваіх членаў атрымлівае каля $ 20 млн.